СВЕТЫЦХАВЕ́ЛІ,

сабор у г. Мцхета, помнік сярэдневяковай архітэктуры Грузіі. Пабудаваны ў 1010—29 (арх. Арсукісдзе; аднаўляўся ў пач. 15 і 17 ст.) на месцы першай у Грузіі хрысц. царквы 4 ст. Грандыёзны крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжанай восі будынак. Зах. частка падзелена на 3 нефы, над ёй — хоры. Купал утрымліваюць 4 свабодна пастаўленыя слупы. Гармоніі арх. аб’ёмаў падначалены ўрачысты рытм аркатур (на фасадзе, барабане купала) з тонкай, па-майстэрску выкананай арнаментальнай разьбой і рэльефамі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты размалёвак 16—17 ст. Пад вял. аркай легендарны 4-гранны слуп «светыцхавелі» (жыватворчы), які даў назву храму. Перад алтаром размешчаны магілы груз. цароў. У ансамблі сабора таксама вароты каталікоса Мелхіседэка 11 ст. і агароджа 18 ст. Сабор С. ўключаны ЮНЕ́СКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Грузія.

Літ.:

Памятники архитектуры Грузии. Л., 1973.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.​Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Віцебскі Варварынскі касцёл.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.

Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял. Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.

Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).

Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл. Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл. Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл. Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.

Будаўнічыя канструкцыі: а — буйнапанэльнага жылога дома (1 — сценавая панэль, 2 — панэль перакрыцця, 3 — лесвічны марш); б — прамысловага будынка (1 — падкранавая бэлька, 2 — калона, 3 — ферма перакрыцця, 4 — сценавая агароджа).

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТНІ САД у Санкт-Пецярбургу,

самы стары сад горада. Размешчаны паміж Марсавым полем і рэкамі Фантанка, Нява і Мойка. Закладзены ў 1704 (арх. Ж.​Б.​Леблон, М.​Р.​Зямцоў, І.​Матвееў, садаводы Я.​Розен, І.​Сурмін і інш.). Прызначаўся для правядзення свят, асамблей, прыёмаў; цяпер месца адпачынку. Пл. 11,5 га. Мае строга геам. планіроўку. У 1710—14 пабудаваны Летні палац Пятра I (арх. Д.​Трэзіні, з удзелам А.​Шлютэра, Н.​Мікеці, Зямцова; з 1925 гісторыка-быт. музей). Л.с. упрыгожаны мармуровай скульптурай (пераважна пач. 18 ст.; алегарычныя, міфалагічныя і партрэтныя статуі і бюсты работы П.​Бараты, Д. і П.​Грапелі, А.​Тарсіі, Дж.​Банацы і інш.). У 19 ст. пабудаваны павільёны — Кававы (1826, арх. К.​І.​Росі) і Чайны (1827, арх. Л.​І.​Шарлемань) домікі, пастаўлены помнік І.​А.​Крылову (1855, скульпт. П.​К.​Клот) з рэльефамі на тэмы яго баек (па малюнках А.​А.​Агіна). Ад Нявы Л.с. аддзяляе металічная агароджа (1771—84, арх. Ю.​М.​Фельтэн, П.​Ягораў).

Літ.:

Семенникова Н.В. Летний сад. Л., 1978.

Скульптурная кампазіцыя ў Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу.
Кававы домік у Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу. 1826. Арх. К.​Росі.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР,

помнік архітэктуры 18—20 ст. у Мінску. У пач. 18 ст. існаваў як комплекс мураваных 2- і 3-павярховых будынкаў у цэнтры Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды) насупраць ратушы; С-падобны ў плане. У канцы 18 ст. рэканструяваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер): паўн.-ўсх. крылы комплексу былі злучаны сім. па кампазіцыі 2-павярховым аб’ёмам з 4-калонным порцікам у цэнтры і ўтварылі замкнёны двор. У 1909 Г-падобная ў плане паўн.-зах. частка перабудавана пад Азова-Данскі камерцыйны банк і купецкі клуб з вял. канцэртна-тэатр. залай (разбурана пасля пажару ў 1946), зменена планіроўка, надбудаваны 3-і паверх, фасады апрацаваны ў стылі мадэрн, накрыты вальмавым дахам. На сім. па кампазіцыі гал. паўд.-зах. фасадзе вылучаліся цэнтральная і бакавыя часткі; цэнтральная акцэнтавана кілепадобным франтонам з 3 вузкімі паўцыркульна завершанымі аконнымі праёмамі, тымпан франтона завершаны расл. арнаментам. Бакавыя ч. завершаны купаламі са шпілямі (не захаваліся). Рытм фасадаў утвараюць прамавугольныя аконныя праёмы і лапаткі; пластыку ўзбагачаюць ляпныя элементы, балконы. У інтэр’еры каваная лесвічная агароджа, кафляныя печы. Пасля 1920 у будынках знаходзіліся Мінскі акруговы выканком, у 1930-я г. — Дом селяніна, у 1944—50 — Мін-ва дзярж. бяспекі.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі гасціны двор. Здымак 1999.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ СЫМО́НА І АЛЕ́НЫ, Мінскі Чырвоны касцёл,

