адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр.ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),
венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.
Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗОНД»,
серыя савецкіх касмічных апаратаў для вывучэння касм. прасторы і адпрацоўкі тэхнікі міжпланетных палётаў, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1964—70 запушчана 8 «З.». «З.-1», «З.-2», «З.-3» па канструкцыі падобныя на аўтаматычныя міжпланетныя станцыі «Венера-2», «Марс-1». «З.-2» выкарыстоўваўся для выпрабавання электраракетных плазменных рухавікоў, «З.-3» — для аблёту Месяца і фатаграфавання яго адваротнага боку. Запускам «З.-5» і «З.-6» упершыню вырашана праблема вяртання на Зямлю касм. апарата, які ўваходзіць у атмасферу Зямлі з 2-й касм. скорасцю. «З.-3» — «З.-8» мелі спускальны апарат і вярталіся на Зямлю. Апошняя ступень ракеты-носьбіта з касм. апаратам выводзілася на прамежкавую геацэнтрычную арбіту, з якой стартавала да Месяца. Пасля аблёту Месяца касм. апарат вяртаўся да Зямлі з 2-й касм. скорасцю, тармазіўся, спускальны апарат аддзяляўся і рабіў пасадку ў зададзеным раёне. Разліковая працягласць аўтаномнага палёту 7—8 сут. Навук. даследаванні: фатаграфаванне Зямлі і Месяца; даследаванне радыяцыйнага стану на трасе палёту і ў калямесяцовай прасторы; біял. эксперыменты і інш.
Да арт. «Зонд». Схема палёту касмічнага апарата «Зонд-6».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЫ (ад слова люты — злы, суровы),
другі месяц каляндарнага года ў Беларусі (28 дзён, у высакосным годзе 29), апошні месяц зімы. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 9 гадз 48 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 23,3°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 133 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-8 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў Л. -5,9 °C (-3,5 °C на ПдЗ і -7,5 °C на ПнУ). Вільготных дзён (адносная вільготнасць удзень не ніжэй 80%) 12—18. У Л. у сярэднім па рэспубліцы 3—8 дзён з мяцеліцай. На б.ч. тэрыторыі выпадае каля 30—40 мм ападкаў, павялічваецца таўшчыня снегавога покрыва з максімумам у 3-й дэкадзе месяца 10—15 см на ПдЗ і 20—35 мм на ПнУ. Таўшчыня лёду на вял. рэках і азёрах 35—60 см, глебы прамярзаюць да 30—50 см і болей. Глыбокі снег, ледзяная скарынка перашкаджаюць ласям, зайцам, лісам здабываць корм. У Л. адбываецца гон у ваўкоў, лісоў, зайцоў. Пачынаецца павольнае перамяшчэнне на Пн чарод чачотак, снегіроў, амялушак, крыжадзюбаў, паўн. савы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКА-БРЭ́СЦКАЯ ЧЫГУ́НКА,
назва ў 1871—1912 чыг. лініі, якая звязвала Беларусь з цэнтрам Расіі і Зах. Еўропай. Пабудавана на падставе канцэсіі, зацверджанай царом 15.12.1869. У 1896 выкуплена ў акц.т-ва казной. Працягласць 1027 вёрст. Уводзілася ў эксплуатацыю асобнымі ўчасткамі: Масква—Смаленск (391 вярста, вер. 1870); Смаленск—Мінск—Брэст (636 вёрст, ліст. 1871). У пастаянную эксплуатацыю здадзена 29.11.1871. На Беларусі перакрыжоўвалася з чыгункамі: Пецярбургска-Адэскай (у Оршы), Лібава-Роменскай (у Мінску), Віленска-Ковенскай (у Баранавічах), Кіева-Брэсцкай (у Брэсце). У 1879 на ўчастку Смаленск—Брэст адкрыты 2-і пуць. У 1910 на магістралі былі 523 паравозы, 629 пасажырскіх і 6499 грузавых вагонаў, перавезена каля 5 млн. пасажыраў і 340 млн. пудоў грузаў; працавала 18 тыс. рабочых. Найбуйнейшыя чыг. вузлы Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст, гал. майстэрні ў Маскве і Мінску. Ў 1912 у гонар цара Аляксандра I перайменавана ў Аляксандраўскую. У 1921 зах. частка М.-Б. ч. адышла да Польшчы, сав. частка ў жн. 1922 уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,
фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.
Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш.Гл. таксама Палавы цыкл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1894—97,
арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб.працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.—жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр.с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,
працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫў чалавека,
фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл.Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл.Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.