МЮРА́Т ((Murat) Іаахім) (25.3.1767, г. Лабастыд-Мюра, Францыя — 13.10.1815),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Бергскі і Клеўскі (1806). Кароль Неапалітанскага каралеўства пад імем Іаахім-Напалеон [1808—15]. У франц. арміі з 1787. Вызначыўся пры задушэнні мяцяжу раялістаў у 1795, у Італьянскім (1796—97) і Егіпецкім (1798—99) паходах Напалеона I, садзейнічаў захопу ім улады ў Францыі. Удзельнік усіх Напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 супраць Расіі камандаваў кав. корпусам, удзельнічаў у баях каля Астроўна, Смаленска, с. Таруціна, Барадзінскай бітве 1812. Пасля ад’езду Напалеона I у Францыю (5.12.1812) да студз. 1813 камандаваў рэшткамі «вялікай арміі»; на баку Напалеона ўдзельнічаў у бітвах пры Дрэздэне і Лейпцыгу. У студз. 1814 заключыў тайны саюз з Аўстрыяй і Вялікабрытаніяй з мэтай захаваць неапалітанскі прастол, але яго дамаганні адхіліў Венскі кангрэс 1814—15. У перыяд «Ста дзён» выступіў на баку Напалеона I, быў разбіты ў Італіі і ўцёк на в-аў Корсіка. Каб вярнуць сабе прастол, на чале невял. атрада высадзіўся на Пд Італіі, але схоплены аўстрыйцамі і па прыгаворы ваен. суда расстраляны.
Літ.:
Тюлар Ж. Мюрат, или Пробуждение нации: Пер. с фр.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,
дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч.Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕМО́НТ (Piemonte),
адм. вобласць на ПнЗ Італіі. Уключае правінцыі Турын, Верчэлі, Кунеа, Александрыя, Навара, Асты. Пл. 25,4 тыс.км². Нас. каля 4,5 млн.чал. (2000). Адм. і галоўны эканам. цэнтр — г.Турын. Большую ч. вобласці займаюць Пенінскія, Грайскія, Коцкія і Прыморскія Альпы, у цэнтры — П’емонцкая раўніна. Адна з найб. развітых абласцей Італіі. Прам-сць: маш.-буд., асабліва вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, самалётаў, матораў, падшыпнікаў, эл.-тэхн. абсталявання, машын для тэкст., харч., папяровай галін, дакладных прыбораў; тэкст. (шарсцяная, са штучных валокнаў), цэм., электраметалургічная, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, гумавая, папяровая, паліграфічная. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне рысу (1-е месца ў Італіі), пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, бульбы. Малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Стараж. насельніцтва — кельты. Назва П. з 13 ст. Да 15 ст. яго тэр. была падзелена на мноства феад. уладанняў. З 15 ст. ў складзе Савойскага герцагства, з 1720 — асн.ч. і неафіцыйная назва Сардзінскага каралеўства са сталіцай у г. Турын. У 1802—14 у складзе Францыі. З 1820-х г. П. — адна з найб.эканам. развітых абласцей Італіі, гал. цэнтр Рысарджымента. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1943—45) ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТА́НЬ (Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс.км². Нас. 2,8 млн.чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц.вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам I і стала яе правінцыяй. У час.франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБО́ЎНІКІ,
зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯПольшчы
(НДП; Stronnictwo Narodowa-Demokratyczne),
эндэкі,
польская паліт. партыя ў 1897—1945. Створана ў Каралеўстве Польскім на базе Нац. лігі, пазней пашырыла дзейнасць на польскія землі ў складзе Германіі (1904) і Аўстра-Венгрыі (1905). Прадстаўляла інтарэсы нац. буржуазіі, сярэдніх землеўладальнікаў і часткі інтэлігенцыі. Праграма (рэдакцыі 1897 і 1903) — нацыяналізм, ліберал-дэмакратызм, міжкласавае супрацоўніцтва, аўтаномія Польшчы ў складзе Расіі. У пач. рэвалюцыі 1905—07 НДП выступіла ў абарону нац. незалежнасці, супраць русіфікацыі; пазней, спадзеючыся на ўступкі ў нац. пытанні, падтрымала царызм у барацьбе з рэвалюцыяй. У 1-ю сусв. вайну арыентавалася на Расію і краіны Антанты, з дапамогай якіх разлічвала далучыць да Каралеўства Польскага польскія землі Германіі і Аўстра-Венгрыі. З гэтай мэтай быў створаны Польскі нац.к-т на чале з Р.С.Дмоўскім. З восені 1917 дамагалася прызнання незалежнасці Польшчы зах. краінамі, удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. З 1919 НДП (перайменаваная ў Нац.-дэмакр. саюз) уваходзіла ва ўрадавую кааліцыю, выступала супраць рэв. руху, падтрымлівала інтэрвенцыю супраць Сав. Расіі, паланізацыю бел., укр. і літ. зямель. У 1928 перайменавана ў Нац. партыю. У 1926—33 у складзе праванацыяналіст. Лагера Вял. Польшчы. У 2-ю сусв. вайну падтрымлівала польскі эмігранцкі ўрад. У 1945 забаронена новымі ўладамі Польшчы, у 1947 разгромлены яе падп. арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст.н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),
горад на У Іспаніі, пры ўпадзенні р. Турыя ў Валенсійскі зал. Міжземнага м.Адм. д. аўт. вобласці Валенсія і аднайм. Правінцыі. 752,9 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Судна- і маторабудаванне, вытв-сць чыгуначнага абсталявання. Пладова-агароднінная, тытунёвая, тэкст. (у т. л. джутавая), хім., дрэваапр.прам-сць. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, агародніна, рыс). Саматужныя промыслы. 2 ун-ты (адзін з іх з 1500). Музей прыгожых мастацтваў (з археал. музеем). Арх. помнікі 13—18 ст.
Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 11 ст. цэнтр аднаго з араб. эміратаў. У 1238 адваявана ў арабаў і стала сталіцай каралеўства Валенсія. У 1808—12 змагалася з франц. войскамі, у 1812—13 пад уладай французаў. У грамадз. вайну 1936—39 у Валенсіі знаходзіўся рэсп. ўрад (1936—37, 1939).
Унутры бульварнага кальца (на месцы стараж. сцен) — стыхійная забудова Старога горада са шматлікімі садамі, помнікамі маўрытанскага дойлідства, з каляровай маёлікавай абліцоўкай, цэрквамі і палацамі, упрыгожанымі багатай скульпт. разьбой. Гатычны сабор (13—18 ст.; інтэр’ер у стылі «чурыгерэска», 17—18 ст.), шаўковая біржа «Лонха дэ Седа» (15 ст.), Калехіо дэль Патрыярка (1586—97, праект арх. Х.Б. дэ Эрэры), палац Агуас (цяпер Музей керамікі; 1740—46). На Пд ад Старога горада — рэгулярная забудова раёнаў 19—20 ст.Манум. скульптура 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІНЬЁН (Avignon),
горад на ПдУ Францыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).
Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч.каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́ГАШ ((Długosz) Ян) (1415, в. Бжазніца Пётркаўскага ваяв., Польшча — 19.5.1480),
польскі гісторык, дыпламат, царк. дзеяч. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1428—31). Канонік кракаўскі (з 1436). У 1433—55 сакратар і канцлер Кардынала З.Алясніцкага. Пасля яго смерці прыбліжаны караля Казіміра IV Ягелончыка, падтрымліваў яго знешнюю палітыку, з 1467 выхавацель сыноў караля. У 1480 арцыбіскуп львоўскі. Гал. праца Д. «Гісторыя Польшчы» (інакш «Летапісы, або Хронікі слаўнага Каралеўства Польскага» ў 12 кн. на лац. мове, 1455—80) ахоплівае падзеі ад легендарных часоў да 1480, створана на падставе шматлікіх польск. і замежных крыніц: хронік, летапісаў (у т. л. беларускіх), статутаў, актаў польска-крыжацкіх, каралеўскай канцылярыі (многія з іх сёння ўжо не вядомы), а таксама асабістых назіранняў. Падрабязна апісана гісторыя ВКЛ, ёсць інфармацыя пра асобныя гарады і мястэчкі Беларусі, гаспадарку і звычаі стараж. ліцвінаў і інш. Аўтар прац «Banderia Prutenorum» (1448, апісанне з гіст. каментарыем 56 крыжацкіх харугваў, здабытых пераважна пад Грунвальдам), «Insignia seu clenodia Regni Poloniae» (пасля 1472, старэйшы польскі гербоўнік) і інш.
Тв.:
Rocznik czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego Ks. 1—11. Warszawa, 1961—85;
Рус.пер. — Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.
Літ.:
Długossiana: Studia historyczne w pięćsetlecie śmierci Jana Długosza. Cz. 1-2. Kraków, 1980—85;
Polska Jana Długosza. Warszawa, 1984;
Mitkowski J. Jan Długosz. Warszawa, 1988;
Plezia M. Jan Długosz // Pisarze staropolscy, sylwetki. Warszawa, 1991. T. 1.