птушка сям. ўюрковых, атр. вераб’інападобных. Пашырана ў лясной і лесастэпавай зонах Еўропы, у Паўн.-Зах.Афрыцы, Зах. Азіі. На Беларусі (нар. назва махнянка) — адна з самых шматлікіх птушак; жыве ў лясах, гаях, парках, скверах, садах.
Даўж. 10—17 см, маса 20—25 г. Апярэнне спіны ў самцоў шэра-бурае, грудзей, горла, шчок і верхняй ч. брушка — карычнева-чырвонае, крылаў і хваста — цёмна-бурае з зеленаватым адценнем і белымі палосамі, галавы і патыліцы — шаравата-блакітнае. Самка зеленавата-шэрая. Гняздо на дрэвах. Корміцца насякомымі і насеннем. Знішчае шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІЗБЕ́НЫ (Amphisbaenia),
падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).
Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РС, леапард (Panthera pardus),
драпежная млекакормячая жывёла сям. каціных. Пашыраны ў Афрыцы (няма толькі ў Сахары), у Малой, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жыве ў глухіх трапічных, субтрапічных і мяшаных лясах, на горных схілах і раўнінах, у саваннах, зарасніках па берагах рэк.
Даўж. цела да 180 см, хваста да 110 см, маса звычайна 32—40, зрэдку да 100 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела выцягнутае, ногі кароткія. Поўсць густая, пушыстая. Афарбоўка жоўтая або рыжая з чорнымі плямамі. Нараджае 1—3 дзіцянят. Корміцца пераважна капытнымі, а таксама птушкамі і грызунамі. Ахоўваецца. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх.Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКВЕ́ТНІК (Leucojum),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн.Афрыцы.
Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.
Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),
род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах.Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.
Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),
род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).
Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.
Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
размешчаны ў Зах.Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс.км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн.т і 1380 млрд.м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЕМ-БО́РНУ,
дзяржава ў Цэнтр.Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст.тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),
род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд.Афрыцы. Стараж.культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.
К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.