выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).
Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.
На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.Да арт.Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.Да арт.Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.Да арт.Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.Да арт.Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 уг.Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш. блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.М.Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААНу канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.В.Кісялёву.
30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава; утэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.І.Фармашаў (кансультант), М.Ц.Лынькоў (карэспандэнт), М.І.Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССРу склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях уААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, што Генеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЛІТАРАТУ́РНА-МАСТА́ЦКІХ КРЫ́ТЫКАЎ, Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў,
добраахвотная грамадская творчая арганізацыя, якая аб’ядноўвае літ. і маст. крытыкаў, літ.- і маст.-знаўцаў, культуролагаў, сацыёлагаў, журналістаў і інш. спецыялістаў у галіне маст. творчасці. Засн. ў 1997 на аснове навукова-творчага прадпрыемства «Авансцэна» (дзейнічала з 1992, да 1996 наз. Цэнтр тэатр. крытыкі «Авансцэна»). Кіруючы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Савет, кіраўніцтва ажыццяўляе Прэзідыум Савета. Старшыня саюза — Р.Б.Смольскі. Мэты дзейнасці саюза: развіццё сістэмы літ.-знаўчай і мастацтвазнаўчай адукацыі, павышэнне прафес. ўзроўню крытыкаў, аналіз праблем сучаснай маст. культуры. Члены саюза праводзяць навукова-даследчую, аналітычную працу ў сферы сучаснай культуры і маст. творчасці, канферэнцыі, лабараторыі, семінары па пытаннях тэорыі і практыкі літ. і маст. творчасці, арганізуе фестывалі, выстаўкі, канцэрты, творчыя вечары, прапагандуе лепшыя творы літаратуры і мастацтва Беларусі за межамі краіны. Выдае зб-кіліт.-маст. артыкулаў з актуальнымі праблемамі маст. культуры Беларусі. На 2001 больш за 110 членаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ ГІПО́ТЭЗЫ,
навукова абгрунтаваныя меркаванні аб прычынах тэктанічных рухаў і дэфармацый зямной кары, што мяняюць яе структуру. Існуе шмат гіпотэз тэктанічнага развіцця Зямлі.
Адна з першых Т.г., якая тлумачыла тэктанічныя рухі дзейнасцю землетрасенняў і вулканаў, з’явілася ў 17 ст. (англ. вучоны Р.Гук, рас. Р.Рыхман). У гіпотэзе нептунізму зроблена спроба тлумачэння дэфармацыі пластоў горных парод у выніку падводных апоўзняў і абвалаў (18 ст., ням. вучоны А.Г.Вернер). Гіпотэзу плутанізму прапанаваў шатл. вучоны Дж.Гетан у працы «Тэорыя Зямлі», 1795. Гіпотэза кратэраў падняцця (утварэнне горных складкавых збудаванняў у выніку пад’ёмаў магмы пры вулканічных і інтрузіўна-магматычных працэсах) развіта ў пач. 19 ст.ням. вучонымі Л.Бухам, А.Гумбальтам і Б.Штудэрам. Кантракцыйная гіпотэза прапанавана франц. вучоным Л.