ПАЗАРАБО́ЧЫ ЧАС Уключае час, звязаны з працай (час прыбыцця на работу, абедзенны перапынак і г.д.), час вядзення хатняй гаспадаркі, карыстання паслугамі прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, працы ў асабістай дапаможнай гаспадарцы, асабіста свабодны час і інш. Структура П.ч. разглядаецца ў залежнасці ад розных сац.-прафес. груп гар. і сельскага насельніцтва, ад велічыні і складу сям’і і інш. Прадукцыйнае выкарыстанне П.ч. садзейнічае павышэнню прафес., агульнаадук. і культ. ўзроўню, духоўнаму і фіз. ўдасканаленню асобы. Дзяржава павінна садзейнічаць стварэнню неабходных умоў, якія б спрыялі гарманічнаму і духоўнаму развіццю асобы, раскрыццю магчымасцей і таленту людзей у інтарэсах грамадства і асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСКАЯ ЦЭЦ Пабудавана ў 1958 (першая чарга) у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як Васілевіцкая ДРЭС. Другая чарга пушчана ў 1965. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю цеплафікацыйных турбін у 1978 ДРЭС атрымала сучасную назву. У 1983—86 усе катлы ЦЭЦ пераведзены на выкарыстанне ў якасці паліва — газу і мазуту. Цяпер асн. паліва — спадарожны гаручы газ нафтавых радовішчаў з Беларускага газаперапрацоўчага завода і прыродны газ (з Расіі). ЦЭЦ мае 4 цеплафікацыйныя турбіны, 9 паравых катлоў і 1 воданагравальны кацёл. Магутнасць ЦЭЦ — 260 МВт/гадз электраэнергіі і 841 Гкал/гадз цеплаэнергіі. Забяспечвае цепла- і электраэнергетычныя патрэбы прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара г. Светлагорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБУ́ (палінезійск.),
1) пашыраная ў першабытным грамадстве сістэма забарон, парушэнне якіх нібыта караецца звышнатуральнымі сіламі. Звычай Т. ўпершыню апісаў у 1771 Дж.Кук у абарыгенаў а-воў Тонга (Палінезія); там табуіраваным было ўсё, што адносілася да багоў і духаў, што належала жрацам і правадырам. Т. рэгламентавалі найважнейшыя бакі жыцця чалавека, найперш захаванне шлюбных норм. выкарыстанне пэўных прадметаў, слоў і г. д. Узнікненне Т. відавочна звязана з патрэбамі чалавечага грамадства, якое складвалася. каб падпарадкаваць паводзіны індывідуума інтарэсам калектыву. Перажыткі Т. захоўваюцца і ў сучасных рэлігіях (напр., у хрысціянстве паняцце граху аналагічна Т.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТАЛАКА́»,
маладзёжнае гісторыка-культурнае аб’яднанне. Існавала ў 1985—91 у Мінску. Аб’ядноўвала каля 50 членаў, якія ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі помнікаў і археал. раскопках у Мінску, Мінскім, Маладзечанскім і інш. раёнах. адраджэнні бел.рэліг. абшчын (неаязычніцкай, уніяцкай, каталіцкай, праваслаўнай), выступалі за шырокае выкарыстаннебел. мовы ў паўсядзённым жыцці, стварэнне ў гарадах бел. школ, арганізоўвалі дыскусіі і асв. лекцыі па пытаннях нац. гісторыі і сімволікі, захавання арх. помнікаў; праводзілі краязн. экскурсіі, фалькл. святы, літ.маст. вечарыны і інш. Спыніла існаванне ў сувязі з пераходам большай часткі членаў у інш. грамадскія арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРАЕ́ННЕ,
1) комплекс розных відаў ваен.зброі і сродкаў, што забяспечваюць яе выкарыстанне; асн. састаўная частка ваен. тэхнікі. Паводле прыналежнасці да пэўнага віду ўзбр. сіл, роду войск адрозніваюць У. сухап., ракетных войск, войск ППА, ВПС, ВМФ і інш.; паводле відаў носьбітаў — авіяц., карабельнае, танкавае і інш. Асобныя віды У. падзяляюцца паводле прынцыпаў дзеяння, прызначэння, канстр. асаблівасцей, спосабаў дастаўкі да цэлі і інш. 2) Працэс аснашчэння войск зброяй, а таксама колькасны рост і якаснае развіццё ваен. тэхнікі.
