АХО́ВА ЖЫВЁЛ,

комплекс міжнародных, дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці відаў дзікіх жывёл (генафонду) і інш. рэсурсаў жывёльнага свету; састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі.

На Беларусі ахова жывёл рэгулюецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), Парадкам выдачы дазволаў на здабычу жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1993), адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. Заканадаўствам устаноўлены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян па захаванні аптымальнай колькасці жывёл і іх генафонду (гл. Ахова генафонду). Асаблівай аховы патрабуюць рэдкія і тыя, што знікаюць, рэліктавыя, асяроддзеўтваральныя і асяроддзефарміравальныя, гаспадарча карысныя, прамыслова- і спартыўна-паляўнічыя віды жывёл. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі (гл. Ахоўныя жывёлы). У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй аб гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на Беларусі забаронены здабыча, продаж і купля хахулі, гіганцкай вячэрніцы, сярэднееўрап. ляснога ката, зубра, скапы, змеяеда, арлана-белахвоста, беркута, сапсана, дзербніка, шулячка, звычайнай пустальгі, чорнага бусла, драфы. Ахова прамыслова- і спартыўна-паляўнічых відаў жывёл ажыццяўляецца праз ліцэнзаванне паляўнічага промыслу, правядзенне біятэхн. мерапрыемстваў, увядзенне часовых забаронаў на здабыванне (адлоў ці адстрэл) асобных відаў, арганізацыю месцаў спакою дзікіх жывёл. Колькасць прамысл. жывёл рэгулюецца Палажэннем аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і Правіламі рыбалоўства ў вадаёмах Рэспублікі Беларусь (гл. Паляўніцтва, Рыбалоўства). Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове жывёл выконваюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з далучэннем грамадскасці (гл. Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў і інш.). Адной з формаў аховы жывёл з’яўляецца таксама ўтрыманне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў у заапарках, заасадах, спецыялізаваных гадавальніках і інш.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́ННЕ,

пошук і праследаванне дзікіх звяроў і птушак дзеля здабычы; таксама адлоў іх для рассялення, для заапаркаў, цыркаў і інш. Асн. спосабы сфарміраваліся ў каменным веку. Яны падзяляюцца на актыўныя (з непасрэдным удзелам чалавека) і неактыўныя (з дапамогай самалоўных прылад і прыстасаванняў — лоўчых ям, пастак, петляў, самастрэлаў, сетак, сілаў і інш.); найб. пашыраны трапленне (пошук і выяўленне звера па слядах), падыход (падкрадванне да звера або птушкі на адлегласць стрэлу), пад’езд (набліжэнне на санях або лодцы на адлегласць стрэлу), подпуск (П. з засады; часта з выкарыстаннем прынады), аблава з нагонкай (загоншчыкі гоняць звяроў у яму або на лінію расстаўленых стралкоў), аблога (аблава з флажкамі, калі з чырв. стужкамі на шнуры абкружаюць дзялянку лесу з загадзя высачаным зверам) і інш. Для высочвання або цкавання звера часта выкарыстоўваюць паляўнічых сабак. Сучаснае П. мае спарт.-аматарскі характар. Палююць на капытных і пушных звяроў, баравую, балотную і вадаплаўную дзічыну (гл. Паляўнічыя жывёлы). Дазваляецца ў паляўнічы сезон, па пуцёўках або разавых дазволах у вылучаных для П. ўгоддзях (гл. Паляўнічая гаспадарка).

У розных народаў П. вызначаецца сукупнасцю традыц. прыёмаў і спосабаў высочвання і здабывання дзічыны, мае свае асаблівасці і залежыць ад сродкаў П. і развіцця паляўнічай зброі. На Крайняй Поўначы з глыбокай старажытнасці для П. на марскіх звяроў ужывалі гарпуны. У тундры і тайзе палявалі з сабакамі і самаловамі. У конным П. качэўнікі Азіі выкарыстоўвалі лоўчых птушак і хартовых сабак. У стэпах Еўропы, Азіі і Амерыкі палявалі з арканамі (ласо) і кідальнымі прыладамі, у некат. раёнах Інданезіі і Паўд. Амерыкі — з духавымі ружжамі, у зоне трапічных лясоў — пераважна з лукамі і дзідамі. Абарыгены Аўстраліі палявалі з кідальнымі дзідамі і бумерангамі. З канца 15 ст. пашырылася П. з агнястрэльнай зброяй.

На тэр. Беларусі ў культурных пластах стаянак позняга палеаліту трапляюцца рэшткі больш як 20 відаў звяроў (паўн. аленя, ваўка, пясца, пазней — зайца-беляка, дзікага каня і інш.). Плямёны неаліту выкарыстоўвалі для П.

лук. У малалесных раёнах палявалі на куланаў, тарпанаў, аленяў, баброў, у лясах — на дзікоў, ласёў, мядзведзяў, зайцоў; для футра здабывалі куніц, вавёрак і інш. Значную ролю адыгрывала П. на птушак, асабліва на вадаплаўных. У 10—14 ст. гал. аб’екты П. — зубр, дзік, бабёр, казуля. Для іх здабычы выкарыстоўвалі лукі, кушы, коп’і, дзіды, дроцікі, вілы, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы; пашыраным было П. пасткамі, сеткамі, петлямі, сіламі. У сярэднявеччы папулярным было П. з сабакамі і сокаламі. У 19 — пач. 20 ст. П. з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан, расамаха, собаль і інш.). Гл. таксама Паляўніцтва.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Никифоров М.Е., Козулин А.В., Сидорович В.Е. Охотничьи звери и птицы Белоруссии. Мн., 1991.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БЫ (Pisces),

падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн. г. назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр. акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн. т (з прэсных вод — каля 10 млн. т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл. Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.

Літ.:

Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;

Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;

Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;

Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;

Рыбы: Попул. энцикл. справ. Мн., 1989.

А.​М.​Петрыкаў.

Рыбы: 1 — псяфур; 2 — акула селядцовая; 3 — сабака-рыба; 4 — скат-бычанос; 5 — беларыбіца; 6 — вугор-афіхт; 7 — шэд; 8 — паўрыл акіянскі; 9 — каларынх; 10 — сом браняк; 11 — лінафрына; 12 — трыгла-прыянот амерыканскі.

т. 13, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)