Элі дэ Бамонам (1829) на аснове ўяўлення аб першапачаткова расплаўленай Зямлі (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа). Пры паступовым яе ахаладжэнні адбывалася сцісканне, слаі горных парод зміналіся ў складкі, утвараліся горы. Распрацавана ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Гэта канцэпцыя выкладзена ў кнізе аўстр. вучонага Э.Зюса «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909). У гэты ж час узніклі вучэнні аб геасінкліналях (амер. вучоны Дж.Дана) і платформах (рас. вучоныя А.П.Карпінскі, А.П.Паўлаў), ізастазіі (англ. вучоны Дж.Эры і інш.). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся гіпотэзы глыбіннай дыферэнцыяцыі (галанд. вучоны Р.В. ван Бемелен, рас.У.У.Белавусаў), падкоравых цячэнняў (аўстр. вучоны О.Ампферэр, ням. Р.Швінер і Э.Краўс, галанд. Ф.Венінг Мейнес), пульсацыйная (амер. вучоны У.Бачэр, рас. М.А.Усаў і У.А.Обручаў), расшырэння Зямлі (ням. вучоны О.Хільгенберг, венг. Л.Эдзьед, амер. Б.Хейзен і інш.), перамяшчэння мацерыкоў (амер. вучоны Ф.Тэйлар, ням. А.Вегенер; гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў), якая дала пачатак новаму кірунку ў тэктоніцы мабілізму ў супрацьлегласць фіксізму (магчымасць толькі верт. рухаў у зямной кары). У 1960—70-я г. ідэі мабілізму адроджаны ў выглядзе новай глабальнай тэктонікі (тэктонікі пліт) — геадынамічная тэорыя (тэорыя неамабілізму), якая тлумачыць рухі, дэфармацыі і сейсмічную актыўнасць тэктанасферы (амер. вучоныя В.Морган, К. Ле Пішон, Дж.Олівер, Дж.Айзекс, Л.Сайкс; 1967—68). Гэта тэорыя ўключала таксама ідэю расшырэння (спрэдзінгу) акіянічнага ложа (амер. вучоныя Г.Хес і Р.Дзіц, 1961—62).
Згодна з ідэяй тэктонікі пліт літасфера падзелена на 7 вялікіх і малыя цвёрдыя маналітныя пліты, якія рухаюцца па подсцільным менш вязкім слоі (астэнасферы), маюць гарыз. рухі: рассоўванне (з утварэннем рыфтаў, потым акіянаў), падсоўванне адной пліты пад інш. і гарыз. перамяшчэнне ўздоўж трансформных разломаў тыпу зруху. Гэта пацвярджаецца размеркаваннем напружанняў у ачагах землетрасенняў. Геадэзічныя даныя паказваюць рассоўванне глыб (Паўн. Афрыка), іх гарыз. перамяшчэнне ўздоўж разломаў са скорасцю 0,5—3 см за год (Каліфорнія) або збліжэнне па насовах (Таджыкістан). Такія ж скорасці вызначаюцца па палеамагнітных даных, шырыні палос магн. анамалій і па палеагеаграфічных рэканструкцыях. З канца 20 ст. распрацоўваецца гіпотэза гарачых кропак, якія звязаны з праяўленнем вулканічнай актыўнасці на кантынентах і ў акіянах, і канцэпцыя 2-яруснай тэктонікі пліт, якая засн. на рэалагічнай расслоенасці літасферы і мантыі.
Літ.:
Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;
Ле Пишон К., Франшто Ж., Боннин Ж. Тектоника плит: Пер. с англ.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІ́ЗМ (ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),
сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Бруна, Г.Галілей, Ф.Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.Мантэнь, Ф.Рабле ў Францыі, Ф.Бэкан, У.Шэкспір у Англіі, А.Дзюрэр у Германіі, М.Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.Мор, Т.Кампанела, Т.Мюнцэр, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.Радзішчаў, В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, Л.Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў і інш.).
У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.
