рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ.Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАУ́ЛІ ПІЕТО́МІН, Ваўлё Ненянге,
кіраўнік паўстання ненецкай беднаты ў 1830—40-я г. Аленявод нізавой тундры з р. Таз. На чале ўзбр. дружыны вёў барацьбу супраць мясц. князькоў, багатых аленяводаў, купцоў і царскіх чыноўнікаў. У студз. 1841 з атрадам (400 чал.) падышоў да г. Абдорск (цяпер г. Салехард). Быў схоплены, дастаўлены ў г. Бярозаў, пасля ў г. Табольск і сасланы на катаргу ва Усх. Сібір, дзе памёр. Паўстанне Ваулі Піетоміна ўпершыню апісала ў сваім дзённіку ўраджэнка Беларусі Е.Фялінская, якая адбывала ў Бярозаве ссылку за рэв. дзейнасць.
Літ.:
История Сибири с древнейших времен до наших дней. Т. 2. Л., 1968;
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасляГарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕРА ГІПО́ТЭЗА,
гіпотэза, паводле якой абгрунтоўваецца рух кантынентаў у гарызантальным напрамку. Выказана А.Вегенерам у 1912. У аснове гіпотэзы — падабенства зах. і ўсх. берагоў Атлантычнага ак., якія дакладна сумяшчаюцца. Паводле Вегенера гіпотэзы, каля 200 млн. гадоў назад пачаўся распад і разыходжанне кавалкаў першапачаткова адзінага звышмацерыка Пангея. На падставе тэорыі ізастазіі і геал. даных Вегенер лічыў, што мацерыковыя гранітныя глыбы перамяшчаліся на тысячы кіламетраў па нерухомым базальтавым слоі. Гэта першая гіпотэза мабілізму, якая атрымала развіццё пасляМіжнар.геафіз. года (1957—58) і адкрыцця сувязі паміж працэсамі ў мантыі і зямной кары (гл. таксама Дрэйф кантынентаў).
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Вегенера гіпотэза. Гіпатэтычны мацярык Пангея і яго разыходжанне на сучасныя мацерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в.Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.Л.Бочак, А.Л.Валагжанін, В.П.Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в.Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл.Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл.Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл.Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК (Тамаш Іосіфавіч) (падп. мянушка Гуліч; 1801, б. фальварак Міцкевічы Навагрудскага ваяв. — 16.2.1895),
бел.рэв. дзеяч, мемуарыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Падзяляў погляды філарэтаў і філаматаў. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1836 выконваў даручэнні Ш.Канарскага. Пасля правалу тайнай арг-цыі арыштаваны ў Вільні і ў 1839 сасланы ў Зах. Сібір. Адтуль дасылаў матэрыялы ў «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», 1843—49). У 1857 вярнуўся на радзіму ў Міцкевічы. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, уваходзіў у склад віленскіх рэв. арг-цый, за што сасланы на катаргу ў Томскую губ., у 1869 пераведзены ў Цывільск (Чувашыя), потым у Казань. У 1871 па амністыі вярнуўся дамоў. Аўтар успамінаў і філас. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1659.
Адбывалася ў маі—снежні 1659 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 супраць рас. войска. У пач. 1657 пасля 18-месячнай аблогі рас. войскі з казакамі І.Нячая штурмам захапілі Быхаў. У 2-й пал. 1658 Нячай здрадзіў цару і перайшоў на бок Яна II Казіміра. Сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў Стары Быхаў. Войска рас. ваявод Змеева і Лабанава-Растоўскага 14.5.1659 падышло да горада і пачало яго новую аблогу, якая працягвалася да 4 снеж. і скончылася начным штурмам. Поспеху штурму садзейнічала здрада членаў гар. магістрата і каменданта Быхаўскага замка немца Шульца. Шмат было забіта абаронцаў замка, у т. л. Нячай, знішчана палонная шляхта. У адбудаваным замку размясціўся рас. гарнізон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ПАВЕ́Т, Старабыхаўскі павет (да 1852). Існаваў на тэр. Беларусі ў 1772—96 і 1802—1923. Утвораны 8.6.1772 пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г.Быхаў (Стары Быхаў). 23.12.1796 пры скасаванні Магілёўскай губерні павет скасаваны, тэр. ўвайшла ў Беларускую губерню. Адноўлены 11.3.1802 з аднаўленнем Магілёўскай губ.Пл. Павета 4105,8 кв. вёрстаў, нас. 124 820 чал. (1897). У павеце было 10 валасцей: Баханская, Бычанская (раней Новабычанская), Гарадзецкая (пазней Старабыхаўская), Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская (раней Царкоўнаасавецкая), Даўгамохская, Навабыхаўская, Прапойская, Чыгірынская; 476 нас. пунктаў (1897). З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Быхаўскі павет у яе складзе. З лют. 1919 у складзе Магілёўскай (з 26.4.1919 Гомельскай) губ. РСФСР. 14.2.1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Магілёўскі, Рагачоўскі і Чэрыкаўскі паветы Гомельскай губ.