КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія сталагал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ГАВІЧ ((Зоговић) Радаван) (19.8.1907, в. Машніца, Чарнагорыя — 4.1.1986),
чарнагорскі пісьменнік. Акад. Чарнагорскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў ун-т у г. Скопле (1933). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху ў Югаславіі. Першыя кнігі вершаў «Кулак» (1936) і «Палымяныя галубы» (1937) прасякнуты духам самаадданай барацьбы за лепшае будучае сваёй краіны. Яго паэзія высокага трагізму і жыццесцвярджэння стала адлюстраваннем супярэчлівай і гераічнай эпохі («Упартыя строфы», 1947, «Прыхадні — песні Алі Бінака», 1957, «Артыкуляванае слова», 1965, «Жыламі за камень», 1969, «Асабіста, зусім асабіста», 1971, «Час ад часу назаўсёды», 1985). Аўтар кніг прозы «Пейзажы і нешта адбываецца» (1968), «Ноч і паўстагоддзя» (1978), публіцыстыкі. Асобныя вершы З. на бел. мову пераклаў Н.Гілевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНШАЗЕ́МНЫЯ СЛАБО́ДЫ,
месцы пасялення іншаземцаў у рус. гарадах, пераважна ў Маскве, у 16—17 ст. Першая І.с. ўзнікла ў Маскве ў 1-й трэці 16 ст. ў Замаскварэччы. У 2-й пал. 16 ст. на р. Яўза ўзнікла І.с. з палонных, захопленых у час Лівонскай вайны 1558—83, якая пазней стала месцам пасялення іншаземцаў розных нацыянальнасцей і прафесій (Нямецкая слабада). У 17 ст. ў Маскве існавала яшчэ 6 І.с., у т. л. Мяшчанская слабада, населеная выхадцамі з Беларусі (пераважна палоннымі рамеснікамі). Яе жыхары зрабілі значны ўклад у развіццё рус. культуры. І.с. была таксама ў Архангельску. Жыхары І.с. падпарадкоўваліся агульнарас. законам, але карысталіся некат. самакіраваннем і свабодай веравызнання. Пры Пятру I І.с. падпарадкаваны Бурмістарскай палаце і страцілі сваю адасобленасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1915 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як лесапільны з-д. У 1922—23 пачаў перабудоўвацца, наз. «Пралетарый» У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Архангельск, разбураны. У 1945—49 адноўлены як М.д.к. У 1954—63 уведзены ў эксплуатацыю цэхі: раскроечна-загатовачны з сушыльнай гаспадаркай, мэблевы па вытв-сці драўнянастружкавых пліт (ДСП). У 1971 на базе М.д.к. створана ВА «Мазырдрэў», у складзе якога Мазырская, Ельская і Калінкавіцкая мэблевыя ф-кі, а з 1978 — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы. У 1992 ВА «Мазырдрэў» стала арэндным прадпрыемствам, ад яго аддзяліліся Тураўскі леспрамгас і Калінкавіцкая ’мэблевая ф-ка. З 1997 адкрытае акц.т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): корпусная і інш. мэбля, ДСП, піламатэрыялы, паркет, струганая шпона, вырабы дрэваапрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫШЭ́ВІЧ (Павел Паўлавіч) (1821, в. Багон Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — ?),
публіцыст і паэт. Вучыўся ў Слонімскім пав. вучылішчы (1833—37). У пач. 1850-х г. пераехаў у фальварак Падгор’е (Мінскі р-н). Працаваў у Мінскім губ. праўленні, з 1860 рэдактар «Минских губернских ведомостей» і адначасова нач. газетнага стала. З 1863 міравы пасрэднік па Навагрудскім пав. Звольнены з пасады і, паводле некаторых звестак, сасланы ў Арэнбург. Аўтар рамант. паэмы «Спеў зорцы» (на польск. мове), артыкулаў і карэспандэнцый аб грамадска-культ. жыцці Мінска. Адзін з першых выступіў у друку ў абарону бел. мовы; даў водзыў на «Гапона» і «Вечарніцы» В.Дуніна-Марцінкевіча («Dziennik Warszawski», «Варшаўскі дзённік», 1855), заклікаў інтэлігенцыю Міншчыны актыўна вывучаць родны край. Сябраваў і перапісваўся з У.Сыракомлем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ.к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.Р.Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.Горкага і драматургіі Л.Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе сталагаз.«Минское слово».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і сталабрыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст.стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НЦІ, Канфедэрацыя Ашанці,
дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і сталабрыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.