старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн.Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-йпал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-йпал. 13 — пач. 15 ст.вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ.Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРЭ́С (Jaurés) Жан Леон (3.9.1859, г. Кастр, Францыя — 31.7.1914),
дзеяч франц. і міжнар.сацыяліст. руху, гісторык. Праф. філасофіі Тулузскага ун-та (1883—85). У 1885—89, 1893—98 і 1902—14 дэп. парламента. У рабочым руху і ў 2-м Інтэрнацыянале адстойваў рэфармісцкія погляды. У 1902 узначаліў Франц.сацыяліст. партыю, пасля яе аб’яднання (1905) з Сацыяліст. партыяй адзін з лідэраў правага крыла Аб’яднанай сацыяліст. партыі. У 1904 заснаваў газ. «L’Humanite» («Чалавецтва»). Выступаў супраць каланіялізму, мілітарызму і вайны. Забіты франц. фанатыкам-нацыяналістам Р.Віленам напярэдадні 1-йсусв. вайны. Аўтар твораў «Пачаткі сацыялізму ў Германіі Лютэра, Канта. Фіхтэ і Гегеля» (1891), «Сацыялістычныя даследаванні» (1901), «Новая армія» (1911), арганізатар і рэдактар калект. працы «Сацыялістычная гісторыя, 1789—1900» (т. 1—13, 1901—08), аўтар яе першых 4 тамоў, прысвечаных Франц. рэвалюцыі 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 2-йпал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,
грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-йсусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв.эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 2-йпал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн.Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЯЦ Леанард Іосіфавіч (сак. 1890, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 23.9.1935),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1914—16 працаваў у Віленскім акцызным упраўленні, у 1916—17 адказны сакратар Мінскага аддз.Усерас. земсаюза. Чл. партыі бел. эсэраў. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. 3 лют. 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі. Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) заг. канцылярыі і дзярж. сакратар у Народнай радзе БНР. Удзельнік 2-й Усебел. канферэнцыі 1925 у Берліне. З 1925 у БССР, кансультант Наркамфіна. Звольнены «ў сувязі з чысткай апарату». 19.7.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», высланы на 5 гадоў ва Уфу. 25.7.1935 зноў арыштаваны абл. упраўленнем НКУССССР, памёр у турме ў час следства. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРА́ТАРСКІ ПАЛА́Ц, Гугун у Пекіне,
адзін з буйнейшых сярэдневяковых гар. ансамбляў Кітая. З 1925 музей. Былая афіц. рэзідэнцыя імператараў. Павінен быў сімвалізаваць упарадкаванасць, адзінства і гармонію сусвету і ўсяго Кітая. Буд-ва пачата ў 1-йпал. 15 ст. Тэрыторыя прамавугольная ў плане (960 м × 750 м), абкружана цаглянымі сценамі (выш. 10 м) з 4 варотамі і ровам. Комплекс складаецца з трох гал. павільёнаў — Тайхэдзянь (Павільён вышэйшай гармоніі, 1421, рэканструяваны ў 1697), Чжунхэдзянь (Павільён поўнай гармоніі) і Баохэдзянь (Павільён захавання гармоніі; абодва 15 ст.; перабудаваны ў 17—18 ст.). Палацавай архітэктуры ўласцівы пышнасць, дэкаратыўнасць. Асн. яе тып — аднапавярховы чатырохвугольны павільён «дзянь», падзелены калонамі на тры часткі і завершаны высокім, загнутым па краях дахам. Уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕКТУА́ЛЬНАЯ ПРА́ЦА,
творчая, нестандартная, разумовая праца, якая патрабуе ад чалавека развітога мыслення, шырокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі; найб. складаны від разумовай працы ў параўнанні з прыкладной, выканаўчай, стэрэатыпнай. Да І.п. належыць праца вучоных, канструктараў, творчай інтэлігенцыі, людзей, звязаных з абслугоўваннем высокатэхнал. вытв-сці і інш. У асобных выпадках яна спалучаецца з фіз. (праца пілотаў, касманаўтаў, хірургаў, наладчыкаў камп’ютэрнага абсталявання і інш.). Гіст. перадумовы ўзнікнення І.п. — патрэба чалавецтва ў навук. адкрыццях, канструяванні машын, стварэнні новых тэхналогій і інш. У працэсе развіцця вытв-сці адбыўся падзел разумовай і фіз. працы. Паступова разумовая праца набыла рысы І.п. Асаблівае развіццё яе адбылося ў 2-йпал. 20 ст., калі навука стала вызначальным фактарам вытв-сці і інш. сфер грамадскага жыцця (ахова здароўя, адукацыя, культура і інш.).