БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,

адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы

[1648—68],

на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638, «Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага»,

пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся ў сутоках Друйкі і Зах. Дзвіны. У час Лівонскай вайны 1558—83 у Д.з. ў 1561 размяшчаўся конны атрад. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова быў разбураны і спалены. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адноўлены, але сваёй магутнасцю не вылучаўся. У 18 ст. паступова прыйшоў у заняпад.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯЛО́ЎСКІ Казімір (1676—1752),

польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Жыў у вёсках Варонча і Ясянцы на Навагрудчыне. Пасол на сейм Рэчы Паспалітай (1722). Маршалак навагрудскі (1733), камісар гродзенскі (1738). Прыхільнік палітыкі Пятра I, у 1737 наведаў Пецярбург. Пісаў і на лац. мове. Апублікаваў у Пінску кампілятыўныя зб-кі «ўсякай усячыны» — «Публічныя забаўкі» (1743) і «Хатнія забаўкі» (1752; Супрасль, 1783), у якія апрача сваіх барочных вершаў уключыў прамовы, пасланні, эпітафіі, легенды.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕЦЁРЫ (франц. mousquetaire ад mousquet мушкет),

разнавіднасць пяхоты, узброенай мушкетамі, у арміях еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, 16 — пач. 18 ст. У Францыі акрамя М.-пехацінцаў у 1622—1775 былі каралеўскія М. (гвардз. кавалерыя, што складалася выключна з дваран). У некат. краінах (Расія, Прусія і інш.) палкі пяхоты, якія называліся М., існавалі да пач. 19 ст.

Мушкецёры: 1 — прадстаўнік наёмнай пяхоты Рэчы Паспалітай. 17 ст.; 2 — у час стральбы з цяжкага мушкета. 17 ст.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст. ​2/3 зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛАЎДО́Р (франц. Stanislav d’or залаты Станіслаў, паводле, ўзору франц. луідора, польск. аўгустдора),

залатая манета Рэчы Паспалітай, якую выпускала ў час паўстання 1794 Найвышэйшая нац. рада ад імя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага на Варшаўскім манетным двары. Вядомыя манеты коштам 27 і 54 злотых, з якіх, паводле меркавання большасці даследчыкаў, C. — Патройны чырвоны залаты (гл. Дукат) масай 12,34 г, а на думку некаторых сучасных навукоўцаў — паўтарачны чырвоны залаты масай 6,17 г.

І.​І.​Сінчук.

т. 15, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,

польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).

Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:

Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.​Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя I, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.

Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.

Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.​Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.

Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.

В.​Л.​Насевіч.

Да арт. Гасеўскія. В.​А.​Гасеўскі.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў 14—17 ст. ў сярэдневяковым г. Друцк (каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл.). Быў абнесены высокім валам і глыбокім ровам. Звесткі пра замак ёсць у дакументах за 1544, 1545 і 1549, у «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578, 1581) А.​Гваньіні. Д.з. пастаянна пазначаўся на картах Еўропы за 1562, 1589, 1595 і 1613. Заняпаў, верагодна, у сярэдзіне 17 ст. У дакументах перыяду вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пра Д.з. не ўпамінаецца.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)