эканаміст, юрыст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Працягваў адукацыю ў Кёнігсбергу і Берліне, але з-за ганенняў езуітаў на яго бацькоў вымушаны вярнуцца на радзіму і прыняць каталіцкую веру. З 1733 зноў у Прусіі, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II. У 1760 напісаў эканам. трактат «Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі» (захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу, у бел. перакладзе выдадзены ў 1995). Аскерка ўпершыню ўвёў у навук. ўжытак слова «план», выказаў ідэі, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.
Літ.:
Янченко С. Не все могут короли: Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело. 1993. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУЭ́ЛА ((Azuela) Марыяна) (1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),
мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.
Тв.:
Рус.пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).
Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр.Эбершт; Eberscht) Жак
(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),
кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнік франц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.
Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.Вашкевіч, У.Галубок, Р.Жакоўскі, А.Крыніца, М.Міцкевіч, Л.Навахацкая, Ч.Родзевіч, В.Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Кветка папараці» К.Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,
штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам. развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж.буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКАЎ (Павел Навумавіч) (14.12.1896, г. Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобл., Украіна — 9.8.1969),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1960). З 1936 праф. Ленінградскага ун-та. Даследаваў рус. л-ру 18—20 ст., узаемасувязі рус. і зарубежных л-р, гісторыю тэатра і журналістыкі 18 ст., кнігазнаўства, тэксталогію, тэхніку літ.-знаўчай работы, тэорыю і методыку бібліяграфіі. Навук. кіраўнік і адзін з рэдактараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69). Цэнтр.навук. бібліятэка імя Я.Коласа АН Беларусі набыла кнігазбор Беркава.
Тв.:
Введение в технику литературоведческого исследования. Л., 1955;
Библиографическая эвристика. М., 1960;
Ф.Скарына і пачатак усходнеславянскага вершаскладання // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Избранное: Тр. по книговедению и библиографоведению. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНА́РТ ДЭ ВЕНТАДО́РН, Бернарт дэ Вентадур (Bernart de Ventadorn; Bernart de Ventadour ; каля 1125, замак Вентадур, дэпартамент Карэз, Францыя — каля 1195),
правансальскі паэт-трубадур. Адзін з выдатных песняроў кахання. Напалову легендарную біяграфію Бернарта дэ Ветадорна склалі шматлікія гісторыі пра захапленні паэта рознымі Доннамі. Захаваліся паэт. і муз. тэксты 44 яго песень. Выкарыстоўваў жанр кансоны (любоўнай песні з кананічнай строфікай і рыфмоўкай), версу (які не абмяжоўваўся тэмай кахання, а закранаў і пытанні маралі), тэнсоны (літаральна — спрэчка, песня-дыялог). Тэксты Бернарта дэ Ветадорна адметныя шчырасцю, эмацыянальнасцю, вытанчанасцю формы.
Тв.:
Рус.пер. — Песни. М., 1979.
Літ.:
Дынник В.А. Бернарт де Вентадорн и «радостная наука» трубадуров // Бернарт де Вентадорн. Песни. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУЛА́ВА (Хута Міхайлавіч) (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),
грузінскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.Бураўкіна, А.Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, Грачанікаў, Х.Жычка, В.Зуёнак, В.Лукша, У.Паўлаў, Я.Семяжон і інш.