АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІ́ЗМ,
адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІН (Уладзімір Ільіч) (сапр.Ульянаў; 22.4.1870, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 21.1.1924),
расійскі і савецкі паліт., дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. рабочага руху. Нарадзіўся ў сям’і інспектара нар. вучылішчаў, які стаў патомным рас. дваранінам. Старэйшы брат Л. пакараны смерцю (1887) за ўдзел у замаху на цара Аляксандра III. Л. вучыўся ў Казанскім ун-це (1887), з якога за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны і сасланы ў с. Какушкіна Казанскай губ. Экстэрнам здаў экзамен за юрыд.ф-т у Пецярбургскім ун-це (1891). Працаваў пам. прысяжнага паверанага ў г. Самара. У 1895 удзельнічаў у стварэнні Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», арыштаваны і высланы на 3 гады ў с. Шушанскае Енісейскай губ. У ссылцы вітаў стварэнне ў Мінску ў 1898 Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) і асн. палажэнні яе «Маніфеста». У 1900 выехаў за мяжу і разам з Г.В.Пляханавым пачаў выданне газ.«Искра», якая падрыхтавала праект Праграмы РСДРП. У розны час быў рэдактарам бальшавіцкіх газ. «Пролетарий», «Рабочая газета», «Правда». На II з’ездзе РСДРП (1903, Брусель—Лондан) Л. узначаліў бальшавіцкую плынь РСДРП (гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза). У працах «Што рабіць?» (1902), «Крок наперад, два крокі назад» (1904) ён сфармуляваў ідэйныя і арганізац. асновы партыі новага тыпу. З 1905 у С.-Пецярбургу, з 1907 зноў у эміграцыі. У перыяд рэвалюцыі 1905—07 распрацоўваў тэорыю перарастання бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, абгрунтаваў неабходнасць вядучай ролі ў іх рабочага класа («Дзве тактыкі сацыял-дэмакратыі ў дэмакратычнай рэвалюцыі», 1905). Чл.ЦК партыі з ліст. 1903 (кааптаваны), у 1905—06 і з 1912 (канд. у 1907—12), чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і з 25.3.1919. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў крас. 1917 вярнуўся ў Петраград, абвясціў курс на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам, пераходам улады да Саветаў. Узначальваў кіраўніцтва Кастр.узбр. паўстаннем у Петраградзе (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). На II Усерас. з’ездзе Саветаў 25—27.10(7—9.11).1917 выбраны Старшынёй Савета Нар. Камісараў (СНК) РСФСР. Адначасова з 1918 Старшыня Савета Рабочай і Сял. Абароны (з 1920 Савет Працы і Абароны). З сак. 1918 у Маскве. Адыграў вырашальную ролю ў заключэнні Брэсцкага міру 1918. 30.8.1918 пры замаху на яго жыццё эсэркай Ф.Каплан быў цяжка паранены. Адобрыў стварэнне Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, якая разам з палітычнымі выкарыстоўвала метады насілля і рэпрэсій у адносінах да духавенства, інтэлігенцыі, апазіцыйных партый. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1922 Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ў якасці сузаснавальніка ўвайшла і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). З 6.7.1923 Старшыня СНК і Савета Працы і Абароны СССР. Чл.ВЦВК з 1917, ЦВКСССР з 1922. У 1922 цяжка захварэў і актыўна не ўдзельнічаў у паліт. жыцці. Пахаваны ў Маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве.
Л. рана стаў прыхільнікам ідэй К.Маркса і Ф.Энгельса. Развіваў іх вучэнне аб пераўтварэнні грамадства на камуніст. пачатках (гл.Камунізм, Марксізм, Марксізм-ленінізм) у прымяненні да новых гіст. умоў. Найважнейшым сродкам рэв. барацьбы лічыў стварэнне партыі прафес. рэвалюцыянераў — «партыі новага тыпу», у адрозненне ад парламенцкіх с.-д. партый. Л. адстойваў прынцып «дэмакратычнага цэнтралізму» ў пабудове партыі. Вызначаўся непрымірымым атэізмам. Прыйшоў да высновы, што капіталізм уступіў у апошнюю стадыю — імперыялізм, і перадавыя краіны Еўропы выспелі для сусв.сацыяліст. рэвалюцыі. Адстойваў курс на ўсталяванне замест дыктатуры буржуазіі дыктатуры пралетарыяту. Лічыў, што Расія павінна пачаць сусв.сацыяліст. рэвалюцыю. У процівагу II Інтэрнацыяналу ён стварыў III Камуністычны Інтэрнацыянал. Востры крызіс у краіне пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 прывёў Л. да прызнання неабходнасці замены палітыкі «ваеннага камунізму» і пераходу да «новай эканамічнай палітыкі».
