сукупнасць абарончых (25.7—31.12.1942) і наступальных (1.1—9.10.1943) аперацый сав. войскаў з мэтай абароны Каўказа і разгрому ням.-фаш. войскаў у Вялікую Айчынную вайну.
Удзельнічалі франты: Паўд. (каманд. да 28.7.1942 і 2.2—2.3.1943 ген.-лейт. Р.Я.Маліноўскі; 1.1—2.2.1943 ген.-палк. А.І.Яроменка), Паўн.-Каўказскі (да 3.9.1942 Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы; 24.1—13.5.1943 ген.-лейт І.І.Масленікаў; з 13.5.1943 ген.-палк. І.Я.Пятроў) і Закаўказскі (з 15.5.1942 ген. арміі І.У.Цюленеў) франтоў, Чарнаморскі флот (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі), Азоўская (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) і Каспійская (контр-адм. Ф.С.Сядзельнікаў) ваен. флатыліі.
Ням.-фаш. камандаванне планавала авалодаць Каўказам у ходзе летняй кампаніі 1942. Для выканання гэтай задачы прызначалася група армій «А» (ген.-фельдмаршал В.Ліст), якая перасягала сав. войскі Паўд. фронту ў 1,5 раза па асабовым складзе, па танках у 9,4 раза, па артылерыі ў 2 разы і па самалётах у 7,7 раза. Падтрымлівалі яе ВМС Германіі і Румыніі. У адпаведнасці з планам «Эдэльвейс» праціўнік наступаў паміж Донам і перадгор’ямі В.Каўказа. Сав. войскі вялі абарончыя баі і адыходзілі. У канцы снежня гітлераўцы, страціўшы больш як 100 тыс.чал., перайшлі да абароны. Сав. войскі Паўд. фронту, якія працягвалі контрнаступленне пад Сталінградам, нанеслі ўдар па гал. сілах праціўніка на Растоўскім і Ціхарэцкім напрамках. Пад пагрозай акружэння ням. камандаванне вымушана было свае войскі на Паўн. Каўказе адвесці за Растоў і на Таманскі п-аў. У выніку Новарасійска-Таманскай аперацыі 1943 лінія абароны праціўніка была прарвана і 9.10.1943 Таманскі п-аў вызвалены. Чырв. Армія прайшла з баямі каля 800 км, вызваліла каля 200 тыс.км² тэрыторыі. Страты праціўніка толькі за час наступлення сав. войскаў склалі 281 тыс.чал., 1358 танкаў, 2 тыс. самалётаў, больш як 7 тыс. гарматаў і мінамётаў, 22 тыс. аўтамашын і інш.ваен. тэхнікі і маёмасці. Сав. войскі страцілі ў бітве забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 950 тыс.чал. (з іх забітымі 344 390 чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц.армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,
антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасці сацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам. дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв.к-т» на чале з С.Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.М.Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.Д.Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс.чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс.чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс.чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд.ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр.ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр.ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж.ген.-палк. Я.Ц.Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.С.Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж.ген.-лейт. Ф.Я.Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.А.Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер.ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл.Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст.сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж.герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж.сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач.студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс.нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн.стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв.кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн.чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял.Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм.армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн.чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».
Літ.:
Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;
Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;
Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;
Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас.армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч.армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл.Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх.ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э.перс.армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч.узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
Да арт.Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland),
Ольстэр, адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 1663,3 тыс.чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. порт — г.Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-раліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і з сінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл.Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс.чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.
Літ.:
Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,
наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял.Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.
Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд.ген. арміі К.К.Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.Ф.Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.С.Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер.ген. арміі Ф.І.Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.Д.Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.
Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).
У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл.Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял.Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн.чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.