3) Сукупнасць элементаў аснасткі ветразевага судна (ветразевае У.) або сродкі аховы воіна ў баі (засцерагальнае У.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫШ (Frisch) Рагнар Антон Кітыль (3.3.1895, Осла — 31.1.1973),
нарвежскі эканаміст. Чл. Нарвежскай АН, ганаровы чл.Нац.АН ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі і інш. Скончыў ун-т у Осла (1919). У 1926—65 выкладчык, з 1931 дырэктар Ін-та эканомікі ун-та ў Осла. У 1930 выкладаў у Іельскім ун-це, у 1933 у Сарбоне. Распрацаваў дынамічную мадэль эканам. цыкла, сістэму нац. рахункаў, мадэлі прыняцця рашэння для эканам. планавання, увёў тэрмін «эканаметрыка» (выкарыстанне матэматыкі ў эканам. тэорыі і даследаваннях).
Навук. працы па аналізу стат. канфлюэнцыі з дапамогай поўных рэгрэсіўных сістэм, тэорыі вытв-сці і інш. Нобелеўская прэмія 1969 (з Я.Тынбергенам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЁКЁЙ, Цёкёлі (Thököly) Імрэ (25.9.1657, г. Кежмарак, Славакія — 13.9.1705), кіраўнік вызв. антыгабсбургскай вайны 1678—85 у Венг. каралеўстве Граф. Айчым Ракацы Ферэнца II. У 1678 аб’яднаў і ўзначаліў атрады куруцаў, да 1681 вызваліў ад улады Габсбургаў 13 паўн.-ўсх. камітатаў (абласцей) Венг. каралеўства, у т. л.ўкр. і славацкія этн. землі, абвясціў сябе ў 1682 іх князем; адначасова прызнаў сябе васалам тур. султана, ад якога атрымаў тытул венг. караля. Збліжэнне Ц. з Турцыяй і выкарыстанне ім тур.ваен. дапамогі падарвала яго папулярнасць. У 1685 княства Ц. захоплена Габсбургамі, сам ён уцёк у Турцыю, дзе да 1690 быў зняволены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ БАРАЦЬБЫ́са шкоднікамі і пустазеллем,
метады стварэння біял. перашкоды для распаўсюджвання, памяншэння колькасці або знішчэння шкодных з пункту гледжання чалавека арганізмаў. Засн. на ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах, пры якіх выкарыстоўваюцца натуральныя ворагі або ўзбуджальнікі хвароб шкоднікаў ці пустазелля і найб. спрыяльныя ў экалагічным сэнсе. Тэрмін прапанаваў амер. заолаг Л.Хоўард (1916). Мікрабіял. метад у барацьбе са збожжавымі жукамі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў І.І.Мечнікаў (1879). Найб. пашыраныя біялагічныя метады барацьбы: інтрадукцыя драпежнікаў або паразітаў сярод папуляцыі шкоднікаў (рыба гамбузія выкарыстоўваецца супраць малярыйнага камара; эфектыўная барацьба з чырвонай крывяной тлёй вядзецца з дапамогай паразіта афелінуса, завезенага з ЗША, і інш.); выкарыстанне патагенных мікраарганізмаў (вірус міксаматозу супраць трусоў у Аўстраліі, вірусы гранулёзу супраць азімай і зерневай совак, энтабактэрын супраць вусеняў яблыневай і пладовай моляў, баярышніцы і інш.); спец. спосабы практычнага выкарыстання энтамафагаў і акарыфагаў (развядзенне трыхаграмы для барацьбы з шэрагам с.-г. і лясных шкоднікаў, драпежнага кляшча фітасеюлюса супраць павуцінных кляшчоў у цяпліцах і інш.); рэпрадукцыйныя метады (скормліванне ваўкам, каётам і лісам стэрылянтаў, якія выклікаюць бясплоднасць самак ці зніжаюць тэмпы размнажэння і інш.); выкарыстанне жывёл для барацьбы з пустазеллем (знішчэнне святаянніку прадзіраўленага з дапамогай лістаеда і златкі); экалагічная прафілактыка (падтрымка экалагічнай мазаікі, скарачэнне плошчаў монакультур і інш.).
На Беларусі біялагічныя метады барацьбы распрацоўваюцца ў Ін-це лесу АН і НДІ аховы раслін ААН. Распрацаваны біялагічныя метады барацьбы з хвоегрызучымі шкоднікамі лесу і с.-г. раслін у закрытым грунце. Ускосна распрацоўка біялагічных метадаў барацьбы стымулявала даследаванні, якія прывялі да стварэння т.зв.біялагічнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія), сельскагаспадарчая экалогія,
раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстаннес.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.