АСКАРЫДО́З,

інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.

У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЁР,

вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).

Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)