МАГІЛЁЎСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.А.Рымскага-Корсакава.

Засн. ў 1937 на базе Магілёўскай муз. школы імя Рымскага-Корсакава (з 1919). У 1999/2000 навуч. г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя, нар. інструменты, дырыжыраванне (акад. і нар. хор), музыказнаўства. Рыхтуе выкладчыкаў дзіцячых муз. школ, артыстаў аркестра і хору, кіраўнікоў самадз. хароў і аркестраў, выкладчыкаў музыкі і спеваў агульнаадук. школ. Сярод творчых калектываў: аркестры рус. нар. інструментаў, сімфанічны, духавы, цымбальны; хор, ансамбль скрыпачоў, квартэт трамбаністаў. У розны час у вучылішчы выкладалі: А.Боркус, Т.Ворашань, С.Грачак, С.Гурэвіч, Я.Далгін, Л.Каганаў, С.Куляшоў, Л.Лазарэнка, І.Лушчыкаў, Е.Мінковіч, З.Міхалевіч, Н.Мендзялеўская, А.Мысаў, І.Паўлаў, В.Тупіцын, С.Файнштэйн, А.Яўстратаў і інш. Вучылішчам кіравалі: Л.Зісман (1937—56), М.Салдатаў (1956—73), Л.Іваноў (1973—98), А.Кірэйчанка (з 1998). Сярод выпускнікоў: М.Браценнікаў, У.Будкевіч, П.Вандзілоўскі, П.Дружына, У.Ермалаеў, Ю.Златкоўскі, В.Купрыяненка, Л.Ліхачэўская, С.Лясун, Б.Мазур, М.Марэцкі, М.Нікіцін, Ф.Пыталеў, В.Раінчык, А.Сасноўскі, У.Скараходаў, Т.Шчэрба, Т.Якіменка і інш.

Літ.:

Могилевское музыкальное училище им. Н.А.Римского-Корсакова (1937—1987). Могилев, 1987.

Л.А.Сівалобчык.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІКАЎ (Кубанычбек Іманаліевіч) (16.9.1911, в. Уч-Эмчэк Канцкага р-на Чуйскай вобл., Кыргызстан — 9.12. 1978),

кіргізскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Кіргізіі (1947). Нар. паэт Кіргізіі (1969). Скончыў 1-ы Кіргізскі пед. тэхнікум (1931). Друкаваўся з 1928. Першая кн. «Вершы Кубанычбека» (1933) — водгук на тагачасныя падзеі. У зб-ках вершаў і паэм «Агні ў гарах» (1957), «Думы пра будучае» (1964), «Голас са скалы» (1966), «Ленін і Ісык-Куль» (1974) і інш. паэтызацыя жыцця і працы сучаснікаў, асэнсаванне маральна-этычных праблем. П’есы «На высокай зямлі» (паст. 1956), «Сэрца б’ецца» (паст. 1957), «Дзяўчаты з адной вуліцы» (1960), «Асманкул» (1970) і інш. адыгралі важную ролю ў станаўленні нац. драматургіі і т-ра. Адзін са складальнікаў зводнага варыянта эпасу «Манас». Сааўтар лібрэта опер «Айчурэк» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «Тактагул» (паст. 1958). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Р.Барадулін, М.Федзюковіч.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1983.

К.І.Малікаў.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́ЛКА (Аркадзь Пятровіч) (24.8.1905, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 27.10.1986),

бел. пісьменнік, перакладчык. Канд. філал. н. (1956). Вучыўся на Фанетычных курсах новых моў у Ленінградзе (1926—27), у БДУ (1927—29), на Вышэйшых курсах новых моў пры 2-м Маскоўскім ун-це (1929—30). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1950). У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1988. З 1935 жыў у Ташкенце. Працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це (1951—57), Ташкенцкім пед. ін-це (1956—60), Рэсп. ін-це рус. мовы і л-ры (1960—85). Друкаваўся з 1924. Публікаваў вершы, апавяданні, нарысы, рэцэнзіі. Аўтар кн. нарысаў «Вялікае нараджэнне» (1932), навук. прац «Нарысы па рускай фразеалогіі» (1964), «Як хутчэй засвоіць значэнне англійскіх слоў» (1968) і інш. На бел. мову пераклаў раздзелы са «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела, «Песню пра вольны шлях» У.Уітмена, асобныя творы Дж.Лондана, Р.Тагора, П.Тычыны, раман М.Ляшко «Доменная печ» і інш.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-я г.),

туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, А.Вольскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, У.Караткевіч, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, М.Танк, У.Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — Салавей шукае ружу: Выбр. лірыка. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983;

Стихотворения. Л., 1984.

