Пятроў М. (сав. рэжысёр) 6/318; 9/116
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМЯНІ́ Яўген Сяргеевіч (12.3.1898, С.-Пецярбург — 23.1.1969),
расійскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў сав. т-ра лялек. Засл. арт. Расіі (1934). У 1918 пачаў сцэн. дзейнасць як акцёр-аматар. У 1924 арганізаваў і ўзначаліў тэатр лялек-пятрушак у Ленінградзе, у 1930 аб’яднаны з Т-рам марыянетак Л.Шапорынай-Якаўлевай пад назвай Ленінградскі лялечны т-р пад кіраўніцтвам Я.Дземяні, дзе ён выступаў як акцёр і рэжысёр. Ставіў спектаклі для дзяцей і дарослых: «Казёл» (1925) і «Кошчын дом» (1926) С.Маршака, «Вяселле» А.Чэхава (1928), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Казка пра згублены час» (1940) Я.Шварца, «Лекар паняволі» Мальера. Аўтар кніг і артыкулаў пра т-р лялек. З 1929 выступаў з лялькамі на эстрадзе.
т. 6, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БАЧКІН Барыс Андрэевіч (18.1.1904, г. Саратаў — 17.7.1975),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Праф. (1966). Вучыўся ў маскоўскай студыі «Маладыя майстры» (1920—21). У 1948—75 (з перапынкам) у Малым т-ры ў Маскве. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць вызначалі разнастайнасць фарбаў, тонкі, лірычны настрой. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Улас («Дачнікі» М.Горкага) і Іванаў (аднайм. п’еса А.Чэхава, рэжысёр абодвух). Здымаўся ў кіно: Чапаеў (аднайм. фільм), Андрэй («Сяброўкі»), у т. л. на кінастудыі «Савецкая Беларусь»: Мікуліч («Вяртанне Нейтана Бекера»), Дубовік («Двойчы народжаны»), Макар Бобрык («Першы ўзвод»). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951, 1977.
т. 2, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СІ́КА (De Sica) Віторыо (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),
італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ Марк Анатолевіч (н. 13.10.1933, Масква),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1991). Засл. дз. маст. Расіі (1977). З 1973 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (з 1990 «Ленком»). Паставіў спектаклі: «Іваноў» А.Чэхава (1973), «"Юнона" і "Авось"» А.Вазнясенскага і А.Рыбнікава (1980), «Тры дзяўчыны ў блакітным» Л.Петрушэўскай (1985), «Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, «Мудрэц» паводле А.Астроўскага (абодва 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1993) і інш. Драм. творам імкнецца надаць сугучную сучасным праблемам трактоўку; спектаклі выразныя структурай, часта насычаны музыкай і танцам. Паставіў тэлефільмы: «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхаўзен» (1979), кінафільм «Забіць дракона» (1989) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэмія Расіі 1992.
т. 7, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНС (Ince) Томас Харпер (6.11.1882—19.11.1924),
амерыканскі рэжысёр, прадзюсер. Адзін з заснавальнікаў амер. кінематаграфіі. З 1899 выступаў як танцор, спявак, акцёр. З 1911 рэжысёр у кіно. У 1912 заснаваў фірму «Кей Бі». Упершыню ўвёў сістэму прадзюсераў, «жалезны» сцэнарый (патрабаваў дакладнага выканання пастаноўкі), ствараў цыклы фільмаў з адным акцёрам у гал. ролі (пераважна вестэрны). У 1915 засн. кампанію «Трайэнгл» (з Д.Грыфітам і М.Сенетам), з 1918 у кампаніі «Арткрафт Парамаўнт». У 1921—24 прадзюсер кінакампаніі «Асашыэйтэд фёрст нэшанал». Сярод фільмаў: «Бітва каля Гетысберга» (1913), «Гнеў багоў» і «Тайфун» (1914, з рэж. Р.Баркерам), «Італьянец» (1915, з рэж. С.Сідні), «Цывілізацыя» (1916, з інш. рэж.). Лепшыя карціны вылучаюцца эпічным размахам, масавымі сцэнамі, драматызмам дзеяння, віртуозным мантажом.
т. 7, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́ПІЛ (Kvapil) Яраслаў (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),
чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.В.Гётэ, «Валенштэйн» Ф.Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.Ібсена.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЧА (Krejča) Атамар (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),
чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.Чэхава («Вішнёвы сад», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.
Літ.:
Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.
т. 8, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЖУ́ХІН Іван Ільіч (26.9.1889, Масква — 18.1.1939),
расійскі кінаакцёр. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Працаваў у правінцыяльных т-рах, маскоўскім Увядзенскім нар. доме. З 1911 здымаўся ў кіно. Буйнейшы акцёр рас. дарэв. кінематографа. Іграў рамант. герояў у меладрамах, здымаўся ў быт. камедыях, салонных і дэкадэнцкіх драмах. Сярод роляў: гвардзейскі афіцэр Маўрушка («Домік у Каломне» паводле А.Пушкіна, 1913), Стаўрогін («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Д’яблы», 1915), Герман («Пікавая дама» паводле Пушкіна, 1916), князь Касацкі («Айцец Сергій» паводле Л.Талстога, 1918). З 1920 у эміграцыі, здымаўся пераважна ў Францыі: «Дзіця карнавала» (1921, 1933, сцэнарыст і рэжысёр), «Дом таямніц» (1922), «Касцёр палае» (1923, сцэнарыст і рэжысёр), «Міхаіл Строгаў» (1926) і інш.
Г.В.Ратнікаў.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКО́ЎСКІ (Pawlikowski) Тадэвуш (9.11.1861, с. Мядыка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 28.9.1915),
польскі рэжысёр і тэатр. дзеяч; рэфарматар польскай сцэны. Муз. адукацыю атрымаў у Вене, Лейпцыгу, Веймары, тэатр. — у Веймары і Майнінгене (у Л.Кронека). У 1882—93, 1908—12 выступаў як тэатр. і муз. крытык у прэсе Кракава і Львова. У 1898—99 і 1913—15 дырэктар і рэжысёр Кракаўскага, у 1900—06 Львоўскага гар. т-раў. Ставіў п’есы М.Метэрлінка, Г.Ібсена, Г.Гаўптмана, М.Горкага, А.Чэхава, А.Стрындберга і інш. Прапагандаваў сучасныя яму формы інсцэнізацыі.
Літ.:
Pajączkowski F. Teatr Iwowski pod dyrekcją Tadeusza Pawlikowskiego 1900—1906. Kraków, 1961;
Grzymala-Siedlecki A. Tadeusz Pawlikowski i jego krakowscy aktorzy. Kraków, 1971.
т. 12, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)