асоба, якая ўзначальвае дыпламат. корпус у якой-н. краіне. Звычайна Д. — вышэйшы рангам дыпламат. прадстаўнік. Калі некалькі дыпламат. прадстаўнікоў маюць аднолькавы ранг, то Д. — асоба, якая найдаўжэй знаходзіцца ў краіне прызначэння з моманту ўручэння даверчых грамат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЙНА ПАВЕ́РХНЯ, бутэлька Клейна,
адна з аднабаковых паверхняў. Уведзена Ф.Клейнам. У трохмернай прасторы атрымліваецца з трубы, адкрытай з абодвух канцоў, калі больш вузкі канец трубы выгнуць так, каб ён прайшоў праз яе сценку, і абодва кругавыя канцы трубы склеіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫКУТЫ́Н (Paricutín),
дзеючы вулкан у Мексіцы, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры. Выш. 2774 м (па інш. звестках 3170 м). Узнік у 1943, калі адбываліся выкіды магутных фантанаў гарачага шлаку, якія чаргаваліся з выкідамі пары, попелу і значнымі выцяканнямі лавы. Бесперапынна дзейнічаў да 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАМА́Я,
сукупнасць пунктаў прамой, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенага пункта гэтай прамой. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць x > a (ці x < a), дзе a — пастаянная. Калі сам пункт x = a (мяжа П.) належыць да П., то П. лічыцца замкнутай (ці промнем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСТВА (у праве),
засведчаны ў органах ЗАЦСа факт паходжання дзіцяці ад пэўнага мужчыны. Пры нараджэнні дзіцяці ў маці, якая знаходзіцца ў шлюбе, дзейнічае прэзумпцыя, што бацькам з’яўляецца яе муж. У гэтым выпадку звесткі пра бацьку ў запіс аб нараджэнні дзіцяці ўносяцца на падставе пасведчання аб шлюбе. Калі шлюб не быў зарэгістраваны, запіс пра бацьку робіцца па сумеснай заяве бацькі і маці. У выпадку адмовы бацькі прызнаць сваім дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, спрэчкі аб устанаўленні бацькоўства вырашае суд. Пры нараджэнні дзіцяці незамужняй жанчынай звесткі пра фактычнага бацьку ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца, калі бацька адмовіцца прызнаць дзіця сваім і няма рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. У такіх выпадках запіс пра бацьку дзіцяці робіцца на прозвішча маці, а імя і імя па бацьку запісваецца па яе ўказанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),
1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.
2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПРОЦІСТАЯ́ННЕМарса,
становішча планеты Марс, калі ён відаць з Зямлі ў напрамку, процілеглым Сонцу, і пры гэтым збліжаецца з Зямлёй на мінімальна магчымую адлегласць. Пры вялікім процістаянні Марс зручны для назірання: адлегласць да яго меншая за 60 млн.км (0,4 а.а.), вуглавы дыяметр павялічваецца да 25″, бляск дасягае -2,5 зорнай велічыні. Вялікія процістаянні адбываюцца ў інтэрвале дат ад 5 ліпеня да 5 кастрычніка, калі Зямля пры сваім руху па арбіце даганяе Марс, які знаходзіцца паблізу перыгелія. На гэты інтэрвал прыпадаюць 2 вялікія процістаянні з перыядам 15,05 года і адно з перыядам 2,136 года, потым зноў 2 праз 15,05 года і г.д. Апошнія вялікія процістаянні адбыліся ў 1971, 1986 і 1988. Наступнае чакаецца ў 2003. Гл. Таксама канфігурацыі планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ТЭЗА (ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),
сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводле рус. логіка М.І.Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІТА́ЦЫЯ (ад лац. cavitas пустата),
з’ява ўтварэння ў кропельнай вадкасці поласцей, запоўненых газам, парай ці іх сумессю; парушэнне суцэльнасці ўнутры вадкасці. Ўзнікае пры мясцовым паніжэнні ціску ніжэй за крытычнае значэнне (для рэальных вадкасцей яно прыбл. роўнае ціску яе насычанай пары пры дадзенай т-ры). Калі паніжэнне ціску адбываецца з-за павелічэння скорасці ў патоку вадкасці, К. наз. гідрадынамічнай; калі пры праходжанні акустычных хваль — акустычнай. Знікненне поласцей суправаджаецца мех. імпульсам, падобным да гідраўлічнага ўдару, што неспрыяльна адбіваецца на рабоце гідратурбін, грабных вінтоў, помпаў і інш. (вібрацыя, змяншэнне ккдз, разбурэнне рабочых органаў). Акустычная К. ляжыць у аснове большасці выпадкаў практычнага выкарыстання ультрагуку. У біял. аб’ектах імпульсы ціску ў кавернах абумоўліваюць імгненныя разрывы мікраарганізмаў і прасцейшых. Гэтай з’явай карыстаюцца для выдзялення з жывёльных і раслінных клетак гармонаў, ферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.