Махтумкулі.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦУО БА́СЁ, Басё (сапр. імя Мунэфуса; 1644, Уэна, Японія — 12.10.1694),

японскі паэт. Вывучаў паэт. майстэрства і каліграфію ў Кіёта. Вядомасць атрымаў як паэт камічнага рэнга. Пад уплывам дзэн-будызму стварыў паэт. жанр хайку (хоку), ператварыўшы традыц. яп. 17-складовы верш з лёгкай эпіграмы ў філас. паэт. мініяцюру. Паэт. спадчына М. і яго вучняў склала 7 анталогій: «Зімовыя дні» (1684), «Вясновыя дні» (1686), «Сцішанае поле» (1689), «Гарлянка» (1690), «Саламяны плашч малпы» (кн. 1—2, 1691—98), «Мяшок вугалю» (1694). Аўтар вандроўных дзённікаў («Косці, што бялеюць ў полі», «Лісты вандроўнага паэта», «Па сцежках Поўначы» і інш.), прадмоў да кніг і вершаў, пісьмаў. Паэзія і эстэтыка М. паўплывалі на развіццё яп. л-ры сярэдніх вякоў і новага часу. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Разанаў, Л.Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Хайку] // Крыніца. 1997. № 6;

Рус. пер. — Лирика. М., 1964.

Літ.:

Бреславец Т.И. Поэзия Мацуо Басё. М., 1981.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й МІКАЛА́ЕВІЧ Малодшы

(18.11.1856, Пецярбург — 5.1.1929),

расійскі вял. князь, военачальнік. Ген.-ад’ютант (1894), ген. ад кавалерыі (1901). З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая Мікалаевіча Старэйшага. Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1873) і Акадэмію Генштаба (1876). У рус.-тур. вайну 1877—78 знаходзіўся для асобых даручэнняў пры сваім бацьку — галоўнакамандуючым, пазней камандаваў палком, брыгадай і кав. дывізіяй. З 1895 ген.-інспектар кавалерыі. У 1905—14 каманд. войскамі гвардыі і Пецярбургскай ваен. акругі, адначасова (1905—08) старшыня Савета дзярж. абароны. У 1-ю сусв. вайну з 2.8.1914 да 5.9.1915 вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Расіі (яго стаўка была спачатку ў Баранавічах, а з 21.8.1915 у Магілёве), са жн. 1915 галоўнакаманд. войскамі Каўк. фронту. 15.3.1917 прызначаны Мікалаем II, які адрокся ад прастола, вярх. галоўнакаманд., але пад націскам Часовага ўрада і Саветаў адмовіўся ад пасады. З сак. 1919 у эміграцыі, частка рас. эмігрантаў лічыла яго прэтэндэнтам на рас. прастол.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1880—1917. Засн. 1.7.1880 на ахвяраванні жыхароў горада. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне і дапамогі з казны. Спачатку мела 2 класы, пазней пераўтворана ў 7-класнае. Пры 7-м класе было механіка-тэхн. аддз., якое 1.7.1891 рэарганізавана ў аддзяленне для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў спецыялізаваныя ВНУ Рас. імперыі (пераважна ў тэхнал. ін-ты). 5-ы і 6-ы класы мелі асн. і камерцыйнае аддзяленні. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, польск., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, музыка, спевы, гімнастыка. Пры вучылішчы існавалі б-ка, лабараторыя, фіз., мех., прыродазнаўча-гіст. і інш. кабінеты. У 1883 вучылася 67, у 1907—264, у 1911—268, у 1915—304 юнакі. Сярод выхаванцаў вучылішча нар. артыст СССР Б.В.Платонаў.