Л. пакінуў вял.навук. і літ.-публіцыст. спадчыну. У сваёй асн.філас. працы «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» (1909) прааналізаваў важнейшыя філас. напрамкі канца 19 — пач. 20 ст., абагульніў найважнейшыя прыродазнаўча-навук. адкрыцці. Ён распрацаваў праблемы класавай сутнасці і функцый розных відаў дэмакратыі і дыктатуры, Саветаў як дзярж. формы дыктатуры пралетарыяту («Дзяржава і рэвалюцыя», 1917; «Пралетарская рэвалюцыя і рэнегат Кауцкі», 1918, лекцыі «Аб дзяржаве», 1919 і інш.). У яго працах больш за 400 выказванняў, тэлеграм, запісак і інш. дакументаў, якія непасрэдна тычацца Беларусі. У творы «развіццё капіталізму ў Расіі» (1899) асветлена сац.-эканам. становішча бел. губерняў на мяжы 19—20 ст., паказана развіццё капіталіст.вытв. адносін у сельскай гаспадарцы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ., наяўнасць рэшткаў прыгонніцтва, параўнальна хуткі рост гар. насельніцтва, наяўнасць у бел. губернях пераважна дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, вызначаны некат. спецыфічныя рысы ў сац.-эканам. развіцці Беларусі, што адбівалася на класавай барацьбе і дзейнасці мясц.парт. арг-цый. Вывучэнне сац.-эканам. становішча Беларусі дало Л. магчымасць паказаць, што гаспадарка краю развіваецца па шляху капіталізму, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця с.-д. руху. У працы «Вынікі дыскусіі аб самавызначэнні» (1916) ён адзначыў, што беларусы цярпелі сац. і нац. прыгнёт не толькі рус. царызму, але і польскіх памешчыкаў, што яшчэ з часоў, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, Польшча захавала за сабой правы, якія «заключаюцца ў прыгнечанні чужых народаў», бо «польскі памешчык прыгнятае ўкраінскага і беларускага «хлопа». Л. адносіў Беларусь і Украіну да тых рэгіёнаў Расіі, дзе нац. рух яшчэ не завяршыўся і не вычарпаў сваёй прагрэсіўнай місіі. У працы «Аб карыкатуры на марксізм і аб «імперыялістычным эканамізме» (1916, апубл. 1924) ён пісаў: «Для ўкраінцаў і беларусаў... «Бацькаўшчына» тут яшчэ не адспявала ўсёй сваёй гістарычнай песні. «Абарона бацькаўшчыны» яшчэ можа быць тут абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя...». Л. рэзка крытыкаваў праграму культ.-нац. аўтаноміі аўстрыйскіх марксістаў, якую ўзялі на ўзбраенне амаль усе паліт. партыі Расіі, у т. л.Беларуская сацыялістычная грамада» (арт. «Да гісторыі нацыянальнай праграмы ў Аўстрыі і Расіі», 1914). Вызваленне бел. народа ад сац. і нац. прыгнёту Л. звязваў з перамогай сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі. Беларусь і Зах. фронт разглядаў як важны ваенна-паліт. фактар, які мог станоўча паўплываць на перамогу Кастр.ўзбр. паўстання 1917. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту, адобрыў разгон Усебеларускага з’езда 1917, які не прызнаў мясц.сав. ўладу; адмоўна ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і падтрымліваў ініцыятыву беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні БССР.
У аналізе дзейнасці Л. і яго ідэй, якія значна паўплывалі на ход гісторыі ў 20 ст., існуе шырокі спектр ацэнак — ад пазітыўных да рэзка крытычных.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—55. 5 изд. М., 1958—65;
Ленинский сборник. Т. 1—39. М.; Л., 1924—80;
Бел.пер. — Тв.Т. 1—45. Мн., 1948—74;
Тое ж.Т. 1—17. Мн., 1953—55;
Выбр. творы. Т. 1—10. Мн., 1986—91.
Літ.:
Воспоминания о В.И.Ленине. Т. 1—5. М., 1968—69;
Уэллс Г. Россия во мгле: Пер. с англ.М., 1970;
В.И.Ленин: Биогр. хроника. Т. 1—12. М., 1970—82;
Белявцев В.И. В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1978;
Cola D. Léninisme. Paris, 1982;
В.И.Ленин: Биография, 1870—1924. Т. 1—2. 8 изд. М., 1987;
Шагинян М. Семья Ульяновых: тетралогия. М., 1988;
И вечно в памяти людской: В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1990;
Ленин: Человек — мыслитель — революционер: Воспоминания и суждения современников. М., 1990;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Троцкий Л.Д. О Ленине // Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Ленин, о котором спорят сегодня. М., 1991;
Волобуев П.В. Ленин (Ульянов) В.И. // Политические деятели России 1917: Биогр. словарь. М., 1993;
Волкогонов Д. Ленин: Полит. портрет. Кн. 1—2. Мн., 1994;
Латышев А.Г. Рассекреченный Ленин. М., 1996;
В.И.Ленин о Белоруссии: Библиогр. указ. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯў СССР,
розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход ад паліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на УСССР. У час Вял.Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССР ад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс.чал. Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач.перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦККПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦККПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.
Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл.ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл.Калабарацыяністы) у гады Вял.Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, ад Р.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел.нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел.АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал.Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУ—НКУСБССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс.чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССР ад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.
Літ.:
Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг.М., 1991;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;
Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф.Мн., 1998;
Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.