СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),
сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНА́РНІК,
вытворчае памяшканне для ўтрымання свіней свойскіх. Асн. тыпы спецыялізаваных С.: матачнікі, адкормачнікі, памяшканні для рамонтнага маладняку, кныроў, халастых і паросных матак і інш.
Свінаматак трымаюць у індывід. або групавых станках (з разліку 1,9 м² на 1 галаву), у С.-адкормачніках — толькі ў групавых (з разліку 0,8 м² на 1 галаву). Паміж радамі станкоў размяшчаюць кармавыя, кармагноевыя праходы. Абсталяваны водаправодам, прыточнай выцяжной вентыляцыяй з падагрэвам паветра; маюць дапаможныя памяшканні: фуражная, вентыляцыйная, для прыгатавання кармоў, сталовая з кармацэхам, санблок, памяшканні для персаналу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНКАДРО́М (ад танк + грэч. dromos бег, месца для бегу),
участак мясцовасці, абсталяваны для навучання ваджэнню танкаў і інш. баявых гусенічных машын. Для Т. выбіраюць мясцовасць з разнастайным рэльефам, наяўнасцю водных перашкод, воддаль ад населеных пунктаў, дарог, ліній сувязі і электраперадач. На Т. абсталёўваюцца вучэбныя месцы і класы, камандныя пункты, якія аснашчаюцца аўтам. сістэмай кіравання і сродкамі для назірання за месцазнаходжаннем танкаў і сувязі з мі. Межы Т., небяспечныя ўчасткі і напрамкі руху-машын пазначаюцца спец. паказальнікамі, знакамі і надпісамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗАРАЗДА́ТАЧНАЯ КАЛО́НКА,
помпавая ўстаноўка для водпуску бензіну і інш. відаў вадкага аўтамаб. паліва на аўтазаправачных станцыях (АЗС). Злучаецца трубаправодам з паліўнымі рэзервуарамі; колькасць бензіну, што адпускаецца, адмерваецца аўтам. лічыльнікам.
Аўтаматызаваныя бензараздатачныя калонкі маюць высокапрадукцыйныя помпы з выбуховабяспечнымі электрарухавікамі, лічыльнікамі сумарнай і разавай выдачы, мех. або электрамех. дазатарамі. Сучасныя бензараздатачныя калонкі абсталяваны электроннымі прыстасаваннямі для падсумоўвання аб’ёму і кошту паліва, што адпускаецца на працягу пэўнага часу кожнаму кліенту, які мае спецыяльна закадзіраваны ключ, у гэтым выпадку запраўляць аўтамабіль можна ў любым месцы, дзе ёсць такія бензараздатачныя калонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПОСТ, вадамерны пост,
пункт на водным аб’екце, абсталяваны для сістэматычных гідралагічных назіранняў. Падзяляюцца на рачныя, азёрныя, балотныя, на вадасховішчах, ледавіках і інш., па канструкцыі бываюць рэечныя, па́левыя, мяшаныя, перадатачныя, дыстанцыйныя, паводле тыпу ўстаноўкі самапісца ўзроўню вады — берагавыя і астраўныя. У аддаленых раёнах дзейнічаюць аўтаматычныя гідралагічныя пасты. Першыя гідралагічныя пасты на рэках Беларусі ўзніклі ў 19 ст.: на Зах. Дзвіне (1838, Віцебск), на Прыпяці (1843, Пінск, Тураў, Мазыр), на Дняпры (1844, Магілёў). У 1997 дзейнічалі 120 пастоў на 83 рэках, ручаях і каналах і 14 пастоў на 14 азёрах і вадасховішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДЛАВЫ́ ЦЯГА́Ч,
аўтамабіль без грузавой платформы (цягач), абсталяваны апорна-счапным прыстасаваннем (сядлом) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. Мае павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу. Выкарыстоўваюцца ў складзе аўтапаяздоў, у т. л. самазвальных. На Беларусі С.ц. выпускае Мінскі аўтамабільны завод (першы МАЗ-200В выпускаўся з 1952, мадэрнізаваныя 2- і 3-восевыя — з 1970-х г., 3-восевыя з сям’і МАЗ-6422 — з 1981). Мільённым аўтамабілем, выпушчаным з-дам у 1989, быў С.ц. МАЗ-64221. Гл. таксама МАЗ.
Седлавы цягач «Кенварт» (ЗША) са спальным адсекам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЕЎКЛА́ДЧЫК,
камплект машын і абсталявання для транспартавання і ўкладкі рэйкава-шпальнай рашоткі чыгуначнага пуці пры яго буд-ве і рамонце. Выкарыстоўваюцца П. звёнавыя, якія дастаўляюць да месца работ гатовыя рэйкава-шпальныя рашоткі, і раздзельныя, што падвозяць асобныя неабходныя элементы для зборкі рашоткі на месцы.
Звёнавыя П. на рэйкавым хаду абсталяваны пуцеўкладачным кранам для транспартавання звёнаў уздоўж саставу. Пры буд-ве новых чыгунак выкарыстоўваюць пуцеўкладачныя краны на трактарным хаду, абсталяваныя лябёдкай, што захоплівае звёны на платформе, якая наязджае на ўкладзенае звяно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ЛЬБІШЧА,
спецыяльна абсталяваны ўчастак для правядзення стрэльбаў са стралковай зброі, гранатамётаў і інш. Падзяляюцца на вайсковыя і спартыўныя. Тэрыторыя вайсковага С. ўключае рубяжы адкрыцця і спынення агню, мішэннае поле, тылавы раён, пункты кіравання, выдачы боепрыпасаў і інш. На С. можа быць цір для праверкі зброі, прывядзення яе да нармальнага бою і інш. Спартыўнае С. — спец. збудаванне адкрытага тыпу для стральбы з вінтовак і пісталетаў. Складаецца з некалькіх ціраў, дзе вызначаны лініі агню (месца, з якога вядуць стральбу) і лініі мішэняў, абсталяванай бліндажамі, пад’ёмнымі ўстаноўкамі, механізмамі для кіравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,
баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс.км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАФА́БРЫКА,
буйное вузкаспецыялізаванае прадпрыемства птушкагадоўлі па вытворчасці яец і мяса на прамысл. аснове. Тэхнал. працэс вытв-сці харчовых яец, акрамя штучнай інкубацыі, уключае гадоўлю маладняку, утрыманне бацькоўскага і прамысл. статка. Цэхі гадоўлі маладняку і ўтрымання курэй-нясушак на П. (выкарыстоўваюцца сістэмы падлогавага, клетачнага і на сеткавай падлозе ўтрымання) абсталяваны клетачнымі батарэямі з аўтам. падачай вады, мех. раздачай кармоў, уборкай гною, зборам яец. У яйцасховішчах працуюць машыны па сартаванні, ачыстцы і ўкладцы яец, у забойных цэхах — канвееры для перапрацоўкі птушкі, у кормапрыгатавальных цэхах — машыны для прыгатавання камбікармоў. Буйныя П. працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі і інш. краінах. На Беларусі 39 П. і 3 племзаводы (2000).