КЮРАСА́О (Curaęao),
востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км². Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на З і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.
т. 9, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,
могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.Р.Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.
т. 9, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.
Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.
Л.І.Дабравольская.
т. 11, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
т. 12, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ СА́НДВІЧАВЫ АСТРАВЫ́ (South Sandwich Islands),
група вулканічных астравоў на Пд Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 300 км². Выш. да 1372 м (г. Белінда на в-ве Монтаг’ю). Складзены ў асн. з маладых вулканічных парод: базальтаў, туфаў, попелу. Укрыты снегам і лёдам. Дзеючыя вулканы. Лежбішча цюленяў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй. Дж. Кука, памылкова былі прыняты за выступ вялізнай сушы і названы Зямлёй Сандвіча, у гонар першага лорда Адміралцейства.
т. 12, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед. н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
У.С.Ларыёнаў.
т. 12, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́Т,
антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабіту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш. элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДГАСТА́ЙН (Badgastein),
бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.
т. 2, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.Конрадам і Р.Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.Гэрыётам і Дж.Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
т. 3, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́НІЙ (лац. Actinium),
Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат. н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы 227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.
Атрымліваюць пры апрамяненні 226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10−6 Бк/л.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)