АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан. змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл.Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.С.Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАВЫРАТАВА́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,
галіна горнай справы, якая займаецца даследаваннямі, распрацоўкай тэхнікі і тэхналогіі, арганізацыяй работ па выратаванні людзей, ліквідацыі аварый у шахтах, рудніках і інш. горных прадпрыемствах. Найб. небяспечныя аварыі — падземныя выбухі, пажары, раптоўныя выкіды вугалю і руднічнага газу (гл.Горны ўдар), самаадвольнае абвальванне парод, прарывы ў горныя вырабаткі падземных вод і плывуноў. Горнавыратавальнай справай займаюцца спец. горнавыратавальныя часці (ГВЧ), яна кантралюецца органамі горнага надзору. Дзеянні ГВЧ па выратаванні людзей і ліквідацыі аварый падпарадкаваны агульнаму плану ліквідацыі аварыі, распрацаваным на прадпрыемстве пры ўдзеле ГВЧ.
ГВЧ ваенізаваны, іх першасная аператыўная адзінка — узвод (3—9 аддзяленняў звычайна па 7 чал.), які абслугоўвае групу блізка размешчаных шахтаў, руднікоў. ГВЧ аснашчаны спец. абсталяваннем (руднічнымі рэспіратарамі, вогнетушыцелямі, пенагенератарамі, парагазагенератарнымі ўстаноўкамі, сродкамі сувязі і інш.). Участкі, дзе ўзнік пажар, ізалююць перамычкамі; пры небяспецы выбуху вугальнага пылу выкарыстоўваюць пылавыбуховую ахову (з інертнага пылу, які ўзрываецца і перашкаджае пашырэнню выбуху). Горныя выпрацоўкі расчышчаюць ад парод і падземных плывуноў звычайнымі горнымі машынамі і механізмамі, спец. горнапраходчымі ўстаноўкамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАРДЖО́НЕ [Gioigione; сапр.Барбарэлі да Кастэльфранка (Barbarelli da Castelfranco) Джорджа; 1476 або 1477, г. Кастэльфранка-Венета, Італія — вер. або кастр. 1510],
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу, адзін з пачынальнікаў мастацтва Высокага Адраджэння. Вучыўся, верагодна, у Дж.Беліні, быў блізкі да венецыянскіх гуманістаў, вядомы таксама як спявак і музыкант. Побач з кампазіцыямі на рэліг. тэмы («Пакланенне пастухоў», каля 1504) пісаў карціны на свецкія, у асн. міфал., сюжэты, якія ў яго творчасці сталі пераважнымі. У творах «Юдзіф» (каля 1502), «Тры філосафы», «Навальніца» (абедзве 1506—07), «Спячая Венера» (1507—08) паэт. ўяўленні мастака пра багацце скрытых у свеце і чалавеку жыццёвых сіл раскрываюцца не ў дзеянні, а ў перадачы стану агульнай маўклівай адухоўленасці. Захоўваючы ўласцівыя мастацтву Ранняга Адраджэння яснасць аб’ёмаў і меладычную выразнасць контураў, ён з дапамогай празрыстага святлаценю дасягаў зрокавага зліцця чалавечых фігур з пейзажам. Выкананыя ім партрэты вызначылі інтымна-лірычную танальнасць (партрэт юнака, 1502, жаночы партрэт, т. зв. «Лаура», 1506). Творчая канцэпцыя Дж. зрабіла значны ўплыў на венецыянскі жывапіс і атрымала развіццё ў яго вучня Тыцыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫ́НКТ (ад лац. instinctus намер, натхненне),
сукупнасць складаных наследаваных актаў паводзін, характэрных для асобін дадзенага віду пры пэўных умовах. Навукова абгрунтаваны рус. фізіёлагам І.П.Паўлавым. Звычайна І. называюць складаныя безумоўныя рэфлексы (харч., ахоўны і інш.) у адрозненне ад простых (міганне, чханне). Уяўляе сабой комплекс паслядоўных рэакцый, у якіх канец аднаго звяна з’яўляецца пачаткам другога. Адрозніваюць палавыя, бацькоўскія, дзіцячыя і іншыя. Ёсць спецыфічныя, уласцівыя некат. відам жывёл (міграцыя пералётных птушак, будаўніцтва ў баброў), групавыя, якія складаюць аснову ўзаемаадносін членаў статка, зграі, рою, сям’і (будаўніцтва гнязда, сумесная абарона ад ворагаў, агульны клопат пра патомства). У чалавека І. пераважна падпарадкоўваюцца яго свядомай дзейнасці, але апіраюцца на біял. фундамент найгалоўнейшых І., на аснове якіх развіваюцца важныя функцыі арганізма (палавая цяга, мацярынскі І. і інш.). Сучасныя даследчыкі ўжываюць тэрмін «інстынктыўнае» як сінонім паняццяў: «генетычна фіксаваныя», «спадчынна замацаваныя», «прыроджаныя» паводзіны, дзеянніі г.д.
Літ.:
Павлов И.П. Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973;
Анохин П.К. Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,
каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр.італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс.чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц.араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян.сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс.чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян.ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен. мэтах выкарыстана авіяцыя.
Літ.:
Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянніўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,
ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс.рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв.рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс. воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,
сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк.канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),
1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).
2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.
3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).