ЧЫ́РЫНА,

вёска ў Кляноўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., па левым беразе р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 21 км на ПдУ ад Дуброўна, 128 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Асінаўка. 205 ж., 69 двароў (2003). Клуб. За 1,5 км на ПдЗ ад вёскі гарадзішча.

т. 17, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНІ,

вёска ў Брэсцкім р-не. Цэнтр сельсавета і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 9 км на ПнУ ад Брэста. 2166 ж., 763 двары (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква св. апостала Іаана Багаслова. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 17, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСТА́ЛЬ,

горад у Маскоўскай вобл. Расіі. Узнік у 1916 як паўстанак Зацішша, з 1928 пас. Электрасталь, з 1938 горад. 146,4 тыс. ж. (2001). Чыг. станцыя. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, у т. л. цяжкае і эл.-тэхн.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Філіял Маскоўскага ін-та сталі і сплаваў.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́РФУРТ (Erfurt),

горад у Германіі, на р. Гера. 205 тыс. ж. (1992). Буйны прамысл. цэнтр і трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне, хім., мэблевая, радыёэлектронная, абутковая, паліграф., харчасмакавая. Мед. акадэмія. Міжнар. выстаўка кветак. Гатычны ансамбль сабора (12—15 ст.) і царквы Северыкірхе (13—14 ст.).

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ТЫКА (Utica),

горад на ПнУ ЗША, на р. Мохак, штат Нью-Йорк. Засн. ў 1773. 234 тыс. ж. (2001; разам з г. Ром і прыгарадамі). Порт на Эры-канале. Трансп. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць авіяц. рухавікоў, станкоў і прылад, прамысл. абсталявання, ЭВМ), трыкат., харч., паліграфічная.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНО́ВА,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і рэсп. унітарнага прадпрыемства. За 45 км на ПнУ ад Веткі, 67 км ад горада і чыг. ст. Гомель, аўтадарогай злучана з Веткай. 406 ж., 182 двары (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 18, кн. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫД-ГАРАДО́К,

горад у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад г. Столін, 280 км ад г. Брэст, 41 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец — Сарны. 7,2 тыс. ж. (1997).

Паводле археал. звестак, Давыд-Гарадок узнік у пач. 12 ст. У летапісах упамінаецца з 14 ст. У 14—18 ст. існаваў Давыд-Гарадоцкі замак. У канцы 14—16 ст. цэнтр Давыд-Гарадоцкага княства. З 1522 належаў каралеве Боне, з 1558 — Радзівілам. З 1579 цэнтр ардынацыі, з 1586 уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане ўдзельнічалі ў Давыд-Гарадоцкім паўстанні 1648—50. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, прыйшоў у заняпад. З 1793 у Рас. імперыі, у 1795—96 цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета, меў герб; з 1796 мястэчка Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1897 — 7815 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 11,7 тыс. ж. З 1940 горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай (з 1954 — Брэсцкай) вобл. З 7.7.1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія загубілі ў горадзе 402 чал. У кастр. 1943 партызаны разграмілі ням.-фаш. гарнізон (гл. Давыд-Гарадоцкія баі 1943). З 1961 у Столінскім р-не. У 1970 — 8,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы металаапр. (Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод), харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква (2-я пал. 17 ст.). Археал. помнікі — гарадзішча (12—14 ст.), каля Давыд-Гарадка грунтавы могільнік (1—5 ст.), селішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга сярэдневякоўя.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЧЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рутка. На аўтадарозе Навагрудак—Мінск. За 185 км ад Гродна, 42 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. 7,8 тыс. ж. (1998).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1395. У 15 ст. двор вял. князёў ВКЛ у Навагрудскім пав. У 1505 разрабаваны крымскімі татарамі. З 1594 вядомы як мястэчка. З 2-й чвэрці 17 ст. ўладанне кн. Радзівілаў. З 2-й пал. 17 ст. ў К. дзейнічала шпалерня (гл. Карэліцкія шпалеры). У 1655 у час вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай разбураны шведамі. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 зноў спалены шведамі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1833—62 дзейнічала Карэліцкая цукровая мануфактура. У 1897—2559 ж., школа, царква, сінагога, лячэбніца, гасцініца, паштовая станцыя. У 1-ю сусв. вайну моцна разбураны, акупіраваны герм. войскам. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Карэліцкага раёна, вёска. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3747 ж. З 30.4.1958 гар. пасёлак. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.

Ільнозавод. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей «Зямля і людзі». Вайсковыя могілкі, Мемар. комплекс сав. воінам і партызанам, помнік землякам. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ВА,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).

Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл. Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.

Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЧЫ,

горад, цэнтр Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ведзьма. На шашы Брэст—Русінавічы. За 225 км ад Брэста, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Лунінец. 12,2 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 15 ст. як цэнтр Ляхавіцкай вол. (маёнтка). У 1-й пал. 16 ст. належалі Гаштольдам. З 1551 уладанне вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. З 1572 уладанне Я.​Е.​Хадкевіча і яго нашчадкаў, якія з канца 16 ст. сталі наз. «графы на Ляхавічах». У канцы 16 ст. пабудаваны Ляхавіцкі замак. У 1635 Л. перайшлі да Сапегаў. У 17 ст. мястэчка, у 1636—215 дымоў. З 1760 уладанне Масальскіх. Уваходзілі ў Навагрудскі, з 1791 — у Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі. З 1797 цэнтр Ляхавіцкай вол. Слуцкага пав. Мінскай губ. У канцы 18—19 ст. ў ленным уладанні Касакоўскіх. У 1880-я г. праз Л. пракладзены ўчастак Палескай чыг. Баранавічы—Лунінец. У 1897 мястэчка, 5016 ж., каля 150 двароў. У лют.—снежні 1918 акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, горад у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл., 5,1 тыс. ж. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 4983 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. У 1959—4,5 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д «Ляхавіцкі»), буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік рус. воінам, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Радзіма бел. пісьменніка і грамадскага дзеяча 16 ст. Ф.Еўлашоўскага.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)