помнік украінскай архітэктуры 17—18 ст. у г. Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай вобл.Засн. ў 11 ст. (паводле інш. звестак у пач. 12 ст.). Манастыр абкружаны каменнымі сценамі з надбрамнай вежай-званіцай (1670—99). На тэр. ансамбля рэшткі храма 12 — пач. 13 ст., Петрапаўлаўская царква з трапезнай (15 ст.), будынак бурсы (1657—67), карпусы келляў, настаяцеля (усе 17 ст.), Ільінская царква (1785—95), Спаса-Праабражэнскі сабор у стылі класіцызму (1791—96, праект Дж.Кварэнгі).
Спаса-Праабражэнскі сабор Ноўгарад-Северскага Спаса-Праабражэнскага манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (18.3.1871, Масква — 1931),
расійскі архітэктар. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1909). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1892—98), выкладаў там жа (1912—17), ін-тах Жаночым політэхн. і грамадз. інжынераў. Працы ў неарускім стылі: мемар. храм пад Лейпцыгам (Германія; 1912—13), банк у Ніжнім Ноўгарадзе (1913), будынак пазыковай касы ў Маскве (1914, з Б.Нілусам), комплекс т.зв. Фёдараўскага гарадка ў Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін Ленінградскай вобл.) — сабор (1912), карпусы казарм і афіцэрскага сходу (1910—12). Адзін з удзельнікаў праектавання Волхаўскай ГЭС (адкрыта ў 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 18.8.1941 да 25.11.1942 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Складалася з груп (23 чал., кіраўнік П.І.Адамовіч). Са жн. 1942 дзейнічала пад кіраўніцтвам Барысаўскага падп. міжрайкома ЛКСМБ. Падпольшчыкі па радыё прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы, звесткі пра карныя экспедыцыі акупантаў. У 1942 арганізавалі ўцёкі зняволеных з канцлагера, замініравалі будынак жандармерыі, падпалілі ўправу, падарвалі лесапільню. Пасля дыверсій большасць членаў арг-цыі пайшла ў партызаны, 6 падпольшчыкаў фашысты загубілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства каля в. Покры Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1739, часткова перабудавана ў 19 ст. Узор драўлянай пабудовы цэнтрычнай кампазіцыі, у архітэктуры якой адзначаюцца рысы стылю барока. Крыжападобны ў плане будынак з 5-граннай апсідай накрыты 2-схільным дахам. Сяродкрыжжа завершана фігурнай вежачкай. Да апсіды прылягаюць 2 маленькія рызніцы. З захаду да царквы прыбудавана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая 8-гранным шатровым дахам. Сцены будынка вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вуглы апрацаваны разьбянымі накладкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЦІ ((Ponti) Джо) (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),
італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн.ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.Раселі і П.Л.Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1825—28 з цэглы і бутавага каменю. Прамавугольны ў плане будынак накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены складзены з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон гал. фасада цагляныя, атынкаваныя. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (18 ст.) — характэрныя ўзоры нар.манум.-дэкар. мастацтва. У падбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Рагачоў Гомельскай вобл. Па традыцыі наз. замкам Боны, сапраўдная назва невядомая. У 19 ст. выкарыстоўваўся як правіянцкі склеп. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак (21 × 14 м) быў накрыты вальмавым дахам. Вуглы ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, якія па вышыні даходзілі да сярэдзіны 2-га паверха. На верхні паверх вяла адкрытая галерэя з лесвіцай, вырашаная на гал. фасадзе цыркульнай аркадай. У аздабленні фасадаў былі выкарыстаны элементы рэнесансавай ордэрнай пластыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Аляксандр Пятровіч) (20.11.1902, г. Колпіна Ленінградскай вобл., Расія — 1.10.1987),
бел. архітэктар, вучоны, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956—64), чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1950—55). Праф. (1951). Засл. дз. маст. Беларусі (1940), засл. будаўнік Беларусі (1962). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.тэхн.ін-т (1929). У Мінску з 1929, працаваў у розных праектных арг-цыях. З 1947 выкладаў у БПІ. У 1941—49 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў бел. архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вул. Маскоўскай (1932), гасцініца «Свіслач» (1938); у аўтарскім калектыве — Палац піянераў і школьнікаў (1937), Ін-т фізкультуры (1939), будынакб.ЦККПБ (1947, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Т-р юнага гледача (1952), аэравакзал, будынакб. абкома КПБ (1956, цяпер Выканаўчага Сакратарыята СНД) і інш.; у Магілёве: гасцініца «Дняпро» (1940) і жылыя дамы на вул. Першамайскай (1938—41). Адзін з арганізатараў эксперыментальнага і аб’ёмна-блочнага буд-ва ў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1968 за праектаванне і забудову Скарыны праспекта ў Мінску. Навук. працы па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Основные черты в развитии зодчества Белоруссии. Мн., 1955;
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАЗІ́Н (франц. magazin ад араб. сховішча, склады),
1) прадпрыемства рознічнага гандлю, якое выступае як юрыд. асоба. Падзяляюцца на спецыялізаваныя з абмежаваным асартыментам тавараў (хлебныя, агароднінна-садавінныя, малочныя, мэблевыя, кніжныя, абутковыя, гатовага адзення, гасп. і неспецыялізаваныя з больш шырокім асартыментам тавараў. Існуюць мяшаныя прадуктова-прамысл. М. Пашыраны універсальныя М. са спецыялізаванымі секцыямі, М. самаабслугоўвання, салоны-М., М.-аўтаматы; у гандл. цэнтрах М. знаходзяцца ў адным комплексе з прадпрыемствамі грамадскага харчавання і гандлю.
2) Дылерская кампанія, якая займаецца купляй-продажам аблігацый.
3) Будынак, у якім захоўваліся грамадскія запасы прадуктаў (збожжа, крупы, мука, соль і інш.) на выпадак дапамогі людзям, якія апынуліся ў бядзе. Былі пашыраны ў Літве, Польшчы, Расіі, на Украіне. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст.Будынак прамавугольны ў плане, звычайна з 4—5 уваходамі ў асобныя склады. 3 падоўжнага боку будавалі галерэю на слупах або вял. вынас страхі (в. Старобін Слуцкага р-на Мінскай вобл., 1825). Праз тарцы збудавання рабілі скразны праезд і засекі для прадуктаў па абодва яго бакі (в. Касарычы Глускага р-на Магілёўскай вобл., пач. 19 ст.). Сцены М. ставілі на высокіх мураваных фундаментах ці штандарах (в.Вял. Чучавічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., 19 ст.). Паводле тыпавых праектаў дзярж. М. звычайна будавалі ў комплексе з некалькіх будынкаў, абкружалі іх равамі, агароджамі, будынкамі для аховы (г. Ваўкавыск, 1851).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл.Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.
Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.