СТАХА́НАЎ,

горад у Луганскай вобл. Украіны. Засн. ў сярэдзіне 19 ст. як цэнтр здабычы каменнага вугалю. Горад з 1932. Да 1937 і ў 1940—78 наз. Кадзіеўка. Перайменаваны ў гонар А.​Р.​Стаханава. Каля 150 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Здабыча каменнага вугалю. Прам-сць: чорная металургія (вытв-сць ферасплаваў, коксахімія), маш.-буд. (маставыя краны, эскалатары, вагоны, гідраабсталяванне), хімічная. Музей гісторыі горада.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́ЗРАНЬ,

горад у Самарскай вобл. Расіі, порт на р. Волга (Саратаўскае вадасх.). Засн. ў 1683 як крэпасць. 187 тыс. ж. (2000). Чыг. вузел. Каля С. аўтадарога Масква—Самара. Прам-сць: нафта- і сланцаперапр., нафтахім. і хім. (ВА «Пластык», з-д тэхн. вугляроду), машынабуд. (з-ды турбабуд., «Сызраньсельмаш»), лёгкая, харчовая. Мэблевая ф-ка. Філіял Самарскага політэхн. ін-та. Драм. тэатр. Краязн музей. Арх. помнікі 17 — пач. 20 ст.

т. 15, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́РТАР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бездань, прастора, што знаходзіцца ніжэй за аід, як неба вышэй за зямлю. Лічылася, што ў Т. залягаюць карані зямлі і мора, усе канцы і пачаткі. Тут жыве Нікта — багіня ночы. Нават багі баяцца трапіць у Т., дзе зняволены пераможаныя Зеўсам тытаны. Паводле пазнейшых міфаў, Т. — самае аддаленае месца аіда, дзе нясуць пакаранне дзёрзкія героі: Тантал, Сізіф, Пірыфой і інш.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік сярэдневяковага дойлідства ў с. Татэў (Арменія). Засн. ў 9 ст. як мужчынскі. Рэзідэнцыя Сюнікскага мітрапаліта. Размешчаны над глыбокай цяснінай. Арх. комплекс уключае цэрквы Грыгорыя (836—848), Пагоса і Петраса (895—906), надбрамную Аствацацын (11 ст.), культавы манумент — слуп, які гойдаецца (904), крапасныя сцены, жылыя і гасп. пабудовы 17—18 ст. На тэр. Т.м. размяшчаецца культ. цэнтр з ун-там, скрыпторыем, б-кай.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАХІКАРДЫ́Я (ад грэч. tachys хуткі + kardia сэрца),

павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў больш як 90 за 1 мін у спакоі (у нованароджаных норма 120—140). Адрозніваюць фізіял. (ад перанапружання ў час фіз. працы, ад спякоты і інш.) і паталаг. Т. (захворванні сэрца, інш. органаў, ліхаманка, анемія), пастаянную і прыступападобную. Пры выражанай Т. адзначаецца слабасць, галавакружэнне, боль у вобласці сэрца. Лячэнне тэрапеўт., хірург. і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫСЯЧАГАЛО́Ў (Vaccaria),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і ўмераным поясе Азіі. На Беларусі 1 від — Т. іспанскі, або пірамідальны. ці пасяўны (V. hispanica), нар. назва смолка. Трапляецца на палянах, схілах, часам як пустазелле ў пасевах.

Аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамыя, галінастыя, выш. да 70 см. Лісце супраціўнае, суцэльнае. шызавата-зялёнае.

Кветкі ружовыя, у рыхлым шчыткападобным суквецці. Плод — каробачка. Насенне ядавітае.

Тысячагалоў іспанскі.

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЛУС (Tellus),

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі багіня зямлі-карміцелькі і яе прадукцыйных сіл, а таксама падземнага царства мёртвых. У яе гонар наладжваліся штогадовыя святы Фардзіцыі (15 крас.), на якіх у ахвяру багіні прыносілі цельную карову. Як багіні падземнага царства ёй прыносілі ачышчальныя ахвяры сваякі памерлых; таксама яе клікалі, калі хацелі аддаць ворагаў на волю падземных багоў. Т. часам атаясамлівалі з Цэрэрай, Вестай і Юнонай.

т. 16, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗУРПА́ЦЫЯ (ад лац. usurpatio авалоданне),

скарочаная назва гвалтоўнага захопу ўлады або гвалтоўнага яе ўтрымання. Ва ўсіх дэмакр. краінах з’яўляецца цяжкім дзярж. злачынствам. КК Рэспублікі Беларусь (арт. 357 ч. 2) устанаўлівае крымін. адказнасць за захоп або ўтрыманне дзярж. улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама за публічныя заклікі да гэтых дзеянняў, у т. л. ўчыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі. У. наогул разглядаецца як прысваенне чужых правоў, паўнамоцтваў.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́НСТЭНЛІ (Winstanley) Джэрард (1609, г. Уіган, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — пасля 1660),

англійскі сацыяліст-утапіст, ідэолаг руху дыгераў перыяду Англ. рэвалюцыі 1640—60. Кіраўнік дыгерскай калоніі ў 1649—50. Аўтар шматлікіх памфлетаў («Новы закон справядлівасці», 1649, і інш.), утопіі «Закон свабоды» (1652), у якіх, абапіраючыся на Біблію, даказваў неабходнасць увядзення бяскласавага грамадства без прыватнай уласнасці, заснаванага на калект. працы, а свабоду грамадзяніна характарызаваў найперш як свабоду ад галечы.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТУ́НА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня шчасця, выпадку і ўдачы.

Першапачаткова шанавалася як апякунка ўраджаю, мацярынства і жанчын. Яе выяву змяшчалі на манетах амаль усе рым. імператары. Ф. ўяўлялі прыгожай статнай жанчынай з рогам дастатку ў руцэ, часам на шары або коле (сімвал пераменлівасці лёсу), ці з павязкай на вачах. У пераносным сэнсе Ф. — шчаслівая доля, удача, шанцаванне.

Фартуна. Статуя з Остыі. Мармур. 2 ст.

т. 16, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)