АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,

выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́Ў (Васіль Паўлавіч) (літ. псеўданім В.В.; 1847, г. Екацярынаслаў — 9.12.1918),

рускі эканаміст, сацыёлаг і публіцыст, ідэолаг ліберальнага народніцтва. У працах «Лёс капіталізму ў Расіі» (1882), «Прагрэсіўныя плыні ў сялянскай гаспадарцы» (1892) і інш. ацэньваў развіццё капіталізму ў Расіі як з’яву шкодную, рэгрэсіўную, ідэалізаваў сял. абшчыны, абараняў дробную таварную вытворчасць. Лічыў немагчымай рэалізацыю ідэй марксізму ў Расіі.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗНЯКІ́,

гарадзішча дзякоўскай культуры 3—5 ст. каля в. Беразнякі Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл. Расіі. З’яўлялася паселішчам радавой абшчыны. Было ўмацавана земляным валам з драўлянай агароджай на ім і ровам. Раскопкамі выяўлены рэшткі 6 драўляных жытлаў асобных сем’яў, вял. абшчыннага дома, пабудовы для прадзення і ткацтва, загону для жывёлы, невял. пахавальнага збудавання, дзе хавалі рэшткі спаленых нябожчыкаў.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі божаствы — апекуны рым. грамадз. абшчыны ў цэлым, яе асобных абшчын, іх зямель і скрыжаванняў дарог, а пазней таксама і хатнія багі — душы продкаў кожнай рым. сям’і, што яе апекавалі. У іх гонар ствараліся алтары, у т. л. хатнія, і штогод наладжваліся святы. Сямейныя Л. лічыліся заступнікамі рабоў і вольнаадпушчанікаў, якія пераважна і абслугоўвалі іх культ у сем’ях сваіх гаспадароў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РНА (санскр.),

тэрмін для абазначэння 4 асн. саслоўяў у Стараж. Індыі (брахманы — жрацы, кшатрыі — воіны, вайшыі — радавыя супляменнікі, шудры — слугі абшчыны). Прыналежнасць да варны вызначалася нараджэннем. Члены першых трох варнаў у дзяцінстве праходзілі абрад пасвячэння, які лічылі другім нараджэннем, таму наз. «двойчы народжанымі». Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных варнаў забараняліся. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачаўся працэс ператварэння сістэмы варнаў у сістэму кастаў. У сярэднія вякі пераважаў падзел на касты.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕТА́РЫІ (лац. proletarii ад proles патомства, г. зн. немаёмны, які мае толькі патомства) антычныя, у Старажытным Рыме паводле рэформы цара Сервія Тулія — найніжэйшы немаёмны слой грамадзян, якія не ўваходзілі ў склад 5 класаў (ці разрадаў) рым. абшчыны; выстаўлялі ў нар. апалчэнне адну цэнтурыю і мелі адзін голас (з 193) у каміцыях (нар. сход). З 1 ст. П. — дэкласаваныя слаі грамадства, якія жылі за кошт падачак дзяржавы і багацеяў.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЫ́НІЙ НАМЫСЛО́ЎСКІ (Ян) (пач 1560-х г., Намыслаў, Польшча — паміж 1633—36),

мысліцель-гуманіст, пісьменнік, педагог ВКЛ. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве. З 1585 рэктар арыянскай школы ў Іўі. З 1593 прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Зблізіўся з С.​Будным і Ф.​Соцынам, прапагандаваў сацыніянства сярод бел.-літ. антытрынітарыяў. У 1615 за атэіст. погляды адлучаны Навагрудскім сінодам ад сацыніянскай абшчыны. Аўтар вершаванага маральна-павучальнага твора «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці» (Лоск, 1589; 225 сентэнцый і перасцярог, вытрыманых у духу Адраджэння). У 1592 выдаў на польск. мове «Анатомію і гарманічнасць хрысціянскага жыцця чалавека» (не збераглася, у 1636 перакладзена на ням. мову). Выказваў рацыяналістычныя рэліг.-філас. погляды («Зварот да братоў-евангелікаў», 1597), выступаў супраць кальвінісцкай шляхты (палемічны твор «Каталісіс», 1598). З лац. на польск. мову пераклаў трактат А.​Бусбеквіса аб тур. палітыцы (Вільня, 1598). Мяркуюць, што Л.Н. — аўтар «Дапаможніка для авалодання вучэннем Арыстоцеля» (Лоск, 1586; на лац. мове пад псеўд. Gracianus Prosper). На бел. мову яго перакладаў Я.​Парэцкі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 9, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛО́ТЫ,

земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́ЗНІКІ рымскія

(socii),

абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл. Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-й пал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл. Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э. рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.

Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).

Літ.:

Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;

Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э. М., 1971.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)