СКАБІ́Н,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Скабін. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жаўтаваты, з бурымі плямамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру (буйней за 5 мм) 27,7%, ёсць уключэнні буйной галькі і дробных валуноў. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 45,9 млн. м³, перспектыўныя 1,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—29,4 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—10 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля в. Слабада. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жоўты, з лінзамі і гнёздамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі супеску і пяску, кандыцыйнага жвіру (буйнейшага за 5 мм) 24,3%, трапляюцца галька і валуны. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 31,9 млн. м³, перспектыўныя 122,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—33,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,1—8,2 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНБУ́РГСКАЯ ПАРО́ДА козаў,

пуховага кірунку. Выведзена ў Арэнбургскай вобласці працяглым адборам мясцовых козаў па пуховай прадукцыйнасці. Гадуюць у Арэнбургскай, Чэлябінскай абласцях, Башкортастане і Казахстане.

Жывёлы буйныя, рухомыя, моцнай канстытуцыі, з добра развітымі рагамі. Маса казлоў 55—65, матак 44—45 кг. Воўна складаецца з цёмна-шэрага тонкага пуху даўжынёй 5—6 см і грубай восці чорнага колеру даўжынёй 7—9 см, радзей пух і восць белыя. Начос пуху з дарослай жывёліны 180—400 г; выкарыстоўваюць на выраб пуховых хустак і шаляў. Выхад чыстай воўны 96%. Удой за лактацыю 90—120 кг, тлустасць малака 4,8—5%. Пладавітасць 130—140%.

У.​І.​Баброў.

Каза арэнбургскай пароды.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БААБА́Б (Adansonia digitata),

від кветкавых раслін сям. бамбаксавых, або баабабавых. Пашыраны ў афр. саваннах. Інтрадукаваны на Мадагаскар і ў засушлівыя трапічныя раёны Азіі. Жыве да 4—5,5 тыс. гадоў.

Дрэвы выш. да 25 м з тоўстым (дыям. да 4—10 м) ствалом і разгалістай кронай. Драўніна рыхлая, з вял. запасам вады, часта загнівае, таму ствол баабаба звычайна пусты. Лісце пальчата-складанае, у засушлівы перыяд ападае. Кветкі адзіночныя, 12—20 см у дыяметры, белыя, духмяныя. Плод — прадаўгаватая яйцападобная каробачка даўж. да 40 см. З кары баабаба атрымліваюць грубае валакно на выраб вяровак, рыбалоўных сетак, тканін для адзення; з мякаці пладоў гатуюць прахаладжальныя напіткі. Лісце і плады ядомыя.

Баабаб.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛБЫТТЭХПРАЕ́КТ», Дзяржаўнае праектна-канструктарскае вытворча-тэхналагічнае прадпрыемства «Белбыттэхпраект». Засн. ў 1967 у Мінску на базе часткі Бел. праектна-тэхнал. ін-та мясц. прам-сці як Бел. праектна-тэхнал. ін-т «Белбыттэхпраект»; у 1987 — маі 1995 галаўная арг-цыя навук.-вытв. аб’яднання «Белбытгэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі на рэканструкцыю дзейных і буд-ва новых прадпрыемстваў службы быту; распрацоўка новых і ўдасканаленне дзейных тэхнал. працэсаў, мерапрыемстваў па спецыялізацыі, комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці на прадпрыемствах службы быту, дакументацыі на выраб доследных узораў новых відаў вырабаў, укараненне на прадпрыемствах службы быту дасягненняў навукі і тэхнікі; вытв-сць прыбораў па рамонце складанай бытавой тэхнікі (халадзільнікі, пральныя машыны) і інш.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СБА́ДЭН (Wiesbaden),

горад на З ФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф. прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж. б-ка, гал. дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніц мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная, курдзючная, мяса-сальнага кірунку. Выведзена ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найбуйнейшая сярод мяса-сальных парод. Гадуюць у Таджыкістане і Узбекістане. Выкарыстоўваюць пры скрыжаванні з інш. курдзючнымі авечкамі.

Канстытуцыя моцная, з шырокімі і глыбокімі грудзямі, з высунутай уперад грудной косцю. Галава масіўная, гарбаносая, з падоўжанымі абвіслымі вушамі. На крыжавых касцях ляжыць вял. курдзюк, дзе адкладваецца тлушч. Бараны і авечкі бязрогія, скараспелыя. Масць пераважна цёмна-бурая, розных адценняў. Жывая маса бараноў 130—140 (зрэдку да 190) кг, матак 70—80 (зрэдку да 120) кг. Цэніцца мяса і асабліва сала курдзюка. Воўна грубая, выкарыстоўваецца на выраб кашмы і лямцу.

Баран гісарскай пароды.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РША (ад санскр. karscha адзінка вагі ў 9,33 г),

самая дробная манета Індыі, якой ішло 80 на 1 фанам, 3360 на 1 пагаду. У 16 ст. распаўсюдзілася па ўсёй Усх. Азіі. У сярэдзіне 19 ст. ў Кітаі ўсе тыпы мясц. бронз. манет з адтулінай называліся К. 1 рупія роўная 533 К., 1 долар — 1200 К. Пасля 1-й сусв. вайны ў Кітаі спыніўся выраб літых К. Ост-Індская кампанія выпускала для Індыі, Малаі, Барнео, Суматры і каланіяльных уладанняў у паўд.-ўсх. Азіі манеты ў 40, 20, 15, 10, 5, 2½ і 1 К. з гербам кампаніі на адным і шалямі — на другім баку.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯМЕ́Й (Niamey),

горад, сталіца Нігера. Адм. ц. дэпартамента Ніямей. 420 тыс. ж. (1994). Вузел аўтадарог. Порт на р. Нігер. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (бойня, з-ды мукамольны, мылаварны, піваварны, безалкагольных напіткаў і інш.), тэкст., буд. матэрыялаў. Вытв-сць вырабаў з пластмасы, мэблі, с.-г. інвентару. Рамёствы (выраб скур, упрыгожанняў з золата і серабра, ганчарных вырабаў і інш). Гандл. цэнтр с.-г. раёна (вываз жывёлы, скур, арахісу, бавоўны). Ун-т. Нац. музей. Паблізу ЦЭС.

У 19 ст. рыбацкае паселішча. З 1900 адм. ц. ваен. аўтаномнай тэр. Зіндэр (з 1910 ваен. тэр. Нігер). З 1926 адм. ц. франц. калоніі Нігер, з 1960 стал ша незалежнай Рэспублікі Нігер.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш. Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пружанская кераміка. А.​Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)