КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЛЕ́ ((Michelet) Жуль) (21.8.1798, Парыж — 9.2.1874),

французскі гісторык рамантычнага кірунку. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1838). У 1834—36 праф. Сарбоны, у 1838—51 — Калеж дэ Франс. Напачатку прыхільнік ліберальнай манархіі, пазней — рэспублікі. За адказ прысягнуць Напалеону III пазбаўлены ў 1852 кафедры і пасады загадчыка гіст. секцыі Нац. архіва. Аўтар прац «Гісторыя Францыі» (т. 1—17, 1833—67), «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—7, 1847—53), «Касцюшка, дэмакратычная легенда» (1851) і інш.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМАЛІЁН,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі скульптар, цар в-ва Кіпр, які закахаўся ў выразаную ім са слановай косці статую дзяўчыны-прыгажуні Галатэі. У адказ на маленне П. багіня Афрадыта ажывіла статую. У пераносным сэнсе П. — чалавек, закаханы ў свой твор. Сюжэт «П. і Галатэя» неаднаразова выкарыстаны ў л-ры (Ж.​Ж.​Русо, Б.​Шоу і інш.) і мастацтве (Ф.​Бушэ, Э.​М.​Фальканэ і інш.).

Пігмаліён і Галатэя. Скульптар Э.​М.​Фальканэ. 1763.

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБОТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

стан тэхн. вырабу (збудавання, канструкцыі, машыны), пры якім у дадзены момант часу яго асн. параметры, што характарызуюць здольнасць вырабу выконваць зададзеныя функцыі, знаходзяцца ў межах, устаноўленых патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. З работаздольнага стану выраб можа перайсці ў неработаздольны ў выніку адказу, аварыі і інш. Адказ вырабу адбываецца ў выніку выхаду са строю яго кампанентаў, разладжвання, разрэгулявання, разбурэння канструкцыі або змены яе структуры, уздзеяння перашкод і г.д. Здольнасць чалавека выконваць работу (працаваць) наз. працаздольнасцю.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЕТАВА́ННЕ,

метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл. таксама Апытанне.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТО́РСП (ад позналац. retorsio адваротнае дзеянне),

правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, якія робяцца ў адказ на недружалюбны акт інш. дзяржавы, што паставіла ў дыскрымінацыйныя ўмовы фіз. або юрыд. асоб першай дзяржавы (напр., абмежаванне правоў іншаземцаў — грамадзян інш. дзяржавы, павелічэнне мытных пошлін гэтай дзяржавы). Мае на мэце аднаўленне прынцыпу ўзаемнасці ў адносінах адпаведных дзяржаў. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальна адпаведнымі акту, які іх выклікаў, і спыняюцца з моманту аднаўлення ранейшага становішча. Як і рэпрэсаліі, Р. не прадугледжваюць выкарыстання ўзбр. сілы.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,

папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВЯШЧА́ННЕ,

распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),

кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.​Людвіга, араторыі Г.​Ф.​Гендэля, оперы А.​Рубінштэйна і інш.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад рэ... + актыўнасць),

уласцівасць жывой сістэмы рэагаваць на ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Біял. форма адлюстравання ўключае вял. колькасць рэакцый — ад простых відаў раздражняльнасці да складаных рэфлексаў вышэйшай нерв. дзейнасці (напр., сезонныя міграцыі жывёл, алергічныя рэакцыі чалавека). Разам са спадчыннасцю, размнажэннем, ростам, антагенезам (развіццём), харчаваннем, абменам рэчываў з’яўляецца асн. уласцівасцю жыцця. Адрозніваюць Р. відавую, індывід., узроставую, імуналагічную, фізіял, (нармальную і паталагічную). Асн. прынцып Р.: характар рэакцыі жывога ў адказ на ўздзеянне раздражняльнікаў залежыць ад якасна-колькаснай характарыстыкі фактару асяроддзя і функцыян. стану субстрату, які рэагуе. Мае адаптыўнае значанне.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)