ПЯСО́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
найпрасцейшая прылада для вымярэння часу. 2 лейкападобныя пасудзіны (ці цэлая сістэма) злучаны вузкай гарлавінай; адна часткова запоўнена пяском. Прамежак часу, за які пясок праз гарлавіну перасыпаецца з адной пасудзіны ў другую, можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх секунд. Гл. таксама Гадзіннік.
т. 13, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЕ ШАСІ́,
спецыяльнай канструкцыі трактар для с.-г. работ у агрэгаце з навясным абсталяваннем. Мае адкрытую адна- ці двухбрусаваю раму, дзе размяшчаецца навясное абсталяванне або транспартная платформа; рухавік і сілавая перадача размешчаны спераду ці ззаду (найб. пашырана). Кіраванне навясным абсталяваннем з дапамогай гідраўлічнай сістэмы.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,
фізічная велічыня, роўная здабытку светлавога патоку на працягласць асвятлення; адна з асн. светлавых велічынь. Вызначаецца як частка энергіі эл.-магн. выпрамянення, якая ўспрымаецца чалавечым вокам ці інш. прыёмнікам святла са спектральнай адчувальнасцю, роўнай адчувальнасці сярэдняга вока. Адзінка С.э. — люмен-секунда (гл. Люмен).
т. 14, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛА СВЯТЛА́,
фізічная велічыня, якая характарызуе свячэнне крыніцы бачнага выпрамянення ў зададзеным напрамку; адна з асн. светлавых велічынь. С.в. роўная адносінам светлавога патоку, які распаўсюджваецца ад кропкавай крыніцы ўнутры элементарнага прасторавага вугла ў зададзеным напрамку, да лікавага значэння гэтага вугла. Адзінка С.с. ў СІ — кандэла.
т. 14, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНТО́ІС (ад грэч. allantoeidēs каўбасападобны),
адна з зародкавых абалонак вышэйшых пазваночных жывёл. У рэптылій і птушак зрастаецца з харыёнам і выконвае функцыі органа эмбрыянальнага дыхання і збору прадуктаў абмену рэчываў зародка. У млекакормячых у мезенхіме алантоіса ўтвараюцца сасуды пупавіны, пазней з унутрызародкавай яго часткі фарміруецца мачавы пузыр.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКО́НСКАЯ (Марыя Мікалаеўна) (6.1.1806—22.8.1863),
жонка дзекабрыста С.Р.Валконскага, княгіня. Дачка ген. М.М.Раеўскага. Адна з першых сярод жонак дзекабрыстаў паехала за мужам у Сібір, дзе жыла да 1855. Аўтар «Запісак» з яскравым апісаннем турэмна-катаржнага рэжыму, характарыстыкай многіх дзекабрыстаў і інш. Гераіня паэмы М.А.Някрасава «Рускія жанчыны».
т. 3, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ СТА́НЦЫЯ,
комплекс збудаванняў для водных відаў спорту. Уключае: адкрыты басейн для плавання, скачкоў у ваду і гульні ў воднае пола; прычалы і элінгі (памяшканні для захоўвання і рамонту спарт. суднаў); дапаможныя памяшканні і інш. Адна з буйнейшых станцый у Беларусі на р. Сож у Гомелі.
т. 4, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РНШАЎ ТЭАРЭ́МА,
адна з асн. тэарэм электрастатыкі, паводле якой сістэма нерухомых засяроджаных (кропкавых) зарадаў, што знаходзяцца на канечных адлегласцях адзін ад аднаго, не можа быць устойлівай. Сфармулявана англ. вучоным С.Ірншаў (1839). З І.т. вынікае, што атам павінен быць дынамічнай сістэмай (не можа складацца з нерухомых зарадаў).
т. 7, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭ́ЛА (ад лац. candela свечка),
адзінка сілы святла; адна з 7 асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кд. К. — сіла святла ў зададзеным напрамку крыніцы, якая вылучае монахраматычнае выпрамяненне частатой 540∙1012 Гц, энергет. сіла якога ў гэтым напрамку складае 1/683 Вт/ср.
т. 7, с. 582
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБІ́Н,
адна з крышт. мадыфікацый вугляроду з ланцужковай будовай малекул. Паўправаднік n-тыпу (шырыня забароненай зоны 0,64 эВ). У прыродзе мінерал чааіт (белыя прожылкі і ўкрапіны ў графіце). Штучны атрымліваюць акісляльнай дэгідраполікандэнсацыяй ацэтылену, уздзеяннем лазернага выпрамянення на графіт, у нізкатэмпературнай плазме з вуглевадародаў ці чатыроххлорыстага вугляроду.
т. 8, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)