Літ.:

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.Ф.Самусік.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮРЫДЫ́ЗМ,

умоўны тэрмін для абазначэння рэліг.-містычнай плыні ў ісламе, пашыранай на Паўд. Каўказе ў 19 ст. У аснове М. прынцыпы, выпрацаваныя ідэолагамі суфізму ў 12—14 ст., якія ўключалі ідэю роўнасці людзей перад богам у замагільным жыцці, культ беднасці, заклікі да самаадрачэння, самаўніжэння. Гал. ў М. была ідэя джыхаду (газавату) — вайны супраць каланіяльнай палітыкі рус. царызму ў 1820—60-я г. і супраць мусульман, якія былі на баку «няверных» або ўхіляліся ад удзелу ў газаваце. Правадыры гэтай барацьбы імамы Газі-Магамед, Гамзатбек і Шаміль ставілі сваёй мэтай стварэнне імамата — ісламскай тэакратычнай дзяржавы, жыццё ў якой строга рэгламентавалася шарыятам, барацьба з «нявернымі» абвяшчалася гал. умовай рэліг. самаўдасканалення. Тым, хто загінуў за справу ісламу, абяцалася выратаванне і вечнае шчасце. Вял. роля ў імамаце належала мюрыдам, найб. адданым паплечнікам імама, выхаваным у нянавісці да «няверных». Ідэі М. нацыяналісты выкарыстоўвалі на Каўказе ў 1918—21 і пазней.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІЧЭ́НКА (Леанід Мікалаевіч) (н. 31.3.1914, с. Русанаўка Ліпавадалінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі літаратуразнавец, крытык. Чл.-кар. АН Украіны (1958). Д-р філал. н. (1958). Скончыў Кіеўскі ун-т (1939). Друкуецца з 1938; Даследуе гісторыю ўкр. л-ры, яе ўзаемасувязі з інш., пераважна слав. л-рамі. Аўтар прац «Паэзія і рэвалюцыя» (1956), «Не ілюстрацыя — адкрыццё!» (1967, Дзярж. прэмія Украіны імя. Т.Шаўчэнкі 1968), «Жыццё як дзеянне» (1974), «Паэтычны свет Максіма Рыльскага (1910—1941)» (1980), «Тарас Шаўчэнка — паэт, змагар, чалавек» (1982) і інш. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі ўкраінскай літаратуры» (т. 1—8, 1967—71). У асобных артыкулах закранаў узаемаўплывы бел. і ўкр. пісьменнікаў, спецыфіку бел. прозы і паэзіі на прыкладзе твораў Я.Купалы, Я.Коласа, А.Адамовіча, Я.Брыля, З.Бядулі, А.Кулакоўскага, М.Лынькова, І.Мележа, П.Панчанкі, І.Шамякіна і інш.

Тв.:

Рус. пер. — О многообразии художественных форм и стилей в литературе социалистического реализма. М., 1959;

Не иллюстрация — открытие! М., 1969.

В.Я.Буран, В.А.Чабаненка.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1783—1918. Падпарадкоўваліся Камісіі па нар. вучылішчах. Падзяляліся на 4-класныя галоўныя (тэрмін навучання 5 гадоў) і 2-класныя малыя. На Беларусі галоўныя Н.в. існавалі ў Магілёве (1789—1809), Полацку (1789—97), Віцебску (1794—1809). Вывучаліся лац., рус., польск. і ням. мовы, катэхізіс, арыфметыка, гісторыя, геаграфія, геаметрыя, архітэктура, механіка, фізіка, маляванне. Малыя Н.в. дзейнічалі ў Полацку (1797—1820), Оршы (1791—1821), Чэрыкаве (1791—1837), Мсціславе і Чавусах (1791—1830), Копысі (1791—97). Школы са статутамі малых Н.в. засн. магістратам у Рэчыцы (1800—09), дамініканцамі ў Беліцы (1790—1833), канонікамі рэгулярнымі ў Азяранах Рагачоўскага пав. (1792—1837). Пры ліквідацыі галоўных і малых Н.в. ствараліся пач. Н.в. са статутам прыходскіх вучылішчаў. Былі 1-класныя (3—4 гады навучання) і 2-класныя (5—6 гадоў). Выхаванцамі Н.в. былі пераважна дзеці сялян. Н.в. скасаваны ў 1917—18.

А.Ф.Самусік.

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)