ГРА́ДУС РЭАМЮ́РА,
адзінка тэмпературы. Абазначаюцца °R. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (0 °R) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (80 °R). Прапанаваны франц. вучоным Р.А.Рэамюрам у 1730. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.
т. 5, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЦА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ, мяжа дзяржаўная,
лінія, якая вызначае межы дзяржаўнай тэрыторыі. Устанаўліваецца на падставе пагаднення паміж сумежнымі дзяржавамі пры дапамозе дэлімітацыі граніц з наступнай дэмаркацыяй граніц. Граніцы дзяржаўныя марскія аддзяляюць тэрытарыяльныя воды дзяржавы ад адкрытага мора ці ад тэр. вод інш. дзяржаў.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХБАКО́ВАЯ СУ́ВЯЗЬ,
спосаб электрасувязі, пры якім абмен інфармацыяй паміж двума пунктамі (ці карэспандэнтамі) ажыццяўляецца ў абодвух напрамках. Д.с. бывае: дуплексная сувязь, паўдуплексная (аўтаматызаваны пераход прыём—перадача) і сімплексная сувязь. Рэалізуецца шляхам частотнага, часавага ці інш. раздзялення сігналаў прамога і адваротнага напрамкаў.
т. 6, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́КАН (ад грэч. diakonos служка),
ніжэйшы духоўны чын у правасл. царкве. Дапамагае епіскапам і святарам у час богаслужэння і адпраўлення царк. таінстваў, але сам іх не спраўляе. Адрозніваюць старэйшых Д. — протадыяканаў, Д.-манахаў — іерадыяканаў, архідыяканаў (знаходзяцца пры епіскапах і архірэях).
т. 6, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАІКА́ННЕ,
функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.
т. 6, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПО́Й,
перыядычныя прыступы шматдзённага п’янства з прычыны неадольнай цягі да алкаголю. Від З., узнікненне якога звязваюць з глыбокім парушэннем настрою (дэпрэсія, дысфарыя), наз. дыпсаманіяй. У прамежку паміж З. алкаголь не ўжываюць (сапраўдны З.) ці ўжываюць параўнальна памяркоўна (З. пры хранічным алкагалізме).
т. 6, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́Т МЕТА́ЛАЎ,
працэс частковага аднаўлення структурнай дасканаласці і ўласцівасцей дэфармаваных металаў і сплаваў пры іх награванні ніжэй за т-ру рэкрышталізацыі. З.м. уключае адпачын металаў і поліганізацыю (пач. стадыю рэкрышталізацыі). Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці накляпаных матэрыялаў і тэрмічнай стабільнасці іх структуры.
т. 7, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (17.2.1898, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 25.11.1963),
бел. геадэзіст. Праф. (1960). Скончыў БСГА (1929). З 1930 працаваў у ёй. Распрацаваў і тэарэтычна абгрунтаваў метад чатырохвугольнікаў без дыяганалей для стварэння геад. сетак, які выкарыстоўваецца пры землеўпарадкаванні і планіроўцы гарадоў.
т. 7, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ-Л-ХАЛА́СА,
у старажытнаарабскай міфалогіі бог плямён Цэнтр. Аравіі (цэнтры пакланення — гарады Мекка і Табал). Не меў акрэсленых функцый, але лічыўся магутным. У Табале існавала яго свяцілішча (знішчана ў 7 ст. пры Мухамедзе), дзе ад імя бога рабіліся прадказанні.
т. 7, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАХРО́ННАСЦЬ ВАГА́ННЯЎ,
незалежнасць перыяду ўласных ваганняў якой-н. вагальнай сістэмы ад амплітуды гэтых ваганняў. Характэрна для лінейных сістэм (у нелінейных сістэмах, напр., у маятніка пазіраецца пры дастаткова малых амплітудах). На І.в. заснавана работа прылад вымярэння часу (гадзіннікаў, хранометраў і інш.).
т. 7, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)