ВЁЛЬФЛІН ((Wölfflin) Генрых) (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІША́ПЫ (іран.),
каменныя статуі (выш. да 5 м) у выглядзе рыбы або слупа з расцягнутай на ім скурай быка. Упершыню выяўлены ў 1909 у Арменіі ў раёне Гегамскага хр. Знаходзіліся паблізу стараж. каналаў і азёр, якія выкарыстоўваліся для вадапою жывёлы. Зроблены, магчыма, у 2-м тыс. да н.э. і звязаны з культам божастваў урадлівасці і вады. Пазней армяне лічылі статуі выявамі злых духаў і называлі іх вішапамі, г. зн. дэманамі. Выяўлены таксама на Паўн. Каўказе, у Грузіі, Манголіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО ВАН КІЕ́Т (н. 23.11.1922),
палітычны і дзярж. дзеяч В’етнама. Чл.Камуніст. партыі В’етнама (КПВ) з 1930-х г. Удзельнік нац.-вызв. руху. У 1976—78 старшыня Нар.к-таг. Хашымін, пазней сакратар Хашымінскага гаркома КПВ. У 1982—88 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана краіны. У сак.—чэрв. 1988 выконваў абавязкі старшыні СМ. Старшыня СМ з 1991. З 1976 чл.ЦК, канд. у члены Палітбюро ЦК, з 1982 чл. Палітбюро ЦК КПВ. Дэп.Нац. сходу краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БА, Гебея,
у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.Кайзера, К.В.Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ГА (англ. jig),
1) старадаўні нар. танец кельцкага паходжання. Спачатку парны танец (у маракоў пашыраны як сольны танец жартоўнага характару). У 17—18 ст. папулярны салонны танец у краінах Зах. Еўропы. Пазней бытаваў пераважна ў народзе. Муз. памер 6/8, 9/8, 12/8. Тэмп хуткі.
2) 3 17 ст.муз. п’есы розных тыпаў (у асн. 3-, 6-, 9-, 12-дольныя); заключная частка сюіты. Муз. форма «Ж.» выкарыстана ў балеце «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага; у сюітах многіх бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТА́ВА,
1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).
2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст.Пазней — пагранічная З.
3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ ШТУ́ЧНЫЯ,
штучныя дэталі, што ўваходзяць у склад зубных пратэзаў для замяшчэння зубных радоў з мэтай нармалізацыі функцыі жавання, мовы, эстэтыкі. У 4—3 ст. да н.э. для вырабу З.ш. выкарыстоўвалі косць, пазней золата. У наш час З.ш. робяць з акрылавай пластмасы, керамікі; колер адпавядае натуральным зубам. Акрамя здымных і няздымных пратэзаў (гл.Пратэзаванне зубоў) З.ш. бываюць адзінкавыя. Пры адсутнасці каронкі і захаваным корані робяць штыфтавыя зубы. Іншы раз З.ш. фіксуюць на дэнтальных імплантантах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,
у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн.Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазнеймуз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРД,
сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.