МАЖО́РА-МІНО́Р, мажора-мінорная сістэма,

аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III i VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;

Г ригорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;

Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.

Т.С.Ляшчэня.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙОРК (New York),

штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс. км2. Нас. 18137 тыс. чал. (1997). Адм. ц.г. Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч. тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р. Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал. р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т.л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, выраб навук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Выраб спарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.

т. 11, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)