філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.В.Луначарскі, У.А.Базараў, П.С.Юшкевіч, часткова М.Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і дапач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.
Літ.:
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́Н (Вал, Val),
α-амінаізаваляр’янавая кіслата, (CH3)2 CHCH(NH2)—COOH, адна з незаменных амінакіслот. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў у выглядзе L-ізамера, удзельнічае ў сінтэзе пантатэнавай кіслаты і пеніцыліну. Крышталічнае рэчыва. Добра раствараецца ў вадзе. Будову валіну вызначыў і даказаў штучным сінтэзам ням. біяхімік Э.Фішэр. Колькасць валіну ў бялку ад 4,1 (міяглабін коней) да 8% (сываратачны альбумін чалавека, казеін малака), у асобных выпадках да 13—14% (эластын злучальных тканак). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў валіне 1,6 г. Адсутнасць валіну ў ежы вядзе да адмоўнага азоцістага балансу, у выніку затрымліваецца рост, у нерв. сістэме адбываюцца дэгенератыўныя змены. Валін выкарыстоўваюць у вытв-сці граміцыдзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
асноўны цэнтр манетнай вытв-сці ВКЛ. Існаваў з канца 15 ст.да 30.12.1667. Выпускаў аболы, дэнарыі, двайныя дэнарыі, соліды (сярэбраныя), паўгрошы, грошы, 1,5-грашовікі, траякі, 4-грашовікі, шастакі, талеры, орты, злотыя, тымфы, паўдукаты, дукаты, партугалы. Да выпуску двара адносяць і сярэбраныя дэнарыі Вітаўта [1392—1430]. Да Люблінскай уніі 1569 на манетах была выява «Пагоні», у часы Стафана Баторыя — гербы ВКЛ і Каралеўства Польскага, пры Яне II Казіміру аднавілі «Пагоню». Манеты Віленскага манетнага двара вылучаюць па гербах падскарбіяў вял. літоўскіх або па знаках арандатараў двара. Вядомы лічыльныя жэтоны сярэдзіны 16 — пач. 17 ст. Віленскага манетнага двара са знакамі падскарбіяў літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГІ́ПІЯ,
антычны горад на ўсх. узбярэжжы Чорнага м. (на тэр. сучаснага г. Анапа, Расія). У старажытнасці тут было паселішча сіндаў (Сіндская гавань), у 6—5 ст.дан.э. ўзнік г. Сінд (Сіндыка). З 4 ст.дан.э. ў Баспорскай дзяржаве пад назвай Гаргіпія (у гонар Гаргіпа, правіцеля горада з дынастыі Спартакідаў). Буйны гандл.-рамесны цэнтр і важны апорны пункт Баспора. У Гаргіпіі былі храмы Артэміды Эфескай, Пасейдона і інш. У 2—3 ст.н.э. існаваў вял.рэліг. саюз суднаўладальнікаў, горад дасягнуў значнага росквіту. У 4 ст. прыйшоў у заняпад. З 1475 пад уладай Турцыі, ператвораны ў крэпасць Анапа, якая ў 1829 далучана да Расіі, з 1846 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс.дан.э. — 1200 г.дан.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,
разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр.вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал./га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,
гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМЕ́ННІК (Anser fabalis),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў зоне тундры ад а-воў Грэнландыя, Шпіцберген і Ісландыя праз Еўропу і Азію да Чукоткі і паўн. Камчаткі; на У Еўропы і ў Азіі трапляецца ў зоне тайгі. Жыве на ўчастках травяністай і хмызняковай тундры, пераважна па суседстве з вадаёмамі; у лясной паласе — на глухіх лясных ручаях, рачных далінах, мохавых балотах, горных лясных азёрах. На Беларусі пралётны від.
Даўж. 73—90 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне шаравата-бурае, ніз светлы. Дзюба чорная з ружовай або жоўтай перавязкай. Нясе найчасцей 3—4 (да 9) яйцы. Корміцца пераважна расліннай ежай (ягады, лісце, насенне). Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРО́ Алена Генрыхаўна (30.5.1877, С.-Пецярбург — 6.5.1913),
руская пісьменніца і мастак. З 1890 вучылася ў школе Т-ва падтрымкі мастацтваў у Пецярбургу. У друку дэбютавала ў 1905 ілюстрацыямі да «Бабуліных казак» Ж.Санд і апавяданнем «Ранняя вясна». Прымыкала даліт. групы куба-футурыстаў. Першы зб. апавяданняў, вершаў і п’ес «Шарманка» (1909). Кніга «Асенні сон» (1912) напісана пад уплывам паэтаў-сімвалістаў. Самая значная кніга — «Нябесныя вярблюдзяняты» (1914). Творчасць Гуро адлюстроўвае пераходную стадыю ад імпрэсіянізму і сімвалізму да футурызму.
Тв.:
Selected prose and poetry. Stockholm, 1988 (дзённік, вершы і проза, «Бедны рыцар»).
Літ.:
Ковтун Е. Гуро, поэт и художник // Памятники культуры, 1976. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯ Георгій Мікалаевіч (н. 25.8.1930, Тбілісі),
расійскі і грузінскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1989). Скончыў Маск. архітэктурны ін-т (1955), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). З 1960 на «Масфільме». Дэбютаваў фільмам «Сярожа» (1960, разам з І.Таланкіным). Здымае псіхал. драмы («Шлях да прычала», 1962), лірычныя («Я крочу па Маскве», 1964; «Міміно», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1978), сатыр. («Трыццаць тры», 1966), фантаст. камедыі («Кін-дза-дза», 1987) і трагікамедыі («Не бядуй», 1969; «Афоня», 1975; «Асенні марафон», 1979, Дзярж. прэмія Расіі 1981; «Слёзы капалі», 1983; «Пашпарт», 1990), для якіх характэрны ўвага дасац. прыроды з’яў і ўчынкаў, спачувальная інтанацыя ў адносінах да герояў.