ЦЫРЦЭ́Я, Кірка,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа-чараўніца. Лічылася дачкой Геліяса, жыла ў раскошным палацы сярод лясоў в-ва Эя. Калі на востраў трапіў Адысей, Ц. ператварыла яго спадарожнікаў у свіней, а яго самога цэлы год трымала каля сябе. Адысей хітрасцю пераадолеў чары Ц. і прымусіў яе зноў ператварыць яго спадарожнікаў у людзей, пасля чаго пакінуў з імі востраў. Ад сувязі Адысея з Ц. нарадзіўся сын Тэлегон, які пазней выпадкова забіў не пазнанага ім бацьку.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ЦА,

рака ва Ушацкім і Докшыцкім р-нах, а таксама на мяжы Ушацкага і Глыбоцкага р-наў Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 242 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Рагозіна Ушацкага р-на, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Беразіно Докшыцкага р-на. Рэчышча на працягу 3 км перад вусцем каналізаванае. Асн. прыток — р. Прыбойніца (злева). Цячэ пераважна праз забалочаны лес па Верхнебярэзінскай нізіне.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЯ,

рака ў Карэліцкім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 27 км. Пачынаецца ва ўрочышчы Касавец, за 5 км на ПнУ ад в. Антанёва Карэліцкага р-на, цячэ пераважна праз лес, упадае ў Нёман на У ад в. Гнесічы Навагрудскага р-на. Пойма часткова забалочаная. Рэчышча на працягу 7 км перад вусцем каналізаванае. У ніжнім цячэнні ў час разводдзя праз групу азёр Юзькавічы магчымы пераліў у р. Бойная.

т. 17, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́НА (у вярхоўях наз. У д а),

рака ў Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Тасеева (бас. р. Енісей). Даўж. 1203 км, пл. бас. 56,8 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Саяне, у вярхоўі цячэ ў вузкай міжгорнай даліне, ніжэй — па Сярэднесібірскім пласкагор’і, перасякае трапы, утварае парогі. Ледастаў з канца кастр.—ліст. да канца крас.—мая. Сярэдні расход вады 300 м³/с. У сярэднім цячэнні мясц. суднаходства. Сплаўная. На рацэ г. Ніжняудзінск.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВАНАЗЁМЫ,

тып глеб, які ўтвараецца пад шыракалістымі лясамі вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Для іх характэрны яркая чырванаватая ці аранжавая афарбоўка, высокая наяўнасць аксідаў жалеза і алюмінію, нізкая крэменязёму і асноў, добрая гумуснасць (6—9%), але збедненасць пажыўнымі рэчывамі, кіслая ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору. Выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, тытуню, цытрусавых культур, вінаграду. Пашыраны ў Грузіі, Італіі, Іспаніі, Азербайджане, Кітаі, Японіі, В’етнаме, ЗША, Бразіліі, Аўстраліі, Афрыцы.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКО́ЎНІК, вадзяны казялец (Batrachium),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомы Ш. цвердалісты (B. circinatum). Трапляюцца ў стаячых або з павольнай плынню водах, прыбярэжнай зоне вадаёмаў.

Адна- і шматгадовыя водныя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, надводнае — лопасцевае ці рассечанае. падводнае — моцна рассечанае на ніткападобныя долі. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — шматарэшак. Корм для водных жывёл і вадаплаўных птушак.

Дз.​І.​Траццякоў.

т. 17, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВАРЦ Станіслаў Сямёнавіч (1.4.1919, г. Днепрапятроўск, Украіна — 12.5.1976),

расійскі вучоны ў галіне заалогіі. Акад. Рас. АН (1970; чл.-кар. 1966). Скончыў Пецярб. ун-т (1942). З 1946 ва Уральскім філіяле Рас. АН, у 1955—76 дырэктар Ін-та экалогіі раслін і жывёл. Навук. працы па экалогіі жывёл. Распрацаваў метад морфафізіял. індыкатараў для вызначэння стану і прагнозу развіцця папуляцый жывёл, адзін з заснавальнікаў папуляцыйнай і хім. экалогіі водных жывёл.

Тв.:

Эволюционная экология животных. Свердловск, 1969.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАЦІНКАСКІ́ВІЧНЫЯ (Chaetognatha),

тып беспазваночных жывёл. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Пераважна планктонныя, ёсць донныя віды. Найб. вядомая марская стрэлка (Sagitta).

Даўж. ад 5 мм да 10 см. Цела стрэлкападобнае, шклопадобна-празрыстае. Падзелена на галаўны, тулаўны і хваставы аддзелы; аблямаванае бакавымі (парнымі) і хваставымі плаўнікамі. На галаве — рот, органы пачуццяў і 2 бакавыя групы серпападобных хапальных шчацінак (адсюль назва). Крывяноснай, дыхальнай і выдзяляльнай сістэм няма. Гермафрадыты. Развіццё прамое. Кормяцца планктоннымі беспазваночнымі, зрэдку маляўкамі рыб.

т. 17, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПАРАДЫ́ГМА,

сістэма каштоўных арыентацый і рэгулятараў, у т. л. сукупнасць патрэбнасцей чалавека, накіраваных на захаванне прыроднага асяроддзя. Прадугледжвае гарманічныя адносіны чалавека да прыроднага асяроддзя і сац. наваколля, адносіны да сябе як часткі прыроды, фарміраванне экалагічнай маралі, этыкі, свядомасці ва ўсіх сферах прац. і грамадскага жыцця. Вызначае спосабы ўзаемадзеяння грамадства з прыродным, гіст. і сац. асяроддзем. Укараненне ў свядомасць чалавека Э.п. — важнейшая задача экалагічнага выхавання і асветы.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎФА́ЎЗІЕВЫЯ (Euphausiacea),

атрад вышэйшых ракападобных. 85 відаў. Пашыраны ва ўсім Сусв. ак. (пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах). Жывуць у тоўшчы вады.

Даўж. цела 5—96 мм. Вонкава нагадваюць крэветак. Адрозніваюцца непрыкрытым грудным шчытом шчэлепаў, размешчаных на аснове двухгалінастых грудных ножак. Ёсць органы свячэння. Раздзельнаполыя. Некалькі стадый развіцця лічынкі. якая выходзіць з яйца. Кормяцца планктоннымі водарасцямі і дробнымі жывёламі. Утвараюць вял. скопішчы; асн. корм марскіх млекакормячых і рыб. Большасць відаў складаюць крыль.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)