«АЎТАБ’Я́НКІ»

(Autobianchi),

легкавыя аўтамабілі аднайм. фірмы (Італія). Выпускаюцца з 1955 (з 1967 у складзе канцэрна «ФІАТ»), з 1994 — аўтамабілі асабліва малога класа (рабочая ёмістасць рухавіка 0,9—1 л, магутнасць 34—54 кВт, максімальная скорасць 145—170 км/ гадз).

Легкавы аўтамабіль «Аўтаб’янкі».

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТАПЕ́РЧАВАЕ ДРЭ́ВА,

агульная назва розных відаў дрэвавых раслін, з млечнага соку якіх атрымліваюць гутаперчу. Найчасцей гутаперчавым дрэвам называюць віды дрэў з трапічных родаў палаквіум, пайена сям. сапотавых, басія сям. лебядовых, таксама з родаў брызгліна сям. брызглінавых, эўкомія сям. эўкоміевых і інш.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС ЮСЦІНІЯ́НА,

адна з частак Кадыфікацыі Юсцініяна. Уключае 4652 урыўкі з імператарскіх распараджэнняў (канстытуцыі, 2—1-я пал. 6 ст.). Складаецца з 12 кніг, у якіх выкладзены нормы царк. права і абавязкі дзярж. служачых, прыватнае, крымін., адм. і фін. права.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДЗЁННАЯ ЛІ́НІЯ,

лінія перасячэння плоскасці нябеснага мерыдыяна з плоскасцю матэм. гарызонта. На перасячэнні з нябеснай сферай дае пункты Пн і Пд. Уздоўж П.л. падае цень у сапраўдны поўдзень. Напрамак П.л. супадае з напрамкам геагр. мерыдыяна ў дадзеным пункце паверхні Зямлі.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Давыд, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Разам з інш. майстрамі — выхадцамі з Беларусі прымаў удзел у стварэнні ракі св. Савы Вішэрскага (1671), мэблі і хатняга начыння для царскага дома (1667—77).

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ЗАВО́Д ШТУ́ЧНЫХ СКУР Дзейнічае ў г. Пінск Брэсцкай вобл. з 1959. З 1995 — адкрытае акц. т-ва з той жа назвай. Асн. прадукцыя (2001): штучныя мяккія скуры, цырата сталовая, пераплётны і плёначны матэрыял, скургалантарэйныя і полівінілхларыдныя вырабы, тавары нар. спажывання.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫКА́Ш (Вікенцій Міхайлавіч) (9.8.1931, в. Саломерка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1992),

бел. фізік, адзін з арганізатараў даследаванняў па фізіцы сегнетаэлектрыкаў. Д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1958 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па тэхналогіі вырошчвання сегнетаэлектрычных крышталёў і вывучэнні ўплыву вонкавых уздзеянняў на іх уласцівасці.

Тв.:

Сборник задач по статистической физике. Мн., 1979 (разам з А.​І.​Болсунам, В.​В.​Аксёнавым);

Физика в живой природе. 2 изд. Мн., 1984 (разам з Б.​А.​Кімбарам, І.​М.​Варыкашам);

Кіраўніцтва да рашэння задач па агульнай фізіцы. Мн., 1995 (разам з М.​С.​Цэдрыкам).

П.​А.​Пупкевіч.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙКО́ (Аляксандр Міхайлавіч) (1885, в. Астраўляны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 30.1.1941),

прафесійны рэвалюцыянер. З 1904 чл. РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1906 чл. Пецярбургскага к-та РСДРП, у 1907—09 чл. яго выканаўчай камісіі. Удзельнік V Усерас. парт. канферэнцыі (Парыж, 1908). У 1909 арыштаваны і сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Верхнеудзінскага (з 1934 Улан-Удэ) Савета. З 1918 старшыня Рэўтрыбунала Прыбайкалля. Пасля захопу Забайкалля белагвардзейцамі эмігрыраваў у Манголію, потым у Кітай. Адзін з кіраўнікоў разгрому войск Унгерна. У 1921 эмісар Далёкаўсх. Рэспублікі ў Прыбайкаллі, сакратар Далёкаўсх. Бюро ЦК РКП(б). З 1922 старшыня Нар. сходу Далёкаўсх. Рэспублікі, пазней нам. наркома гандлю РСФСР. У 1933—41 нам. гал. арбітра РСФСР. Аўтар кн. «Шлях рабочага» (1934).

А.М.Буйко.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУМАЖКО́Ў (Ціхан Піменавіч) (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач. Вял. Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.

Ц.П.Бумажкоў.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДА козаў,

старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.

Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат. вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.

Каза ангорскай пароды.

т. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)