ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.​Х.​Кажура), на льнозаводзе (П.​Н.​Савінаў), цагельным з-дзе (А.​І.​Трэмба), у Горацкай МТС (С.​І.​Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.​В.​Быкаў), Добрая (Д.​Ф.​Вайстрова), Палёнка (Ф.​М.​Дзям’янаў), Тудараўка (Б.​А.​Шыманоўскі, з сак. 1942 В.​В.​Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.

М.​Ф.​Раманюк.

Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)