КАМЕ́НСКІ (Kamieński) Мацей (13.10.1734, г. Шопран, Венгрыя — 25.1.1821),
польскі кампазітар. З 1760 выкладаў ігру на фп. і спевы, служыў капельмайстрам у Варшаве. Аўтар 8 опер, у т. л. першай польскай «Ашчасліўленае жабрацтва» (1778) з шырокім выкарыстаннем нац. муз. фальклору, «Зоська, або Сельскія залёты», пастаральнай «Дабрадзейная прастата» (абедзве 1779). Сярод інш. твораў: опера «Султан Вампун» (1795), 2 вадэвілі на лібрэта Ф.Заблоцкага («Памешчыцкі баль», 1780, і «Жоўты чапец, або Калядкі на Новы год», 1788), «Драматычная кантата» (1788), зінгшпілі, месы, араторыі, паланэзы. Аўтар трактата па ранняй польскай оперы.
т. 7, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДЖ (Cage) Джон (5.9.1912, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 12.8.1992),
амерыканскі кампазітар. Чл. Амерыканскай акадэміі мастацтваў і л-ры (1988). Вучань Г.Каўэла, А.Шонберга. Прадстаўнік муз. авангарда. Працаваў у галіне эксперыментальнай музыкі, выкарыстоўваў тэхніку дадэкафоніі, алеаторыку. З дапамогай экзатычных інструментаў узнаўляў рытмічныя і тэмбравыя асаблівасці стараж. муз. мастацтва народаў Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Аўтар п’ес для ўдарных інструментаў, фп., «падрыхтаванага фп.», а таксама т.зв. інструментальных відовішчаў. Напісаў кн. «В.Томсан» (1959, у сааўт.), «Цішыня» (1961), «Дзённік» (ч. 3—4, 1967—68), «Натацыі» (1969, у сааўт.) і інш.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛІК (Kubelík) Ян (5.7.1880, Міхле каля Прагі — 5.12.1940),
чэшскі скрыпач, кампазітар. Чл. Чэш. Акадэміі навук і мастацтваў (1932). Ігры на скрыпцы вучыўся ў бацькі І.М.Кубеліка, К.М.Вебера і інш. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1898). Музыкант-віртуоз, адзін з лепшых выканаўцаў найб. складаных твораў Н.Паганіні. Увёў у выканальніцкую практыку больш павольны тэмп ігры тэхн. пасажаў. Аўтар сімфоніі (1937), 6 канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (1916—24), скрыпічных п’ес, віртуозных канцэртных кадэнцый і інш. У 1947 і 1949 прайшлі Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя К. (у рамках муз. фестывалю «Пражская вясна»).
т. 8, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГРА́Н (Legrand) Мішэль (н. 24.2.1932, Парыж),
французскі кампазітар, джазавы піяніст, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1950, клас Н.Буланжэ). Працаваў акампаніятарам эстр. спевакоў. Напісаў шэраг балетаў для трупы «Балет Парыжа», у т. л. «Праклятыя красуні» (1955), «Валянціна» (1956). Пранікнёны лірызм уласцівы яго музыцы да муз. фільмаў «Шэрбургскія парасоны» (1963), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967). Яго музыка вылучае таксама кінафільмы «Незвычайная Амерыка» і «Жанчына ёсць жанчына», «Сем смяротных грахоў», «Ева», «Лета 42-га» і інш. Неаднаразова наведваў Беларусь, у т. л. як старшыня журы міжнар. фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску.
