кветкавая расліна роду дзьмухавец. Пашыраны ў міжгорных далінах Усх.
Цянь-Шаня. Да 1954 вырошчваўся ў Еўрапейскай ч.СССР як лепшы натуральны каўчуканос флоры. З развіццём вытв-сці сінт.каўчуку не культывуецца.
Шматгадовая травяністая раслінавыш. 10—30 см. Лісце падоўжанае, зубчастае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, дробныя, у адзіночных кошыках. На адной расліне бывае да 200 кветаносаў. Плод — сямянка. Корань стрыжнёвы, у яго млечных сасудах назапашваецца каўчук. Пры пашкоджванні кораня латэкс выцякае ў выглядзе белай вадкасці, якая хутка застывае і ўтварае плеўку эластычнага каўчуку. Па якасці не саступае каўчуку трапічных каўчуканосных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́РНІЦА, андрамеда (Andromeda),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным і арктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі І. шматлістая — (A. polifonia). Нар. назвы дурэц, тухлянка. Расце ў забалочаных хвойных лясах, на сфагнавых балотах.
Шматгадовая, вечназялёная кусцікавая раслінавыш. 6—40 см. Сцяблы тонкія, ляжачыя, чырвона-бурыя з буравата-шэрымі галінкамі. Лісце чаргаванае, лінейна-авальнае або ланцэтападобнае, скурыстае, знізу лямцавае з завернутымі краямі. Кветкі белавата-ружовыя, з яйцападобна-гарлачыкавым зрослапялёсткавым вяночкам і чырв. чашачкай на паніклых кветаножках. Цвіце ў маі—чэрв. Плод — 5-гнездавая шматнасенная каробачка. Лек., фарбавальная (дае чорную фарбу) і таніданосная расліна. Лісце мае ядавіты гліказід, небяспечны для авечак і коз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДТЫ́ННІК, чыстацел (Chelidonium),
род кветкавых раслін сям. макавых. 1 від — П. вялікі, або бародаўнік (Ch. majus). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і як заноснае на ПнУПаўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца па сырых ярах, у хмызняках, на пустках, каля жылля, у садах і парках. Нар. назвы жоўты малачай, цалідонія, цанцалея.
Шматгадовая травяністая раслінавыш. да 80 см. Сцябло прамастойнае, галінастае з ярка-аранжавым млечным сокам. Лісце глыбока перыстарассечанае, зверху зялёнае, знізу шызае, як і сцёблы, укрыта валаскамі. Кветкі жоўтыя, у парасонападобных суквеццях. Плод — стручкападобная каробачка. Ядавіты. Інсектыцыдная, лек., тэхн.расліна (з каранёў атрымліваюць жоўтую фарбу, з насення — тлусты алей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭРАКАЛАМІ́Т (Asterocalamites),
дрэвападобная расліна, якая адносіцца да членістасцябловых з позняга дэвону, ранняга карбону. Вонкавая паверхня сцябла мае падоўжныя рэбры, якія прадаўжаюцца ў сумежных міжвузеллях. Лісце ў кальчаках, якія паўторна разгаліноўваюцца, генератыўныя органы ў выглядзе рыхлых шмат’ярусных стробілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДРАВА́НДА (Aldrovanda),
род кветкавых раслін сям. расіцавых. Адзіны трапічны від — альдраванда пухіраватая (A. vesiculosa). Расце ў паўд.-ўсх. раёнах Афрыкі, паўд. і цэнтр.раёнах Еўропы, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і на Д. Усходзе. На Беларусі трапляецца ў азёрах, рачных затоках і старыцах на Палессі і ў Паазер’і. Рэдкая, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовая насякомаедная плаваючая ў вадзе травяністая расліна без каранёў, з тонкім ніткападобным сцяблом даўж. 5—10 см і круглаватымі лістамі, сабранымі па 6—9 у кальчакі. Кожны ліст мае пласцінку з 2 акруглых палавінак з адчувальнымі валаскамі па краі (лоўчы апарат) і стрававальнымі залозкамі ўнутры. Кветкі дробныя, белыя, адзіночныя, пазушныя. Плод каробачка. Дэкар.расліна, прыдатная для акварыумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),
двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.
У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЯЕ́Д БУРАКО́Ў,
хвароба праросткаў і ўсходаў буракоў, якая выклікаецца пераважна паразітычнымі грыбамі. Яго ўзбуджальнікі — грыбы з родаў Pythium, Aphanomyces, Phoma, Rhizoctonia, розныя віды Fusarium, а таксама бактэрыі. Пашкоджваюць цукр., кармавыя і сталовыя сарты, зрэджваюць усходы, змяншаюць ураджайнасць на 10—40%. Хвароба праяўляецца завяданнем і пажаўценнем раслін у фазе семядолей і 1-й пары лісцікаў; на карэньчыках маладых праросткаў паяўляюцца бурыя плямы, падоўжаныя палосы, на падсемядольным калене — кальцавая перацяжка загнілых і пачарнелых тканак. Пры інтэнсіўным развіцці хваробы корань гніе і расл ша гіне. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках у глебе, на каляплодніках насення.
Да арт.Караняед буракоў: 1 — узбуджальнік хваробы ў культуры; 2 — здаровая расліна; 3 — пашкоджаны праростак; 4 — пашкоджаная расліна (перацяжка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСЕКВО́Я (Metasequoia),
род хвойных дрэў сям. таксодыевых. 1 від — М. рассечанашышкавая (M. glyptostroboides). Пашырана ў Цэнтр. і Паўд.-Зах. Кітаі. Расце ў горных цяснінах, па берагах ручаёў. Рэдкая рэліктавая расліна, апісана па выкапнёвых знаходках і лічылася вымерлай, знойдзена жывая ў 1941—46. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М. (пылок, шышкі, галінкі з ігліцай) знойдзены ў адкладах алігацэну і міяцэну.
Лістападныя дрэвы з пірамідальнай ажурнай кронай выш. да 40 м і дыям. ствала да 2 м. Кара чырванавата-карычневая, адслойваецца. Ігліца ярка-зялёная, мяккая, вузкалінейная, даўж. 1—3 см, ападае на зіму разам з укарочанымі парасткамі. Шышкі вісячыя. Насенне з крылцам. Дэкар.расліна. Культывуецца ў Еўразіі і Амерыцы (на Беларусі вымярзае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШМУЛА́ (тур. muşmula),
1) Mespilus, род лістападных кветкавых раслін сям. ружакветных з 1 відам М. германскай, або звычайнай (M. germanica). Пашырана на Пд Еўропы, у М. Азіі. Культывуюць у Еўропе і ЗША. Плады маюць цукар, яблычную к-ту, вітамін C, ужываюцца ў ежу сырыя і салёныя, з іх гатуюць пасцілу, віно. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Меданосная расліна.
2) М. японская, або субтрапічная, або локва (Eriobotrya japonica), вечназялёнае субтрапічнае дрэва ці куст. сям. ружакветных. Пашырана ў Кітаі і Паўн. Індыі. Культывуецца ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Кітаі, Японіі, ЗША. Плады спажываюць свежыя і перапрацаваныя (кампоты, варэнні і інш.). З насення робяць сурагат кавы. Дэкар.расліна.