круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч.Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб.«Вялікі камень» 11 × 5,6 × 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.
З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл.«Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны са спец. рабочымі органамі для выканання адной або некалькіх аперацый тэхнал. працэсу меліярац. работ. Выкарыстоўваюцца для буд-ва, рамонту і догляду арашальных сістэм, асушальных сістэм, выканання аграмеліярац. работ, паліву с.-г. культур. Бываюць: бесперапыннага і цыклічнага дзеяння; з актыўнымі (ратацыйнымі, шнэкавымі, каўшовымі, камбінаванымі), пасіўнымі (плужнымі, адвальнымі) ці актыўна-пасіўнымі (ротарна-плужнымі, скрабалкава-нажавымі) рабочымі органамі; навясныя, прычапныя, паўпрычапныя, самаходныя, гусенічныя, колавыя, на лыжах, плывучыя.
Сістэма М.м. складаецца з 8 груп тэхн. сродкаў, кожная група ўключае тэхнал. комплексы. Энергетычныя, транспартныя і пагрузачныя сродкі ўключаюць: дызельныя электрастанцыі і кампрэсарныя станцыі (устаноўкі); трактары гусенічныя і колавыя, самаходныя шасі — як база для бульдозераў, рыхліцеляў, для агрэгатавання з меліярац. і с.-г. прыладамі; аўтамабілі грузавыя, седлавыя цягачы, спец. — аўтамабілі-фургоны, -цыстэрны, -змяшальнікі, цэментна-, бетона-, труба- і лесавозы, механізаваныя агрэгаты для тэхн. догляду, прычэпы; аўтамаб. і гусенічныя краны, пагрузчыкі, трубаўкладчыкі. Агульнабудаўнічыя тэхнічныя сродкі для механізацыі меліярацыйных работ: аднакаўшовыя і траншэйныя экскаватары, бульдозеры, скрэперы, аўтагрэйдэры і грэйдэры, каткі, палівачныя машыны, рыхліцелі, земснарады, машыны для буд-ва, абслугоўвання і рамонту свідравін. Машыны для будаўніцтва арашальных і асушальных сістэм: каналакапальнікі, дрэнажныя машыны, планіроўшчыкі, баразнаробы, машыны для абліцоўкі каналаў, умацавання адхонаў і інш.Машыны для культуртэхнічных работ; карчавальныя машыны, кустарэзы, каменяўборачныя машыны, драбілкі камянёў, балотныя плугі, рыхліцелі, бароны, фрэзерныя машыны, каткі палявыя і дарожныя, машыны для аэрацыі, сяўбы і інш.Машыны для догляду і рамонту арашальных і асушальных сістэм: каналаачышчальныя машыны, касілкі, дрэнапрамывачныя машыны, агрэгаты для рамонту дрэн, для догляду гідратэхн. збудаванняў і інш.Тэхніка для арашэння: дажджавальныя машыны і ўстаноўкі, камплекты кропельнага арашэння, перасоўныя агрэгатныя палівальшчыкі, гідрападкормшчыкі, прыстасаванні для ўнясення пестыцыдаў і мінер. угнаенняў, помпавыя станцыі і інш.Абсталяванне для пошукавых работ: буравыя ўстаноўкі, прыстаўкі для статычнага зандзіравання, грунтапомпы для плывунных і воданасычаных грунтоў. Ветраэнергетычныя агрэгаты і ўстаноўкі: водападымальныя ўстаноўкі, ветраагрэгаты для ўстановак пашавага водазабеспячэння, ветраэлектрычныя агрэгаты.
Прадпрыемствы Беларусі (Мазырскі завод меліярацыйных машын, эксперыментальна-вытв. прадпрыемства меліярацыі і лугаводства Беларускага НДІ, рамонтныя прадпрыемствы Беларускага дзяржаўнага канцэрна па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм) выраблялі або вырабляюць і цяпер многія М.м.: каналаачышчальнікі, каналакапальнікі, кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі, шчылінарэзныя машыны, карчавальнікі. кустарэзы, гідрасеялкі, машыны для прамыўкі дрэн, касілкі, планіроўшчыкі і інш.
Літ.:
Машины для строительства и содержания осушительных дрен. М., 1973;
Машины и оборудование для планировки откосов мелиоративных каналов. М., 1978;
Мелиоративные машины. М., 1980;
Справочник механизатора-мелиоратора. Мн., 1982;
Кондратьев В.Н. Гидравлические сеялки для укрепления каналов. М., 1988.