помнік архітэктуры неаготыкі з элементамі мадэрну ў Мінску на пл. Незалежнасці. Пабудаваны ў 1908—10 (арх. Т.​Пайздэрскі, пры ўдзеле У.​Марконі і Г.​Гая) па фундацыі памешчыка са Случчыны Э.​Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі, якія ахвяравалі грошы на касцёл у гонар святых Сымона і Алены як помнік у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. 3-нефавы 3-вежавы храм асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з развітой паўцыліндрычнай апсідай. Цэнтр. неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Ядро кампазіцыі — высокая прамавугольная 4-ярусная вежа. Абапал алтарнай ч. гал. вежу дапаўняюць 2 невял. шатровыя вежы. З паўд.-зах. боку да гал. фасада прыбудавана 1-павярховая галерэя. Уваходы аформлены тамбурамі. Высокія шчыты фасадаў будынка аздоблены дэкарыраванымі арх. паясамі, машыкулямі і інш. Плоскасці сцен прарэзаны паўцыркульнымі высокімі рознавял. аконнымі праёмамі. Над уваходамі вокны-ружы. У маст. аздабленні памяшканняў вітражы (маст. Ф.​Бруздовіч), люстры з медзі (маст. Г.​Вашчанка). Над гал. парталам касцёла герб Вайніловічаў. У комплексе плябанія — мураваны 2-павярховы будынак і мураваная агароджа з брамай. З 1946 у будынку размяшчаліся кінастудыя «Беларусьфільм», з 1975 Дом кіно. З 1990 дзеючы касцёл. З 1999 пры касцёле працуе малая тэатр. зала бел. паэт. т-ра «Зніч».

Л.​Г.​Лапцэвіч, А.​Ю.​Пятросава.

Мінскі касцёл Сымона і Алены.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ РАТУША.

Існавала ў 16—19 ст. у Мінску. Пра буд-ва ратушы ў Мінску ў 1499 прыведзены звесткі ў прывілеях па арг-цыі кіраўніцтва ў горадзе паводле магдэбургскага права (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядома). Упершыню пра ратушу як існуючую ўстанову ўпамінаецца ў 1582. У 1591—1600 пастаўлены новы мураваны будынак ратушы на Высокім рынку (у 1600 на вежы ўстаноўлены першы гар. гадзіннік). У 1640 будынак моцна пашкоджаны пажарам, у 1656 часткова разбураны. Рэканструяваўся ў 2-й пал. 17 і 2-й пал. 18 ст., у 1744 адноўлены па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С.​Буржынскага. У канцы 18 ст. перабудавана ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер). 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтр. частка сіметрычна па кампазіцыі гал. фасада вылучана рызалітам з 3-маршавай лесвіцай, акцэнтавана чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Дэкар. вырашэнне будынка дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 ратуша зноў рэканструявана. Да яе фасада з ПдУ прыбудавана мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. Побач з ратушай разбіты невял. рэгулярны сквер. У 1825—35 бакавыя порцікі былі завершаны франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, у 1830-я г. — муз. школа. У 1847 зала на 2-м паверсе прыстасавана пад т-р (афармленне інтэр’ераў маст. Я.​Кураткевіча; гл. Мінскі ратушны тэатр). У 1857 будынак ратушы і сквер знішчаны. У канцы 19 ст. сквер адноўлены. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні ратушы.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінская ратуша. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,

горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс. ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.

Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс. чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл. «Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс. чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.

С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.​М.​Фантана і Г.​Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.​Матарнові, Н.​Гербель, Г.​К’яверы, М.​Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.​Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.​Трэзіні, Т.​Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.​А.​Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.​Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.​Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.​Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.​Росі, майстар Г.​Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.​Фельтэн, П.​Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.​М.​Вален-Дэламот і А.​Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.​Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.​Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.​Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.​Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр. ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ, М.​А.​Кало, Ф.​Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.​Бажэнаў, В.​Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.​Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.​Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.​Клот, С.​Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.​Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.​Малышаў, А.​Парланд; мазаікі В.​Васняцова; маст. М.​Несцераў, А.​Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.​Кавас; перабудова 1863, арх. В.​Шротэр). У 19 ст, пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.​Бенуа, А.​Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.​Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.​Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.​Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.​Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх, П.​Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.​Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.​Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.​Бенуа, У.​Шчуко, С.​Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх, абодвух І.​Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял. Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.​Нікольскі, Н.​Сцяпанаў, Н.​Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.​Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.​Прыбульскі, С.​Аднавалаў, М.​Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.​Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.​Марозаў, інж. А.​Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.​Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.​Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.​Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.​Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял. Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.​Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас. АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас. пед. імя А.​Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Я.​Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В I Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас. АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.

18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.​Шастаковіча.

Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.​І.​Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.​К.​Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.​Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.​І.​Абрамовіч, мастак І.​І.​Аляшкевіч, літаратар Я.​Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.​Каліноўскі і К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.​Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.​І.​Вількіцкі, гісторык Я.​Я.​Замыслоўскі, мастакі С.​К.​Заранка, К.​Хруцкі, музыканты Т.​Юзафовіч-Бароўская, МЛ.​Зарэмба, ФА.​Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.​Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.​Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.​Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.​М.​Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.​Гартны (З.​Жылуновіч), А.​Гурло, Я.​Купала, Цётка (А.​Пашкевіч), вучоныя Я.​Ф.​Карскі, П.​В.​Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.​Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.​Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.​С.​Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.​Р.​Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.​І.​Салярцінскі, пісьменнік Л.​І.​Ракоўскі, вучоныя Б.​Р.​Галёркін, С.​Я.​Лур’е, У.​Ф.​Міткевіч, П.​Ф.​Папковіч, Л.​У.​Шчэрба, служылі контр-адміралы В.​П.​Дрозд, М.​Б.​Паўловіч, ген.-лейт. Ф.​Н.​Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс. чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны (старшыня А.​Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.​П.​Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.​Казак, В.​Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас. культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.​В.​Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.​Я.​Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.​І.​Алфёрава.

Літ.:

Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;

Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;

Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;

Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;

Захаров О.Н. Архитектурные панорамы невских берегов. Л., 1984;

Бунин М.С. Мосты Ленинграда. Л., 1986;

Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;

Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;

Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

Л.​У.​Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).

Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.
Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.
Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.
Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.
Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)