БІЯСПЕЛЕАЛО́ГІЯ (ад бія... + спелеалогія),
навука, якая вывучае жыццё ў пячорах, трэшчынах горных парод і інш. Асновы біяспелеалогіі створаны рум. біёлагам Э.Ракавіцэ (1907), які даследаваў асаблівасці экалагічных умоў пячор, трэшчын і іх уплыў на жывыя арганізмы, заканамернасці эвалюцыі падземных біёт, размнажэнне, геагр. пашырэнне іх жыхароў і інш.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ РАЎНІ́НЫ, намыўныя раўніны, наносныя раўніны,
выраўнаваныя паверхні, утвораныя ў выніку працяглага намнажэння (акумуляцыі) рыхлых асадкавых горных парод рознага паходжання. Адрозніваюць марскога (раўніны марской акумуляцыі, або першасныя), рачнога (алювіяльныя), азёрнага (азёрныя), ледавіковага (марэнныя, флювіягляцыяльныя, або зандравыя, раўніны) паходжання; вылучаюць таксама падводныя акумулятыўныя раўніны (гл. Абісальныя раўніны).
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБА́ХСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет М. Каўказа, у Азербайджане. Цягнецца ад р. Тэртэр да даліны р. Аракс. Выш. да 2725 м (г. Бёюк-Кірс). Складзены пераважна з асадкавых і вулканагенных парод. На схілах дубовыя лясы. Ракой Акера, што цячэ ўздоўж паўд.-зах. схілаў хрыбта, аддзелены ад Карабахскага нагор’я.
т. 8, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЗІЯ (ад лац. corradere скрэбці, саскрабаць),
механічнае дэнудацыйнае ўздзеянне на горныя пароды абломкавага матэрыялу (галька, валуны, пясок), які рухаецца вадою, лёдам, ветрам ці перамяшчаецца гравітацыйна па схілах. Пры К. абточваюцца, паліруюцца, высвідроўваюцца подсцільныя пароды, у выніку чаго на паверхні парод утвараюцца барозны, лагчыны і інш. паглыбленні.
т. 8, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА (Kosciusko),
гара ў Аўстралійскіх Альпах, самая высокая вяршыня Аўстраліі (2230 м). Складзена з крышт. парод. На вяршыні 5 месяцаў ляжыць снег. Ледавіковыя ландшафты, альпійская і субальпійская расліннасць, эўкаліптавыя лясы. Нац. парк (пл. 675 тыс. га, засн. ў 1944; уключае біясферны рэзерват). Названа ў гонар Т.Касцюшкі.
т. 8, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДГО́Р’І,
паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НШ (Romanche),
глыбакаводны жолаб у экватарыяльнай зоне Атлантычнага ак. Даўж. 230 км, сярэдняя шыр. 9 км, найб. глыб. 7856 м. Уяўляе сабой упадзіну тыпу «акіянічнага трога», буйны грабен, адзін з элементаў рэльефу аднайменнай зоны разломаў, якая рассякае Сярэдзінна-Атлантычны хр. Ва ўпадзіне выяўлены выхады ультраасн. парод.
т. 13, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСА́К,
агульная назва рысістых парод коней, асноўны алюр якіх — рысь. Выведзены ў 18—19 ст. з мэтай забеспячэння трансп. патрэб: амерыканская стандартбрэднай парода, арлоўская рысістая парода, руская рысістая парода і інш. Адрозніваюцца сярэдняй масіўнасцю, расцягнутасцю корпуса, энергічным тэмпераментам. Выкарыстоўваюцца ў конным спорце, іпадромных скачках.
М.А.Гарбукоў.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсх. частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На З абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Пл. каля 8 млн. км2. Магутнасць зямной кары каля 40 км. Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крышт. сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор. Платформавы чахол пашыраны ў зах. частцы (магутнасць 3000—4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на З і аўлакагены на У. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.
М.А.Нагорны.
т. 1, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
т. 7, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)