раздзел матэматычнага праграмавання, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння задач аб экстрэмумах (мінімумах ці максімумах) лінейных функцый пры абмежаваннях, зададзеных сістэмамі лінейных роўнасцей і няроўнасцей.
Задачы Л.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі задач эканомікі і вытв-сці, напр., задача рацыянальнага размеркавання часу (аптымальнага плана работы) прадпрыемства па розных тэхнал. спосабах, трансп. задача, дзе адшукваецца найб. эканомны план дастаўкі прадуктаў з пунктаў вытв-сці ў пункты спажывання, задача складання самага таннага кармавога рацыёну з пэўных кармоў. Агульная пастаноўка задачы і метад яе рашэння прапанаваны Л.В.Кантаровічам (1939), найб. пашыраны сімплекс-метад рашэння задач (накіраваны перабор мноства дазволеных рашэнняў) — амер. матэматыкам Дж.Данцыгам (1949). Гл. таксама Аперацый даследаванне.
На Беларусі праблемы Л.п. і яго дастасаванняў даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Данциг Дж. Б. Линейное программирование, его применения и обобщения: Пер. с англ.М., 1966;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы линейного программирования. Ч. 1—3. Мн., 1977—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОГАТЭРАПІ́Я (ад логас + тэрапія),
адзін з кірункаў сучаснай псіхатэрапіі, які займаецца вывучэннем і пошукам сэнсу чалавечага існавання; метад псіхатэрапіі, звязаны з карэкцыяй анамалій у развіцці асобы. Як метад распрацаваны аўстр. псіхіятрам і псіхолагам В.Франклам. Імкненне да пошуку і рэалізацыі чалавекам сэнсу свайго жыцця — прыроджаная матывацыйная тэндэнцыя і асн. рухаючая сіла паводзін і развіцця асобы. У самых складаных абставінах чалавек здольны знайсці пэўны сэнс жыцця і ўзяць на сябе асабістую адказнасць за яго практычную рэалізацыю. Адсутнасць падобнага сэнсу ці немагчымасць яго ажыццяўлення (фрустрацыя) прыводзяць да апатыі, дэпрэсіі, неўрозаў. Магчымыя пазітыўныя сэнсы жыцця могуць выяўляцца праз 3 асн. групы каштоўнасцей: творчасці, перажывання (напр., каханне) і адносін (свядомай пазіцыі чалавека да жыццёвых абставін, якія нельга змяніць). Найб. важная роля адводзіцца каштоўнасцям творчасці, асн. шляхам рэалізацыі якіх лічыцца праца. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неагенных неўрозаў (звязаных са стратай цікавасці да жыцця), апатычна-дэпрэсіўных сіндромаў.
Літ.:
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЛЕ́КСІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (2.12.1880, г. Сімферопаль, Украіна — 3.2.1947),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы і радыётэхніцы. Акад.АНСССР (1939; чл.-кар. з 1931). Скончыў Страсбургскі ун-т (1904), дзе працаваў да 1914. З 1918 у Адэскім політэхн. ін-це (з 1922 праф.). З 1922 у Цэнтр. радыёлабараторыі (Ленінград), з 1935 у Фіз. і Энергет. ін-тах АНСССР (Масква). Навук. працы па радыёфізіцы, радыётэхніцы, тэорыі нелінейных ваганняў. Праводзіў даследаванні па накіраванай радыётэлефоннай сувязі, па радыёсувязі з падводнымі лодкамі і тэлекіраванні, кіраваў распрацоўкай першых расійскіх радыёлямпаў (1914—16). Сумесна з Л.І.Мандэльштамам стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей. Адзін з першых выказаў ідэю радыёлакацыі Месяца. Прэмія Дз.І.Мендзялеева 1936. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Собр. трудов. М., 1948.
Літ.:
Памяти Н.Д.Папалекси // Изв. АНСССР. Сер. физ. 1948. Т. 12, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).
Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз.мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз.ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз.мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл.Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.
В.К.Грыбоўскі.
Да арт.Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНА-АБСАРБЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
метад элементнага аналізу і даследавання ўласцівасцяў рэчываў па атамных спектрах паглынання. Заснаваны на прапусканні праз атамізаванае рэчыва бачнага або УФ-выпрамянення і рэгістрацыі спектраў. Выкарыстоўваецца для вызначэння каля 70 хім. элементаў у вадзе, глебе, прадуктах жыццядзейнасці арганізма, нафце, мінералах, сплавах і інш. аб’ектах, для вымярэння некаторых фіз. і фіз.-хім. велічыняў.
Літ.:
Брицке М.Э. Атомно-абсорбционный спектрохимический анализ. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭЛЕМЕТРЫ́Я (ад бія... + тэлеметрыя),
спосаб атрымання і рэгістрацыі інфармацыі аб стане біял. аб’ектаў з дапамогай тэлеметрычнай апаратуры. Звычайна выкарыстоўваюць мініяцюрныя доўгахвалевыя радыёперадатчыкі або крыніцы радыеактыўнасці, якія прымацоўваюць на целе чалавека або жывёлы. Метад біятэлеметрыі дазваляе дакладна вызначаць месцазнаходжанне аб’екта, рэгістраваць паказчыкі перамяшчэнняў, жыццядзейнасці і паводзін арганізма (напр., рытм сардэчных скарачэнняў, т-ру цела і інш.). Выкарыстоўваюць у экалогіі, эталогіі, медыцыне, спорце, касманаўтыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНХАСКАПІ́Я (ад бронхі + ...скапія),
візуальны метад даследавання дыхальных шляхоў бранхаскопам (складаецца з трубак розных дыяметраў, асвятляльнага і аптычнага прыбораў). Робяць бронхаскапію пад мясц. анестэзіяй як дыягнастычную і лячэбную працэдуру. Паказанні для бронхаскапіі: выяўленне паталагічных змен трахеі, галоўных і сегментарных бронхаў, выдаленне іншародных цел, падвострыя і хранічныя захворванні з парушэннямі праходнасці бронхаў, лёгачныя крывацёкі, калі неабходна ўзяць матэрыял для біяпсіі ці ўвесці лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАШНІ́Н (Леанід Рыгоравіч) (н. 20.2.1936, в. Альхоўка Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-ртэхн.н. (1976), праф. (1978). Скончыў Чэлябінскі політэхн.ін-т (1959). З 1962 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. працы па хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў і сплаваў. Прапанаваў металатэрмічны метад атрымання дыфузійных пакрыццяў шматмэтавага прызначэння (зноса-, гарача-, кавітацыйнаўстойлівых і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КШЫНСКІ (Сяргей Аркадзевіч) (27.10.1896, г. Пскоў, Расія — 20.9.1974),
рускі вучоны ў галіне электравакуумнай тэхнікі. Акад.АНСССР (1953; чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1956). У 1922 — 46 на прадпрыемствах Ленінграда і Новасібірска. З 1947 дырэктар н.-д. ін-та. Распрацаваў новы метад атрымання і даследавання сплаваў (1941—44). Стварыў шэраг электронных прылад. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1955. Ленінская прэмія 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАФІ́ЛЬМ,
фільм, запісаны на відэамагнітафоннай стужцы, а не на кінаплёнцы. Узнік у 1970-я г. на тэлебачанні. Жанры разнастайныя: маст., навук.-папулярныя, дакумент.-публіцыстычныя, хранік. і інш. У параўнанні з кінафільмамі мае шэраг пераваг у эстэт. і тэхнал.-вытв. аспекце (мнагакамерны метад здымкі, электронны мантаж, спецэфекты, што даюць магчымасць атрымаць камбінаваны кадр любой складанасці, шматразовае выкарыстанне для запісу магнітнай плёнкі і інш.).