У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, Ю.Даманеўскі, А.Волан, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, М.К.Сарбеўскі, І.Капіевіч, Б.Дабшэвіч, К.Нарбуг, А.Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на асновехрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел. дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, умаст.прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;
Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАЛОГІЯ І МЕХАНІЗАЦЫЯ ЗДАБЫЧЫ ТОРФУ
Даследаванні па тэхналогіі і механізацыі здабычы торфу вядуцца з 1930-х г.У 1932 на базе тарфянога аддзела Ін-та прамысловасці Беларусі створаны Ін-т торфу ў складзе АН Беларусі (у 1989 на яго базе створаны Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі). У 1940 удзельная вага торфу ў паліўным балансе краіны склала 64%. У даваенны перыяд выкананы работы па ўдасканаленні механізаваных спосабаў здабычы торфу і ўстанаўленні паказчыкаў, неабходных для разліку тэхнал. працэсаў тарфяной вытв-сці (І.Р.Блох, В.Р.Гарачкін). У пасляваенныя гады з мэтай інтэнсіфікацыі здабычы фрэзернага торфу абгрунтавана аптымальная норма асушэння тарфяных палёў і вільготнасці фрэзеравальнага слоя (Ф.А.Малышаў), выкананы работы па паляпшэнні якасці фрэзернага торфу шляхам перапрацоўкі фрэзераванай масы і атрымання грануляванага торфу (Ф.А.Апейка, Я.А.Жук, Н.С.Касцюк, М.С.Крывашэін), распрацаваны тэарэт. асновы яго штучнай сушкі і брыкетавання (В.М.Навумовіч), абгрунтаваны рэжымы пнеўматранспарту і яго выкарыстання ў торфабрыкетнай вытв-сці (У.І.Бакшанскі, М.У.Кіслоў). Вырашаны пытанні аўтаматызаванага кантролю тэхнал. працэсаў тарфяной і торфабрыкетнай вытв-сці (Ф.А.Апейка, М.І.Бохан, М.А.Гаціх, Л.С.Ліс). Створаны новыя схемы комплекснага выкарыстання торфу і тарфяных радовішчаў на аснове даследаванняў працэсаў рэгулявання складу і ўласцівасцей торфу шляхам кіравання структураўтварэннем і цепламасапераносам (І.І.Ліштван). У выніку вывучэння біял. і аграхім. прыроды торфу прапанавана тэхналогія атрымання торфагумінавых угнаенняў (А.В.Цішковіч). Устаноўлены асн. заканамернасці перамены саставу і ўласцівасцей торфу і яго кампанентаў пры антрапагенным уздзеянні на ўсіх стадыях тэхнал. працэсу здабычы, што стала тэарэт. асновай для абгрунтавання рэсурсазберагальных эколага-сумяшчальных тэхналогій асваення тарфяных радовішчаў (А.П.Гаўрыльчык). Навукова абгрунтавана тэхналогія і створаны комплекс машын для вытв-сці камунальна-быт. кускавога торфу (А.П.Гаўрыльчык, І.С.Нашкевіч, А.А.Цярэнцьеў).
УБел.нац.тэхн. ун-це распрацаваны тэарэт. асновы механізацыі тарфяной вытв-сці (Ф.А.Апейка), устаноўлены заканамернасці пнеўматранспарціроўкі сыпкіх рэчываў і абгрунтаваны рацыянальныя рэжымы працэсу пнеўматычнай уборкі, транспартавання і сепарацыі фрэзернага торфу (М.У.Кіслоў); прапанаваны матэм. метады аптымізацыі тэхнал. рэжымаў пры здабычы торфу і кіравання распрацоўкай тарфяных радовішчаў (Б.А.Багатаў); распрацавана тэорыя ўзаемадзеяння гусенічных і колавых рухачоў тарфяных машын з пакладам (А.Ф.Апейка, Ф.А.Апейка, Г.В.Казачэнка).
У праектна-тэхнал. і канструктарска-доследным БелНДІпалівапраект выкананы даследаванні па тэхналогіі торфаздабычы і мех. перапрацоўцы торфу, механізацыі і аўтаматызацыі тарфяной вытв-сці, тэхн. нарміраванні і арганізацыі здабычы торфу, правядзенні разведвальных работ, праектаванні торфапрадпрыемстваў і брыкетных з-даў.
