самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».
Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс.га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры барока. Заснаваны ў 1623 як праваслаўны мужчынскі манастыр. Размешчаны на паўн.-зах. ускраіне Оршы ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. Складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, Святадухаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гасп. пабудоў. Быў абнесены агароджай з бутавага каменю і цэглы. Драўляны Богаяўленскі сабор пабудаваны ў 1623—35; згарэў у 1888. У 1630 бел. асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры Куцеінскую друкарню. Захаваліся Святадухаўская царква (узведзена ў 1-й пал. 17 ст.), манастырскі будынак, частка сцяны.
Т.В.Габрусь.
Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр. Святадухаўская царква. З малюнка Д.Струкава. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНТЭГРА́ТАР (ад дэз... + лац. integer цэлы),
1) машына для грубага здрабнення крохкіх малаабразіўных матэрыялаў (вугалю, гіпсу, серы, торфу, драўніны і інш.). Складаецца з двух ротараў, якія зманціраваны на асобных сувосевых валах і верцяцца ў процілеглых напрамках. На дысках ротараў размешчаны па канцэнтрычных акружнасцях 2—4 рады цыліндрычных пальцаў (білаў). Матэрыял паступае ў цэнтр.ч. ротара, пры яго вярчэнні адкідваецца ад цэнтра і здрабняецца ўдарамі пальцаў.
2) Апарат для ачысткі прамысл. газаў ад узважаных цвёрдых (пыл) або вадкіх часціц. Выкарыстоўваецца пераважна ў доменных цэхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДАЛАХА́РА (Guadalajara),
горад у Іспаніі, адм. ц. правінцыі Гвадалахара. Размешчаны на р. Энарэс за 45 км на ПнУ ад Мадрыда. Каля 60 тыс.ж. (1994). Маторабуд. з-д; перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Палацы 16—17 ст., цэрквы 13—17 ст.
Старажытны горад, першапач. назва Арыяка. У 714 адваяваны арабамі ў готаў і названы Гвадалахара (у перакладзе з араб. — рака камянёў). З 1081 уладанне кастыльскага караля Альфонса I, у 15—17 ст. — роду Мендоса. У грамадз. вайну 1936—39 пад Гвадалахарай у сак. 1937 рэсп. войскі разбілі італьян.фаш. корпус, які імкнуўся захапіць Мадрыд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс.км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн.т і 1380 млрд.м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),
горад, сталіца Гаяны. Размешчаны пры ўпадзенні р. Дэмерара ў Атлантычны ак. Каля 250 тыс.ж. з прыгарадамі (1994). Марскі порт. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цукр., мукамольная, тытунёвая, маргарынавая, піваварная, дрэваапрацоўчая. Ун-т. Музей Гаяны. Бат. сад. Самы вял. ў свеце драўляны сабор (1889—92).
Засн. ў 1781 галандцамі пад назвай Табрак (ці Стабрук), з 1812 сучасная назва. З 1784 цэнтр галандскіх калоній у Паўн. Амерыцы. З пач. 19 ст. пад уладай англічан. У 1831—1966 цэнтр Брытанскай Гвіяны. У 1945 і 1951 знішчаны пажарамі. З 1966 сталіца Гаяны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,
поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́,
урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.