т. 9, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ Аляксандр Сцяпанавіч (25.3. 1910, с. Нячаеўка, Мардовія — 7.10. 1978),
таджыкскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Таджыкістана (1945). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937). У 1937—56 працаваў у Душанбе, у 1943—56 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Таджыкістана. У 1966—74 выкладаў у Маскоўскім ін-це культуры. Аўтар першага тадж. балета «Дзве ружы» (1941). Сярод інш. твораў: оперы «Тахір і Зухра» (1945), «Нявеста» (1946), «Хасіят» (1964); балет «Дыльбар» (1954); «Таджыкская сімфонія» (1937), «Таджыкскія сюіты для сімф. аркестра» (1938); хары a cappella; апрацоўкі тадж. нар. песень; рамансы, песні; музыка для т-ра і кіно.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ Мікалай Пятровіч (14.3.1908, г. Калуга, Расія — 3.11.1990),
расійскі кампазітар, педагог, дырыжор. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931; кл. Р.Гліэра), з 1932 выкладаў у ёй (з 1943 праф.). Асн. месца ў творчасці займае інстр. музыка. Сярод твораў; 3 сімфоніі (1940—62); для стр. арк. — 2 паэмы (1979, 1981), сюіты, п’есы; 8 канцэртаў для розных інстр. з арк.; камерныя ансамблі, музыка для духавога арк. і арк. нар. інструментаў; хоры, рамансы, творы пед. рэпертуару. Аўтар метадалагічных прац «Задачы па інструментоўцы» (1975), «Практычны курс інструментоўкі» (1985) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 13, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗІ́НСКІ (Rudziíski) Вітальд (н. 14.3.1913, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),
польскі кампазітар, музыказнавец, муз. крытык, педагог. Скончыў Кансерваторыю імя М.Карловіча ў Вільні (1937; кл. кампазіцыі Т.Шалігоўскага). Выкладаў у кансерваторыях Вільні, Лодзі, з 1957 у Акадэміі музыкі ў Варшаве (з 1965 праф.). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне польск. муз. фальклору, вобразнасць муз. мовы. Сярод твораў оперы, у т. л. «Адпраўленне грэчаскіх паслоў» (1962), «Мужыкі» (1972), араторыі, арк. творы, камерна-інстр. ансамблі, музыка для драм. т-ра і кіно і інш. Аўтар прац пра творчасць С.Манюшкі, Б.Бартака і інш.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СЦІЧ Мілан (31.8.1908, Бялград — 1982),
югаслаўскі кампазітар; буйнейшы югасл. сімфаніст. Чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1961). Вучань М.Мілоевіча і Е.Славенскага. У 1930-я г. адзін з прадстаўнікоў авангардызму, выкарыстоўваў чвэрцьтонавую сістэму, дадэкафонію, адчувальны ўплыў экспрэсіянізму, пазней — неакласіцызму. У творах 1940-х г. — імкненне да грамадз. і героіка-патрыят. тэматыкі, прадаўжэння нац. муз. традыцый. Сярод твораў: балеты «Папялушка» (паст. 1943), «Тыран» (паст. 1945); 9 сімфоній (1941—77), арк. п’есы, канцэрты для інстр. з арк., кам.-інстр. ансамблі, вак. творы, у т. л. «Песня пра сокала», «Песня памерлых пралетарыяў».
т. 13, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́МЕНЫ (Reményi) Эдэ [сапр. Гофман (Hoffmann); 17.1.1828, г. Мішкальц, Венгрыя — 15.5.1898], венгерскі скрыпач і кампазітар. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1842—45). Выступаў у ансамблі з І.Брамсам. З 1854 прыдворны саліст у Лондане. З 1860 у Будапешце, з 1875 у Парыжы, Нью-Йорку. Ігра вызначалася вогненным тэмпераментам, бліскучай віртуознасцю, свабоднай імправізацыяй. Сярод твораў: канцэрт для скрыпкі з арк., п’есы ў нар. венг. духу для скрыпкі сола («Венгерскія мелодыі» і інш.) і з фп., скрыпічных транскрыпцый фп. п’ес Ф.Шапэна, у т. л. мазурак і паланэзаў, вальсаў і інш.
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬСКІ Аляксандр Браніслававіч (н. 25.5.1952, Мінск),
бел. кампазітар. Сын Б.С.Смольскага. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, кл. Я.Глебава), у 1972—81 працаваў у ёй. З 1991 у Бел. ун-це культуры. Працуе ў розных жанрах. Музыцы ўласцівы меладызм, экспрэсіўнасць, яркасць аркестроўкі, арган. спалучэнне фалькл. пачатку з сучаснымі выразнымі сродкамі. Сярод твораў: опера «Крэпасць» (1990), аперэта «Вясенняя серэнада» (канцэртнае выкананне 1987), творы для сімф. аркестра, нар. аркестра, у т. л. «Канцэрт-паэма для цымбалаў і аркестра» (1986), творы для фп., вак. цыклы і інш.
Л.А.Лявонава.
т. 15, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)