ГАМСАХУ́РДЫЯ Канстанцін Сіманавіч
(15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Тв.:
Рус. пер. — Соч. Т. 1—8. Тбилиси, 1972—81.
т. 5, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАРУ́КАЎ Пётр Уладзіміравіч
(8.1.1817, Масква — 18.8.1868),
расійскі гісторык і публіцыст. Князь, з роду Далгарукіх. Скончыў Пажскі корпус (1834). Займаўся генеалогіяй: апублікаваў «Паданне пра род князёў Далгарукавых» (1840), «Расійскі радаслоўны зборнік» (кн. 1—4, 1840—41), «Расійскую радаслоўную кнігу» (ч. 1—4, 1854—57). Выдаў у Парыжы на франц. мове ў 1842 «Нататку пра галоўныя фаміліі Расіі», накіраваную супраць дынастыі Раманавых, за што быў сасланы (1843—44), у 1860 кн. «Праўда пра Расію», дзе крытыкаваў урад і праграму ліберальна-канстытуцыйных рэформаў. Адмовіўся вярнуцца ў Расію і быў завочна прыгавораны Сенатам да пазбаўлення тытула, усіх маёмасных правоў і вечнага выгнання (1861). Выпускаў газ. канстытуцыйнага кірунку «Будущность», «Правдивый», «Листок» і інш.
Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.І.Герцэна. Аўтар мемуараў (1867).
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герцен против самодержавия: Секретная полит. история России XVIII—XIX вв. и Вольная печать. 2 изд. М., 1984.
т. 6, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ Сяргей Цімафеевіч
(1.10.1791, г. Уфа — 12.5.1859),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1805—07). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1856). З 1843 жыў у маёнтку Абрамцава. Літ. дзейнасць пачаў у 1820-я г. як тэатр. рэцэнзент. Першы маст. нарыс «Буран» (1834). У кн. «Запіскі пра тое, як вудзіць рыбу» (1847), «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерні» (1852), «Апавяданні і ўспаміны паляўнічага пра розныя паляванні» (1855) выступіў як уважлівы назіральнік паводзін, звычак звяроў, птушак і рыб. Вяршыня творчасці — аўтабіягр. аповесці «Сямейная хроніка» (1856) і «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), у якіх стварыў шырокую панараму памешчыцкага побыту канца 18 ст. Пісаў артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра л-ру і тэатр, мемуары («Літаратурныя і тэатральныя успаміны», 1856—58, «Гісторыя майго знаёмства з Гогалем», 1852—55, незаконч.; апубл. 1890) і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986.
т. 1, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФРА́ЗІС (грэч. antiphrasis) у літаратуры, стылістычная фігура, ужыванне слова ў процілеглым, звычайна іранічным, значэнні. Часцей сустракаецца ў сатыр. творах, напр. у байцы К.Крапівы «Мандат» пра асла гаворыцца: «Ну й розум. Вось дык галава!».
т. 1, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБА
(правансальскае alba літар. світанне),
жанр сярэдневяковай куртуазнай лірыкі; ранішняя песня пра тайнае начное любоўнае спатканне. Склалася ў трубадураў. Формаю пераважна страфічна аформлены дыялог. Параўн. «серэна» — «вячэрняя песня» — запрашэнне на спатканне (гл. Серэнада).
т. 1, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́ЎСКІ Аляксандр Мацвеевіч
(20.6.1834, с. Гірэўка, цяпер Шаўчэнкава Канатопскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 13.4.1902),
украінскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Служыў у суд. установах на Украіне. Аўтар даследаванняў па гісторыі сялянства і агр. адносін на Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. [«Маларасійскія паспалітыя сяляне (1648—1783)», 1866; «Людзі старой Маларосіі», 1882—88; «Апісанне старой Маларосіі», 1888—1902, і інш.], пра ўкр. гетманаў («Павел Палуботак», 1880; «Нататкі пра Мазепу», 1898) і інш. Увёў у навук. ўжытак шэраг каштоўных гіст. крыніц, у т.л. «Генеральнае апісанне Маларосіі» 1765—69.
т. 9, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЭКМАН (Beekman) Эмэ
(н. 20.4.1933, Талін, Эстонія),
эстонская пісьменніца. Скончыла Усесаюзны Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1956). Друкуецца з 1959. У раманах «Трылогія пра Мір’ям» (1964—72), «Чародка белых варон» (1967), «Пара раўнадзенства» (1971), «Чартацвет» (1974), «Родавае дрэва» (1977), «Магчымасць выбару» (1978) — маральна-этычныя праблемы, паказ духоўнай пераемнасці пакаленняў. Раман «Глухія бразготкі» (1968) пра ням.-фаш. акупацыю ў гады 2-й сусв. вайны. Аўтар твораў для дзяцей, кінасцэнарыяў, п’ес, нарысаў. На бел. мову творы Бээкмана пераклаў М.Татур.
Тв.:
Бел. пер. — Чародка белых варон. Мн., 1973.
т. 3, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К Даніла
(псеўд.; сапр. імя і гады жыцця невяд.),
аўтар нелегальнай гектаграфічнай брашуры на рус. мове «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае». Датавана 16.12.1882. Аўтар, студэнт-беларус Пецярбургскага ун-та, належаў да групы народнікаў. З любоўю пісаў пра свой народ, яго нац. характар. Не бачыў класавага размежавання ў бел. вёсцы, перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў справе сац. і нац. вызвалення бел. народа, ставіў перад ёю толькі асветныя задачы.
Тв.:
У кн.: Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 58—63.
т. 2, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
бел. эміграцыйная газета. Выдавалася з 31.10.1947 да снеж. 1966 у Мюнхене на бел. мове. З 1955 бел. тыднёвік палітыкі, культуры і грамадскага жыцця. Выдавец У.Бортнік (з 1955). Асн. задачай лічыла развіццё і паглыбленне патрыятызму ў эмігранцкім асяроддзі. Друкавала інфармацыю пра міжнар. жыццё, навіны, карэспандэнцыі пра паліт. становішча на Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры, мастацтве. Выдавала дадаткі: дзіцячы «Каласкі», літ., жаночы. Пры «Бацькаўшчыне» дзейнічала выдавецтва, якое выпусціла творы Я.Купалы, Я.Коласа, Л.Калюгі, К.Чорнага і інш. Мела прадстаўніцтвы і распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне і інш. краінах.
т. 2, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЛЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,
газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, з № 6г. Вільня, з № 9 — Віленскай вобл. і г. Вільня. Выдавалася з 22.9 да 25.10.1939 у Вільні на бел. мове. Вяла паліт. і агітац. работу па растлумачэнні асноў сав. улады і пераваг сацыялізму, перадвыбарную кампанію ў сувязі з выбарамі ў Нар. сход Зах. Беларусі. Друкавала пастановы Часовага ўпраўлення і Ваен. савета па Віленскай акрузе. Інфармавала пра падзел памешчыцкай зямлі, арганізацыю добраахвотнай міліцыі, адкрыццё бел. школ і хат-чытальняў. Пісала пра падзеі ў Польшчы, Балгарыі, Турцыі і інш. краінах.
Л.І.Чарняева.
т. 4, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)