баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав. грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць і назапашваюць у розных органах (лістах, пладах, каранях, сцёблах і інш.) вял. колькасць вітамінаў ці правітамінаў. Адна з асн. крыніц забеспячэння арганізма чалавека і жывёл вітамінамі, сыравіна для іх вытв-сці. Напр., з пладоў шыпшыны, няспелых пладоў грэцкага арэха гатуюць вітамінныя канцэнтраты, з ягад чорных парэчак, абляпіхі — вітамінізаваныя прадукты харчавання, з ігліцы хвоі, елкі, з лісця бярозы, пладоў шыпшыны — экстракты. Амаль усе расліны маюць у сабе розныя вітаміны ў рознай колькасці, некаторыя вітаміны ёсць толькі ў пэўных відах раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА «ДЗВІНА́».
Дзейнічала на Беларусі з 1900 у маёнтку Язогнева (цяпер у межах Віцебска). Выпускала суровую і беленую льняную пражу і ніткі. Мела 10 аддзяленняў (матальнае, упаковачнае, сушыльнае, цюкавальнае і інш.). У 1900 дзейнічалі паравыя рухавікі (2) і катлы (6), у 1910—13 — 3 паравыя рухавікі. Сыравіна — лён трапаны і пакулле, паліва — дровы, з 1913 — торф. Працавала ад 335 (1900) да 1807 чал. У сав. час рэканструявана. У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Бійск (Расія). У 1946 на базе ф-кі створаны дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял.Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр. аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,
бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.П.Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.В.Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАДНІ́ЦЫН (Анатоль Аляксеевіч) (н. 2.12.1910, с. Башына Тульскай вобл., Расія),
расійскі матэматык, геафізік і механік. Акад.АНСССР (1953), замежны чл. Балгарскай АН (1970). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1931). У 1945—55 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова. У 1955—89 дырэктар Выліч. цэнтра АНСССР, адначасова праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та (з 1947). Навук. працы па праблемах дынамічнай метэаралогіі, аэрадынаміцы вял. скарасцей, прыкладной матэматыцы, нелінейнай механіцы, выліч. тэхніцы. Ленінская прэмія 1984; Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял.Айч. вайну).
Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Джэніс) (19.1.1943, г. Порт-Артур, штат Тэхас, ЗША — 4.10.1970),
амерыканская рок-спявачка і кампазітар, аўтар тэкстаў; адна з першых вядомых белых спявачак блюза. З 1966 выступала і гастраліравала з некалькімі рок-групамі (у т. л. «Вялікі брат і кампанія»), стала кумірам руху хіпі. Валодала дасканалым ад прыроды моцным прыгожым голасам, тонкай нюансіроўкай. Яе рэпертуар уключаў блюзы, творы ў стылях «соўл» і «кантры» (у т. л. ўласныя). Вылучалася эмацыянальна-страснай манерай выканання (сярод прыёмаў — віск, хрып, шэпт, стогн), якая зрабіла вял. ўплыў на наступныя пакаленні рок-спевакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМЯНКО́Ў (Лаўрэнцій Васілевіч) (15.7.1918, в. Сакалоўка Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.11.1993),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Томскі тэхнікум грамадскага харчавання (1938), 1-е Омскае ваен.пях. вучылішча (1941), Усесаюзны завочны фінансава-эканам.ін-т (1959). У Вял.Айч. вайну са студз. 1942 на Ленінградскім і Карэльскім франтах. Камандзір стралк. ўзвода лейт. Дз. вызначыўся ў чэрв. 1944 у баях у раёне г. Ладзейнае Поле Ленінградскай вобл.: гранатамі знішчыў 2 варожыя дзоты, тройчы штурмаваў траншэі праціўніка, паранены не пакінуў поля бою. Да 1960 у органах МУС і КДБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́МАЎСКАЕ ЦА́РСТВА,
удзельнае княства ў Расіі ў 15—17 ст. Створана каля 1450—56 вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным для тат. ханаў, што перайшлі ў маскоўскае падданства. Займала тэрыторыю ўздоўж р. Ака (цяпер паўн.-ўсх.ч. Разанскай вобл.), населеную мешчарой, мардвой і часткова татарамі. Цэнтр — г. Гарадзец-Мяшчэрскі, перайменаваны ў гонар першага ўладальніка — казанскага царэвіча Касім-Хана — у Касімаў (адсюль назва). «Цары» і «царэвічы» прызначаліся маскоўскім урадам. Страціла ваен.-паліт. значэнне пасля далучэння да Расіі Казанскага ханства (1552) і стала фактычна кіравацца маскоўскімі ваяводамі. Скасавана ў 1681.