Літ.:
Горячкин В.Г. Основы технологии торфяного производства. М., 1953;
Малышев Ф.А. О нормативах сбора фрезерного торфа на низинной залежи. Мн., 1956;
Наумович В.М. Теоретические основы процесса брикетирования торфа. Мн., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЗНАЎСТВА
Пачатак развіццю балотазнаўства на Беларусі дала экспедыцыя І.І.Жылінскага па асушэнні балот Палесся (1873—98). Яе ўдзельнік Г.І.Танфільеў апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў іх першую класіфікацыю. У 1875 В.В.Дакучаеў апублікаваў працу «Па пытанню асушэння балот увогуле і ў прыватнасці аб асушэнні Палесся». У 1911 арганізавана Мінская балотная станцыя (з 1930 — Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі, з 1957 — Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 — Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). У 1912—15 у Мінску выдаваўся часопіс «Болотоведение». Супрацоўнікі БСГА А.Д.Дубах і Х.А.Пісаркоў даследавалі ў 1926—29 прырост сфагнавых імхоў і торфу. Балотную расліннасць вывучалі В.С.Палянская, З.М.Дзянісаў, В.А.Міхайлоўская, гісторыю развіцця і геагр. пашырэнне асобных тыпаў балот даследаваў У.С.Дактуроўскі, стратыграфію тарфяных пакладаў — С.М.Цюрэмнаў. У 1925—30 закладзены асновы акультурвання балот (А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебадзевіч, А.Ф.Флёраў). У 1934 арганізаваны Ін-т торфу (з 1990 — Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі). У 1934 складзена першая карта балот Беларусі, распрацавана класіфікацыя тарфяных радовішчаў (Л.Я.Лепін). У 1940 выдадзены «Кадастр тарфяных радовішчаў БССР».
Пасля Вял.Айч. вайны пачалося інтэнсіўнае вывучэнне і буйнамаштабнае выкарыстанне торфу на энергетычныя і с.-г. мэты. У 1953 выдадзена праца «Тарфяны фонд Беларускай ССР» з картай. Вывучаліся заканамернасці фарміравання радовішчаў торфу, праводзілася ацэнка іх рэсурсаў, ствараліся спец. рэсурсныя заказнікі тарфяной сыравіны. Праведзена паглыбленае вывучэнне стратыграфіі тарфяных радовішчаў (С.Г.Беленькі), узросту балот Беларусі (С.М.Цюрэмнаў, М.І.Нейштат, А.П.Підоплічка і інш.), механізму забалочвання азёр (А.П.Підоплічка, М.А.Канойка). Складзена карта расліннага покрыва Беларусі, дзе адзначаны балотныя супольніцтвы рознага генезісу (Дз.С.Голад). Прапанавана новая класіфікацыя тарфяных пакладаў на аснове іх прыродна-гіст. эвалюцыі (А.Г.Дубавец).
З 1990-х г. развіваецца новы кірунак балотазнаўства — балотаводства, мэта якога — выкарыстанне прыродных рэсурсаў балот без парушэння балотаўтваральнага працэсу. Вылучаны 4 кірункі балотаводства: экалагічны (выкарыстанне балот у экалагічных мэтах, аднаўленне парушаных балот), агранамічны (вырошчванне балотных ягадных, лек. і меданосных культур), энергатэхналагічны (вырошчванне хуткарослых раслін на балотах для атрымання біямасы ў тэхн. і энергетычных мэтах), культурна-рэкрэацыйны (выкарыстанне балот як аб’ектаў турызму, навукі і інш.). Распрацаваны «Схема рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.» і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Тарфяны фонд Рэспублікі Беларусь» (І.Г.Танавіцкі з супрацоўнікамі). Абгрунтавана неабходнасць дзярж. аховы балот і тарфяных радовішчаў; надання ім статусу ўгоддзяў міжнар. значэння з уключэннем у склад аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны; складзены Чырвоны спіс балот Беларусі, які ўключае 230 балот.
