ГУРТ,

бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам. або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.

Карбоўка на гурце расійскіх манет 18 — пач. 20 ст.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ, кут,

фігура ў прасторы, утвораная дзвюма паўплоскасцямі, якія выходзяць з адной прамой, а таксама частка прасторы, абмежаваная гэтымі паўплоскасцямі. Паўплоскасці наз. гранямі Д.в., агульная прамая — рабром. Д.в. вымяраецца лінейным вуглом, г.зн. вуглом α, паміж двума перпендыкулярамі да рабра, што выходзяць з аднаго пункта і ляжаць у розных гранях, ці, інакш, вуглом, утвораным перасячэннем Д.в. плоскасцю, перпендыкулярнай да рабра.

Двухгранны вугал.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),

1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.

2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл. Меніскавыя сістэмы).

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЭ́ЛКА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРЫ́Т (ад грэч. arthron сустаў + ...іт),

зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕААНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + антыкліналь),

узняты ўчастак зямной кары ў межах геасінклінальнай вобласці (гл. Геасінклінальны пояс). Шыр. 50—150 км, даўж. да 2000 км. Бываюць геаантыкліналі унутр. і перыферыйныя. Унутраныя (інтэрніды) — цэнтр. зона геасінклінальнай сістэмы, абмежаваная прагінамі (напр., геаантыкліналь Вял. Каўказа). Характарызуюцца скарочанай магутнасцю асадкаў, пераважна кіслым саставам магматычных парод. Геаантыкліналі перыферыйныя (бордэрленд, кардыльера) — участкі краявых падняццяў, аддзеленыя ад геасінклінальнай сістэмы прагінам (напр., хрыбет Сьера-Невада на Пд Пірэнейскага п-ва аддзелены ад горнай сістэмы Атласа Міжземным м.).

М.​А.​Нагорны.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Р у фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл. Тунэльны эфект).

Патэнцыяльны бар’ер: ε — поўная энергія часціцы, V0 — вышыня патэнцыяльнага бар’ера.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДКАЎКА́ЗЗЕ,

тэрыторыя на Пн ад Вял. Каўказа, абмежаваная з Пн Кума-Маныцкай упадзінай, з 3 Азоўскім м. і Керчанскім прал., з У Каспійскім м. Даўж. больш за 900 км, шыр. 300 км. Адрозніваюць Зах. П.: Кубана-Прыазоўская нізіна, Прыкубанская раўніна, Таманскі п-аў; Сярэдняе П.: Стаўрапольскае ўзв. (да 831 м), Церска-Сунжэнскае ўзв. (Сунжэнскі хрыбет да 926 м), горы-лакаліты Мінералаводскай групы — Бештау (1420 м), Машук (992 м) і інш.; Усх. П.: Церска-Кумская нізіна. У П. — Краснадарскі і Стаўрапольскі краі, Расія.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУО́ЛЯ (франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),

поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАНАРО́ДНАЯ МО́ВА агульнавядомая, зразумелая ўсім носьбітам, шырокаўжывальная ў размоўнай паўсядзённай практыцы, не абмежаваная якімі-н. стылямі разнавіднасць нацыянальнай мовы. Бел. агульнанародная мова ўключае найб. ужывальныя моўныя сродкі (у першую чаргу лексічныя), пашырана на ўсёй тэр. Беларусі. У сучасным грамадстве ролю агульнанароднай мовы выконвае бел. літаратурная мова, якая служыць агульнанац. сродкам моўных зносін. Сучасная бел. літ. мова (асабліва яе размоўная разнавіднасць) як агульнанародная мова, у адрозненне ад тэрытарыяльных (дыялект) і сацыяльных (сацыяльны дыялект, арго) разнавіднасцяў, з’яўляецца зразумелай для ўсіх беларусаў і служыць сродкам моўнага адзінства нацыі.

А.​А.​Лукашанец.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)