адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4∙5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл.Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯКІ́НА,
адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.
П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
заносныя расліны, ненаўмысна занесеныя ў пэўны рэгіён чалавекам або прыродным шляхам (вада, вецер, міграцыі жывёл, птушак і інш.) віды раслін, якія ў ім прыжыліся. Заносу садзейнічаюць гандаль с.-г. прадукцыяй (зернем, бавоўнай, воўнай), інтэнсіўны транспартны абмен, перасяленне людзей і інш. Адвентыўныя расліны могуць выцясняць абарыгенныя віды, парушаць структуру біягеацэнозаў, супраць пашырэння асобных з іх (небяспечнае пустазелле) прымаюць меры каранціну. У флоры Беларусі больш за 100 відаў адвентыўных раслін. З Еўропы занесены авёс шчаціністы, палявічка малая, з Амерыкі — купалка аднагадовая, аксамітнік сіняваты, галінзога драбнакветная, аксамітнік адкінуты, з Азіі — грэчка татарская, торбачнік палявы, аксамітнік хвастаты і інш.; з Афрыкі — лебяда пахучая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛІКА́ТА (Basilicata), Луканія,
адм. вобласць на Пд Італіі. Пл. 10 тыс.км². Нас. 625 тыс.чал. (1990). Уключае правінцыі Матэра і Патэнца. Адм. ц. — г. Патэнца. На ПдУ абмываецца зал. Таранта Іанічнага м., на ПдЗ — зал. Палікастра Тырэнскага м.Зах., паўд. і паўн. часткі занятыя Луканскімі Апенінамі (г. Сірына, 2007 м). На У плато і прыбярэжная нізіна.
Клімат міжземнаморскі. Расліннасць — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Нафтахім., пракатныя, машынабуд., папяровыя, харч., дрэваапр., швейныя прадпрыемствы. Невялікая здабыча прыроднага газу і лігнітаў. Гал.с.-г. культуры — пшаніца, авёс; вырошчваюць таксама бабовыя, капусту, перац, раннюю гародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля пераважна горнапашавая (авечкі і козы). Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.
Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ДСКІЯ МУ́ХІ (Oscinella),
род злакавых мух, шкоднікі раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны паўсюдна, найб. аўсяная (O. frit), якая пашкоджвае пераважна авёс, і ячменная (O. pusilla), пашкоджвае ячмень і пшаніцу. Шкодзяць таксама азімаму жыту, кукурузе і інш.
Даўж. 1,5—3 мм, цела чорнае, знізу светла-жоўтае; крылы празрыстыя з метал. бляскам. Мухі вылятаюць вясной, адкладваюць яйцы на праросткавую плеўку злакаў. Лічынкі пранікаюць унутр. усходаў, дзе кормяцца асновай цэнтр. ліста і эмбрыянальным зародкам коласа. Пашкоджаныя расліны моцна кусцяцца, адстаюць у росце і развіцці. Зімуюць лічынкі, зрэдку кукалкі. За год даюць 2—5 пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЛЭ́НЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Ostrołęckie),
у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 6498 км², нас. 389,5 тыс.чал. (1987). Адм. ц. — г.Астралэнка. Займае Паўночна-мазавецкую нізіну, Курпёўскую раўніну (выш. да 235 м), Ломжынскае міжрэчча і паўд. ўскраіну Сярэднемазавецкай нізіны. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3,5 °C, ліп. 17,5—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Нараў з прытокам Амулеў і Буг. 30,6% тэр. пад лесам, уздоўж Нарава — Курпёўская пушча. Аснова гаспадаркі — земляробства (62% тэр. пад с.-г. ўгоддзямі). Вырошчваюць жыта, бульбу, сеяныя травы, авёс. Гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу. Прам-сць: электратэхн., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. ЦЭЦ. Найб. гарады: Астралэнка, Вышкаў, Остраў-Мазавецка, Пшасныш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.