КРА́АЛЬ (гал. kraal, скажонае партуг. curral загон для жывёлы),
кольцападобнае паселішча ў некат. народаў Паўд. і Усх. Афрыкі (банту, масаі і інш.), дзе ўнутр. плошча служыць загонам для жывёлы. Звонку К. часта абносяць агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА 1849.
Існавала з 9.2. да 3.7.1849 на тэр.Папскай вобласці ў час Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Кіраўнікі — Дж.Мадзіні і Дж.Гарыбальдзі. У рэспубліцы праводзіліся дэмакр. рэформы. Задушана замежнымі інтэрвентамі, гал. чынам французамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЕЧКА ЛЕ́СУ,
прамысловая або для быт. патрэб нарыхтоўка драўніны ў лясных насаджэннях; тэхн. сродак прыроднага аднаўлення лесу. Адрозніваюць прамысл. высечкі галоўнага карыстання (спелага дрэвастою з мэтай атрымання драўніны для патрэб нар. гаспадаркі) і высечкі догляду (перыядычныя высечкі часткі дрэў у мэтах вырошчвання гасп.-каштоўных насаджэнняў, павышэння водаахоўных, водарэгулявальных, полеахоўных, аздараўленчых і інш. карысных функцый лесу).
Высечкі лесу гал. карыстання бываюць суцэльныя, паступовыя і выбарачныя. Пры суцэльных усе дрэвы на лесасецы (за выключэннем жыццяздольнага маладняку і насеннікаў) высякаюць у адзін прыём, пры паступовых — у некалькі прыёмаў на працягу некалькіх гадоў, пры выбарачных — асобныя спелыя дрэвы або групы іх. Пры высечках догляду высякаюць хворыя, горшыя дрэвы і дрэвы непажаданых па розных прычынах парод; у залежнасці ад узросту насаджэнняў адрозніваюць: высечкі асвятлення і прачысткі (праводзяць праз 2—3 гады), прарэджвання (праз 5—10 гадоў) і прахадныя (праз 10—15 гадоў). Іх спыняюць за 5—10 гадоў да правядзення высечкі лесу гал. карыстання. На Беларусі высечкі догляду, уключаючы санітарныя, штогод ажыццяўляюць на пл. 320 тыс.га, высечкі гал. карыстання праводзяць на пл. каля 30 тыс.га. Няўзгодненыя з органамі лясной гаспадаркі высечкі лесу лічацца адным з відаў ляснога браканьерства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА (Акіра) (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.
Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх.ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-граннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),
украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і «Вій» В.Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.
Л.А.Сівалобчык.
Я.М.Лысік.Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.Пятрова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАНІ́Н,
правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс.км². Нас. 39,5 млн.чал. (1990). Адм. ц. — Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн.ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На УУсх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на З адгор’і гор Ляасі, у цэнтр.ч. — нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал. марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал.зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел.ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.
У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр.нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
«Траецкая кадрыля» ў выкананні Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока з элементамі рэнесансу. Пабудаваны ў 1637—41 у в. Вішнева (Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Перабудаваны ў 1771 у стылі ракако (да нефа прыбудаваны 2 прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы, зменены інтэр’ер) і ў 1906 (дабудаваны 2-вежавы гал. фасад). Мураваны 1-нефавы храм з больш нізкай паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным дахам з франтонам на гал. фасадзе. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Сцены нефа крапаваны арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, аздоблены паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф.Рушчыц), скляпенні — геам. ляпным арнаментам 17 ст. Захаваліся каваныя дзверы 17 ст., разныя алтары 18 ст.