1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.
П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.
2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.
3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв.гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Грамыка, А.Гурло, У.Галубок, Я.Нёманскі, М.Піятуховіч, А.Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, В.Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот; кандыдаты; М.Зарэцкі, Я.Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел.маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш.літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.
Літ.:
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг.Мн., 1960;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.
Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас.сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел.сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.І.Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.В.Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.Ц.Брыкс), чыг. вузле (Ф.С.Варонін), лесакамбінаце (М.Д.Жызнеўскі, Р.М.Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.І.Каленікаў), у пашпартным стале (Н.Я.Заўгародні), у Навабеліцы (А.В.Мацвіенка, Ф.С.Кусцін, В.Ц.Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКРЫНІ́КСЫ (псеўд. паводле першых літар прозвішчаў і імя),
творчы калектыў рас. графікаў і жывапісцаў; Купрыянаў Міхаіл Васілевіч (21.10.1903, в. Цецюшы, Татарстан — 11.11.1991), Крылоў Парфірый Мікітавіч (22.8.1902, в. Шчалкунова Тульскай вобл., Расія — 15.5.1990), Сакалоў Мікалай Аляксандравіч (н. 21.7.1903, Масква). Нар. мастакі СССР (1958). Правадз.членыАМСССР (1947). Героі Сац. Працы (Крылоў з 1972, Купрыянаў і Сакалоў з 1973). Вучыліся ў маск. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (паміж 1921—29). Працавалі разам з 1924. Выпрацавалі новы тып карыкатуры, які вызначаўся вострай надзённасцю, вынішчальна-з’едлівым вырашэннем тэмы, шаржыраванай характарыстыкай персанажаў (серыі «Транспарт», 1933—34; «Пра дрэнь», 1959—60). Вял. папулярнасць мелі карыкатуры, плакаты і «Вокны ТАСС», створаныя ў час Вял.Айч. вайны: «Бязлітасна разгромім і знішчым ворага!», «Клешчы ў клешчы» (абодва 1941), «Згубіла я пярсцёнак... (а ў пярсцёнку — 22 дывізіі)» (1943) і інш. Працавалі ў кніжнай графіцы: ілюстрацыі да твораў І.Ільфа і Я.Пятрова («12 крэслаў», 1933, 1967; «Залатое цялё», 1971), М.Салтыкова-Шчадрына («Паны Галаўлёвы», 1939, і інш.), А.Чэхава («Дама з сабачкам», «Чалавек у футарале», 1940—46, і інш.), М.Горкага («Жыццё Кліма Самгіна», 1933; «Фама Гардзееў», 1948—49; «Маці», 1950), М.Сервантэса («Дон Кіхот», 1949—52) і інш. Сярод жывапісных твораў: серыя «Старыя гаспадары» (1936—37), «Уцёкі фашыстаў з Ноўгарада» (1944—46), «Канец» (1947—48), «Абвінавачванне (Ваенныя злачынцы і іх абаронцы на Нюрнбергскім працэсе)» (1967) і інш. Індывідуальна працавалі як партрэтысты і пейзажысты. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1949, 1950, 1951. Ленінская прэмія 1965.
Літ.:
Соколова Н.И. Кукрыниксы. М., 1962.
