БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.

Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял. Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.

Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́ПАГАС (Galápagos),

нацыянальны парк Эквадора, на а-вах Галапагас (архіпелаг Калон) у Ціхім ак., каля 1000 км на З ад Паўд. Амерыкі. Размешчаны на вял. а-вах Ісабела, Санта-Крус, Сан-Крыстобаль і інш. Засн. ў 1936. Пл. 691,2 тыс. га. У флоры каля 700 відаў раслін, з якіх больш за 40% эндэмічныя віды. У прыбярэжных раёнах звычайныя вялізныя кактусы (часцей трапляецца апунцыя, выш. да 10 м), вышэй — калючыя хмызнякі, у верхняй зоне — паласа сырых эндэмічных вечназялёных лясоў з папарацямі і імхамі. Унікальная фауна небагатая — каля 90 відаў птушак і з дзесятак рэптылій: уюркі (13 відаў, у т. л. дарвінавы, вялікі кактусавы і інш.), пінгвіны (каля 1,5 тыс. асобін), нелятаючыя бакланы (каля 1 тыс.), фрэгаты і інш.; гіганцкія слановыя чарапахі (масай да 250 кг), яшчаркі ігуаны (у т. л. марская, насякомаедная і інш.); наземныя млекакормячыя прадстаўлены хамякамі і кажаном; эндэмічныя галапагоскія марскі леў і коцік. На в-ве Санта-Крус з 1964 існуе Міжнар. н.-д. станцыя імя Ч.​Дарвіна. Галапагас уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],

італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.​Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.​Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.

Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́НСЛЕНД (Queensland),

штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс. км². Нас. 3,1 млн. чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц. — г. Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс. мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс. мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал. руды і інш. Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал. індустр. цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭН (Maine),

штат на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША, у Новай Англіі, каля мяжы з Канадай. Пл. 86 тыс. км². Нас. 1242 тыс. чал., у т. л. гарадскога каля 80% (1997). Адм. цэнтр — г. Агаста; найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Портленд. Б. ч. тэрыторыі занята адгор’ямі Апалачаў (выш. да 1606 м). Клімат умераны вільготны. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы каля 5 °C, ліп. 15—18 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Больш за 50% тэр. ўкрыта хвойнымі лясамі. Шмат азёр і парожыстых рэк. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 млн. га. Найб. развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. М. займае 1-е месца ў ЗША па зборах бульбы. Агародніцтва і садоўніцтва. Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВт∙гадз (1997). Лесанарыхтоўкі (хвоя, елка, піхта), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Здабыча пяску, жвіру, буд. каменю, торфу, цэм. сыравіны. Развіты суднабудаванне, гарбарна-абутковая, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сць тэкст. і абутковых машын. Рыбалоўства і рыбакансервавая прам-сць, аквакультура. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДЫ СУ́ШЫ,

воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн. км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн. км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн. км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн. км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн. км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн. км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),

французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.

Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.​Леско). 1547—49.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,

княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:

Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.​В.​Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАВАДЗІ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

у цэнтр і паўд. раёнах М’янмы, у бас. р. Іравадзі, на п-ве Індакітай. Даўж. каля 800 км. Выш. каля 100 м. Паверхня пераважна плоская, паніжаецца на Пд да Андаманскага м., на Пн — узгоркі, участкі бедленда. Размешчана паміж Араканскімі гарамі на З і Шанскім нагор’ем на У, у міжгорным прагіне, запоўненым марскімі і алювіяльнымі адкладамі. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 20—23 °C, мая — больш за 30 °C. Ападкі 600—1000 мм на Пн, больш за 2000 мм на Пд (каля 90% ападкаў з чэрв. да кастр. ў перыяд паўд.-зах. мусону). Сухія саванны, мусонныя лістападныя лясы, у дэльце мангравыя лясы. Гал. с.-г. раён, каля ​2/3 тэрыторыі ўзарана (рыс, проса, пшаніца, бавоўнік). Густа населена. Найб. гарады Янгон і Мандалай.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд. ч. шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28 °C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн. м³/с, на Пд да 20—30 млн. м³/с. Утварае ў паўн. ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36° паўн. ш. і 150° усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40° паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Ціхага ак.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)