ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.
т. 4, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБУКЕ́РКІ ((Albuquergue) Афонсу дэ) (1453—16.2.1515),
партугальскі мараплавец, намеснік (віцэ-кароль) партуг. уладанняў у Індыі [1510—15], заснавальнік партуг. калан. імперыі ў Ост-Індыі. У 1503 на чале партуг. флатыліі накіраваны ў інд. г. Кочын, дзе пабудаваў форт. У 1507 захапіў г. Армуз у Персідскім заліве. У 1510 захапіў Гоа (стаў асн. апорным пунктам партуг. заваёўнікаў на Усходзе), у 1511 — Малаку. Албукеркі ўзначальваў першыя партуг. экспедыцыі на Малабарскі бераг, в. Цэйлон, у краіны Паўд.-Усх. Азіі.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
паэзія эпохі элінізму, названая па найбуйнейшым яе цэнтры Александрыі Егіпецкай. Бытавала ў 4—1 ст. да н.э. на тэр. б. імперыі Аляксандра Македонскага. Характэрныя рысы: адмаўленне ад грамадз. тэматыкі, паглыблены псіхалагізм і ўвага да асабістых перажыванняў асобы, павышаная цікавасць да асобных дэталяў побыту, аслабленне веры ў багоў (міф ператвараецца ў займальную казку). У александрыйскай паэзіі пераважала любоўная тэма, сярод жанраў — гімн, элегія, ямб, эпіграма, ідылія. Прадстаўнікі александрыйскай паэзіі: Калімах, Апалоній Радоскі, Лікафрон, Феакрыт.
т. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁНДА ((Biondo) Флавіо) (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),
італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. тапаграфіі.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (цюрк.),
тытул кіраўніка дзяржавы ў цюркамоўных народаў у старажытнасці і сярэдневякоўі. Упершыню тэрмін «К.» згадваецца ў кіт. летапісах пад 312. Напачатку тытул К. замацаваўся за ўладарамі жужаняў, з сярэдзіны 6 ст. — за правіцелямі Цюркскага каганата, пазней перайшоў да авараў, печанегаў, хазараў і інш. У канцы 7 — пач. 9 ст. ўжываўся таксама разам з тытулам князь ва ўсх. славян (на Русі да канца 12 ст.). У Манг. імперыі з 13 ст. так называлі імператара.
т. 7, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,
звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.
т. 8, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,
помнік бел. ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.
А.І.Сямёнаў.
т. 8, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРАІ́ЗМ,
рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі да н.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.
т. 10, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ РЭСПУ́БЛІКА ў Францыі,
першы гіст. перыяд рэсп. дзярж. ладу ў Францыі ў 1792—1804. Абвешчана Нац. Канвентам 22.9.1792 пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) Французскай рэвалюцыяй 1789—99. Паводле спосабу кіравання падзяляецца на 3 асн. перыяды: праўленне Канвента (1792—95), праўленне Дырэкторыі (1795—1804), Консульства (1799—1804). Фармальна спыніла існаванне 18.5.1804 з абвяшчэннем 1-га консула (фактычнага дыктатара) Францыі Н.Банапарта імператарам Напалеонам I, што паклала пачатак Першай імперыі. Гл. таксама Францыя (раздз. Гісторыя).
т. 12, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)