Кукрыніксы. Уцёкі фабрыканта. З серыі «Старыя гаспадары». 1936—37.Кукрыніксы. Бязлітасна разгромім і знішчым ворага! 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧАНО́СЦЫ (Ордэн мечаносцаў),
духоўна-рыцарскі ордэн, засн. ў 1202 рыжскім епіскапам Альбертам для абароны каталіцкай царквы ў Лівоніі і прымусовай хрысціянізацыі народаў Усх. Прыбалтыкі. Актыўныя ўдзельнікі крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 12—15 ст. Афіц. назва Браты воінства Хрыстовага (Fratres militiae Christi). Назва М. ад апазнавальнага знака на белых плашчах рыцараў — мяча і крыжа. У 1205 папа рымскі Інакенцій III афіцыйна зацвердзіў ордэн і надаў яму статут на ўзор статута тампліераў. Паводле статута члены ордэна падзяляліся на братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-службоўцаў. На чале ордэна стаяў выбарны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе, які падпарадкоўваўся рыжскаму епіскапу. У 1-й трэці 13 ст.М., нягледзячы на процідзеянне Полацкага княства і Пскова, зламалі супраціўленне ліваў, земгалаў, латгалаў, эстаў, інш. прыбалтыйскіх плямён і авалодалі б.ч.тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі, у т. л. падвасальнымі Полацку княствамі Кукенойс і Герцыке, нападалі на Літву. Паводле дагавораў з Рыжскім і інш. епіскапствамі ордэн М. атрымаў каля трэці заваяваных зямель і фактычна ператварыўся ў феад. каталіцкую дзяржаву. Мясц. ўладу ажыццяўлялі комтуры (начальнікі правінцыяльных замкаў) і фогты (адм. чыноўнікі). Браты аднаго замка складалі канвент, іх сход наз. капітулам, агульны сход усіх ордэнскіх братоў — ген. капітулам. Гал. даходам ордэна была даніна з мясц. прымусова хрысціянізаванага насельніцтва, а таксама ваен. здабыча. У 1236 аб’яднаныя сілы літоўцаў і земгалаў каля сучаснага г. Шаўляй (Літва) разбілі М., рэшткі якіх у 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі залежны ад яго Лівонскі ордэн.
Літ.:
Mugurëvičs E. Die militärische Tätigkeit des Schwertbrüderordens (1202—1236) // Ordines militares. Torun, 1991. [T.] 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),
родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел.паліт.к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац.паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСТВА,
пастаяннае дыпламат. прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш.Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасад і г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
крэпасць у С.-Пецярбургу на Заечым в-ве. Засн. 27.5.1703 (дата заснавання С.-Пецярбурга) як ваен. крэпасць, але ў 1-й чвэрці 18 ст. амаль страціла баявое значэнне. З часоў Пятра I памяшканні П.к. выкарыстоўваліся для зняволення дзярж. злачынцаў, для якіх пазней існавалі спец. пабудаваныя турмы ўнутры Аляксееўскага равеліна (1797—1884) і Трубяцкога бастыёна (1872—1917). Сярод вязняў крэпасці былі царэвіч Аляксей Пятровіч, эканаміст і публіцыст І.Ц.Пасашкоў, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., А.М.Радзішчаў, Т.Касцюшка, дзекабрысты, членыПатрыятычнага таварыства, петрашэўцы, народнікі, рэвалюцыянеры-марксісты, удзельнікі рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у П.к. знаходзіўся штаб узбр. паўстання. З 1924 гіст.-рэв. музей, з 1993 гіст.-культ. запаведнік «П.к. — Дзярж. музей гісторыі С.-Пецярбурга».
Арх. помнікі: вароты Пятроўскія (1717—18, арх. Д.Трэзіні; драўляны рэльеф «Звяржэнне Сімона Волхва», скульпт. К.Оснер) і Неўскія (1784—87, арх. М.Львоў, класіцызм), кронверк (1752; перабудаваны ў 1850, арх. П.Таманскі; з 1872 Артыл.гіст. музей). Унутры П.к. — Петрапаўлаўскі сабор (1712—33, арх. Трэзіні, барока, 3-нефавая базіліка са званіцай, завершанай залачоным шпілем; разны драўляны іканастас, 1722—27, паводле малюнка І.Заруднага, майстры Т.Іваноў і І.Цялега) з пахавальняй рас. імператараў; домік для боціка Пятра I — Ботны домік (1761—62, арх. А.Віст; тэракотавая фігура «Навігацыя», 1891, скульпт. Д.Іенсен); комплекс манетнага двара (1798—1806, прыпісваецца арх. А.Порта) і інш. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.