Літ.:
Смоляк Л.П., Рубан Н.Н. Сравнительная продуктивность болот Полесья. Мн., 1983;
Смеловский В.Е. Выработанные торфяные месторождения и их использование. Мн., 1988;
Тановицкий И.Г., Обуховский Ю.М. Антропогенные изменения торфяно-болотных комплексов. Мн., 1988;
Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений // Твердые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992;
Лиштван И.И. Развитие химических наук и наук о земле в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2000;
Основные итоги исследований в области генезиса, использования и охраны болот и торфяных месторождений Республики Беларусь // Природопользование. Мн., 2002. Вып. 8;
Биосферно совместимое использование лесных и болотных экосистем. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве. Ствараецца для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднага дзеяння на тэр. краіны, сцвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, вырашэння інш. задач, прадугледжаных заканадаўствам. Прававую аснову яго арганізацыі і дзейнасці складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», прыняты Парламентам 30.3.1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў 1995 і 1997), Рэгламент Канстытуцыйнага суда (прыняты 18.9.1997 з дапаўненнямі ад 11.6.2001). Канстытуцыйны суд фарміруецца на парытэтнай аснове: 6 суддзяў назначаюцца Прэзідэнтам, 6 выбіраюцца Саветам Рэспублікі з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень, валодаюць высокімі маральнымі якасцямі. З 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда Беларусі 5 кандыдатаў, 3 дактары юрыд. навук, прафесары, з іх адзін чл.-кар.Нац.АН Беларусі, 3 жанчыны. Старшыню Канстытуцыйнага суда з суддзяў назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў суда — 11 гадоў, гранічны ўзрост — 70 гадоў; дапускаецца іх прызначэнне або выбранне на новы тэрмін. Суддзі Канстытуцыйнага суда не могуць быць членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі, а таксама членамі паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца дасягнення паліт. мэт; несумяшчальнымі з пасадай суддзі з’яўляюцца прадпрымальніцкая дзейнасць і інш. работа, якая аплачваецца (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай).
Канстытуцыйны суд разглядае справы і дае заключэнні: аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь; аб адпаведнасці Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам, законам і дэкрэтам пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, Генеральнага пракурора, нарматыўных актаў міністэрстваў, ведамстваў, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Пытанні аб канстытуцыйнасці такіх актаў суд разглядае як у цэлым, так і асобныя іх часткі. У выпадку прызнання такіх актаў не адпаведнымі Канстытуцыі або актам больш высокай юрыд. сілы яны лічацца страціўшымі сілу з моманту, вызначанага судом. У неабходных выпадках па прапанове Прэзідэнта Канстытуцыйны суд дае заключэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі Парламента. Суддзі, не згодныя з прынятым рашэннем, маюць права выкласці сваё асобае меркаванне ў пісьмовай форме. Выніковае рашэнне павінна быць абвешчана не пазней як праз 15 дзён з моманту заканчэння разгляду справы. Паводле заканадаўства рашэнні Канстытуцыйнага суда з’яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць абскарджанню і апратэставанню; яны абавязковыя для выканання ўсімі дзярж. органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Невыкананне, неналежнае выкананне або перашкоды выкананню рашэння суда цягнуць адказнасць, устаноўленую законам. Канстытуцыйны суд рыхтуе штогадова пасланні Прэзідэнту і палатам Парламента пра стан канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, паколькі сам кантралюе канстытуцыйнасць нарматыўных актаў. Аднак у адпаведнасці з законам ён мае права рабіць Прэзідэнту, Нац. сходу, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзярж. органам прапановы пра неабходнасць унясення ў акты дзеючага заканадаўства змен ці дапаўненняў або прыняцця новых нарматыўных актаў. Афіц. выданнем суда з’яўляецца «Веснік Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь». Дзейнасць суда фінансуецца з дзярж. бюджэту, расходы ў сувязі з выкананнем яго абавязковых рашэнняў нясуць дзярж. органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, на якія было ўскладзена выкананне гэтых рашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гар. і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэр., асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытв., рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інж.-тэхн. забеспячэння), а таксама размешчаныя па-за межамі паселішчаў навук., вытв., лячэбна-аздараўленчыя і інш. комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навук.-тэхн. прагрэсам, узроўнем эканам. развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыян., тэхн. і эстэт. патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вял. тэрыторый разглядаюцца ў самаст. галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. З улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца: у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае буд-ву ці рэканструкцыі); унавук. даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектныя вырашэнні з пазіцый сац., эканам. і экалагічнай эфектыўнасці; у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.). У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецыялісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інж. аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, маст. густы свайго часу. Горад з’яўляецца арх.-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Арх.-маст. аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні маст. аблічча населенага пункта, асобных гар.арх. ансамбляў.
