РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),
раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),
шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр. мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.
Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.
На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).
Э.А.Вальчук.
т. 11, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
1) статыстычны ўлік дзярж. і мясц. бюджэтаў.
2) Галіна сац.-эканам. статыстыкі, якая вывучае аб’ём, структуру і дынаміку нар. спажывання. Крыніцамі статыст. інфармацыі па жыццёвым узроўні насельніцтва і па сац. групах з’яўляюцца дзярж. справаздачнасць і перапісы, а таксама бюджэтныя абследаванні.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́НЦЫ (саманазва азербайджанлылар, азерылер),
нацыя, асн. насельніцтва Азербайджана (5,8 млн. чал., 1989). Агульная колькасць у свеце больш за 14,55 млн. чал. (1987). У краінах СНД 6,7 млн. чал., жывуць таксама ў Іране і Іраку. Гавораць на азербайджанскай мове. Вернікі пераважна мусульмане-шыіты.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАРПА́ЦКАЯ УКРАІ́НА (Закарпацце),
тэрыторыя сучаснай Закарпацкай вобл. Украіны. У 10—11 ст. была ў складзе Кіеўскай Русі. Стараж. насельніцтва — славяне. З 11 ст. ў складзе Венгрыі, потым Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі, з 1919 — Чэхаславакіі, з 1938 — Венгрыі.’ 3 1945 у складзе Украіны.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КХМЕ́РЫ (саманазва кхмер, кхмаэ),
камбаджыйцы, нацыя, асн. насельніцтва Камбоджы (8,6 млн. чал.). Агульная колькасць 10,35 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў В’етнаме (950 тыс.), Тайландзе (700 тыс.), ЗША (15 тыс.), Канадзе (15 тыс.), Аўстраліі (9 тыс.). Гавораць на кхмерскай мове. Вернікі — будысты (хінаяна).
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДАВА́НЕ (саманазва малдавень),
народ, асн. насельніцтва Малдовы (2,8 млн. чал.). Жывуць таксама на Украіне (324,5 тыс. чал.), у Расіі (172,7 тыс. чал., 1992). Агульная колькасць 3,35 млн. чал. Гавораць на малдаўскай мове. Вернікі — праваслаўныя. У 1996 на Беларусі створана абшчына М. «Малдова».
т. 10, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НГРЫ (саманазва мадзьяры),
нацыя, асн. насельніцтва Венгрыі (больш за 10,55 млн. чал.). Жывуць таксама ў Румыніі, Чэхіі, Югаславіі, СНД (пераважна ў Закарпацці, на Украіне; 171 тыс. чал., 1979) і інш. Агульная колькасць 14,38 млн. чал. (1987). Гавораць на венгерскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.
т. 4, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШМЕ́НЫ (галанд. bosjesman літар. лясны чалавек),
народ, карэннае насельніцтва Паўд. і Усх. Афрыкі. Качуюць у пустынях Калахары, Наміб і суседніх раёнах, куды выцеснены ў 16—19 ст. народамі банту. Каля 75 тыс. чал. (1983). Адносяцца да бушменскай расы. Карыстаюцца бушменскімі мовамі. Захоўваюць традыц. вераванні.
т. 3, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НЦЫ (саманазва шкіптар),
нацыя, асн. насельніцтва Албаніі (каля 3 млн. чал.). 1,89 млн. албанцаў жыве ў Косаве, Метохіі, Македоніі. Жывуць таксама ў Грэцыі, Італіі (паўд. вобласці і в-аў Сіцылія), Турцыі, Балгарыі, Румыніі, на Украіне. Агульная колькасць 5,19 млн. чал. (1987). Гавораць на албанскай мове.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)