Горадабудаўніцтва — адна са стараж. галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 4—3-м тыс. да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Стараж. Егіпце). У 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі склалася рэгулярная сістэма (т.зв. «гіпадамава», ад імя яе стваральніка арх. Гіпадама) планіроўкі гарадоў, заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. УСтараж. Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў (Пампеі, Остыя) меў геам. правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 гал. вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання гал. вуліц знаходзіўся гар. цэнтр з ансамблямі формаў. Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандл. плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Зах. Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння арх. ансамбляў (ансамблі пл.св. Пятра, Капітолія і П’яцца даль Попала ў Рыме; Вагезаў і Вандомскай плошчаў у Парыжы). УСтараж. Русі адм.-паліт. і рэліг. цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 ст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арган. адзінствам геам. правільнай сеткі вуліц і буйных арх. ансамбляў; выдатны ўзор рус. горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга. Упач. 20 ст. сфарміраваліся тэарэт. кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм); ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.
На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 ст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутныя драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандл. плошчаў, замкаў. Асн. вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц угар. сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў). У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандл. і ратушныя плошчы, дзе ставілі адм., гандл. і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сілуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцыях, найб. выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэс. рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на асновекласіцызму. У 1920—30-я г. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арг-цый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысл. раёнаў, вуліц, плошчаў. УВял.Айч. вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваен. гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя гал. увагі на утылітарна-тэхн. і эканам. пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некат. гарадоў. Ствараліся новыя прамысл. раёны і вузлы-комплексы прамысл. прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі (гл. ў арт.Прамысловая архітэктура). На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукц. сіл (1959—80-я г.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтр. ядро, арх. комплексы цэнтраў гар. раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сац.-эканам. і паліт. ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабуд. дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Горадабудаўніцтва Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гар. і абл. праектных арг-цыях, на кафедры горадабудаўніцтва арх. ф-та Бел.дзярж.політэхн. акадэміі. Кіраванне горадабуд. дзейнасцю на нац. узроўні ажыццяўляе Мін-вабуд-ва і архітэктуры, на мясц. узроўнях — абл., раённыя і гар. органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтвам.
Літ.:
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Рагон М. Города будущего: Пер. с фр.М., 1969;
Бунин А.В., Саваринская Т.Ф. История градостроительного искусства. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979;
Бархин М.Г. Архитектура и город. М., 1979;
Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;
Новые города Белоруссии. Мн., 1966;
Зельтен Н.А. Архитектура и планировка малых городов Белоруссии. Мн., 1968;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;
Беларусь: Среда для человека: Нац. отчет о человеческом развитии, 96. Мн., 1996.
І.А.Іода, В.І.Анікін, Ю.І.Шпіт.
Да арт.Горадабудаўніцтва. Рэканструкцыя антычнага Рыма 4 ст. Фрагмент макета.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Нюрнберга. Гравюра з «Сусветнай хронікі» Гартмана Шэдэля. 1493.Да арт.Горадабудаўніцтва. Цэнтр Гродна. З гравюры пач. 20 ст.Да арт.Горадабудаўніцтва. План Масквы з кнігі З.Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». Базель. 1556.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама горада Х’юстан (ЗША).Да арт.Горадабудаўніцтва. План Оршы. 1788.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Парыжа.Да арт.Горадабудаўніцтва. Вуліца Першамайская ў Магілёве.Да арт.Горадабудаўніцтва. Праспект Машэрава ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух удругую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. Упадп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар у Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.